Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея будзе ў 2009 годзе прадаваць газ Беларусі па сярэдняй цане 148 даляраў за адну тысячу кубамэтраў. Пра гэта сёньня паведаміў віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Андрэй Кабякоў. “З улікам прагнозных парамэтраў цэнаў на нафту мы палічылі магчымым усталяваць са студзеня цану на газ для ўнутраных прамысловых спажыўцоў у памеры 175 даляраў за тысячу кубамэтраў”, — заявіў ён.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка называе кошт расейскага газу для Беларусі “палітычнай цаной”:

“Яна яшчэ раз паказвае, што расейскія палітыкі маніпулююць манапалістычнымі цэнамі для ўсіх сваіх партнэраў. Калі для Эўропы цана складае 450, для Ўкраіны — 360, то для Беларусі — 148-150”.

Загадчык аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Аляксандар Фадзееў адзначае:

“Канечне, такая цана найперш вызначаецца пагадненьнем ад 2006 году. Існуюць падатковыя льготы для Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, Беларусь — частка саюзнай дзяржавы. І натуральна, што яна атрымлівае таньнейшы газ за Ўкраіну. Пры такіх буйнамаштабных гандлёвых зьдзелках палітыка заўжды прысутнічае”.

Разам з тым спадар Фадзееў ня лічыць нізкую газавую цану для Беларусі платай за яе ляяльнасьць Крамлю:

“Беларусь ніяк не дэманструе палітычную ляяльнасьць Расеі. І ніяк не выяўляе свае саюзьніцкія абавязаньні. Хаця б у тым жа канфлікце на Каўказе.

Таму казаць пра тое, што Беларусь узамен гандлёвых прэфэрэнцыяў і льгот ідзе на саступкі ў палітычнай сфэры, я б ня стаў. Гэтага — няма“.

Пытаюся ў аналітыка, чаму ж тады расейскія ўлады не патрабуюць ад Менску рынкавай цаны газу?

“Тут гаворка ідзе пра іншае — яшчэ не пабудаваныя газаправоды ў абход Украіны і Беларусі, няма яшчэ нітак, якія б дублявалі нафтаправоды, якія ідуць па тэрыторыі Ўкраіны і Беларусі. Няма магчымасьцяў для транзыту гэтых найважнейшых тавараў Расеі іншым шляхам.

Калі гэта праблема вырашыцца, зусім па-іншаму будзе весьціся размова і з Украінай, і зь Беларусьсю. Будзьце ўпэўненыя!“

У першым квартале 2008 году газ для Беларусі каштаваў $119,53 за тысячу кубамэтраў, а далей — $127,9.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG