Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве пахавалі вядомага адваката Станіслава Маркелава, забітага ў панядзелак. Каля 300 чалавек прыйшлі разьвітацца зь ім на Астанкінскія могілкі.

На пахаваньні былі многія вядомыя праваабаронцы: Леў Панамароў, Аляксандар Чаркасаў, Глеб Якунін, Лідзія Графава. Былі і калегі-адвакаты. Адвакат Генры Рэзьнік казаў пра тое, што дзяржава ня ў стане абараніць сваіх грамадзянаў, што разьлічваць грамадзянам, у тым ліку адвакатам, няма на каго, толькі на саміх сябе. Леў Панамароў наракаў, што прэзыдэнт Расеі, зьяўляючыся юрыстам, ні слова не сказаў пра гэтую трагедыю, хаця мог і павінен быў сказаць.
Пахаваньне Станіслава Маркелава. Справа - Генры Рэзьнік

У пятніцу ж у жалобнай залі Цэнтральнага клінічнага шпіталя прайшло разьвітаньне з журналісткай “Новай газэты” Анастасіяй Бабуравай, якая загінула разам з адвакатам. “Дзіўна, што дагэтуль ні прэзыдэнт, ні прэм’ер не адрэагавалі на гэтае страшнае злачынства, калі ў сярэдзіне дня ў цэнтры Масквы забіваюць адваката і журналістку”, – казаў аглядальнік “Новай газэты” Вячаслаў Ізмайлаў.

Напярэдадні ў Маскве і іншых гарадах прайшлі акцыі памяці Маркелава і Бабуравай. Расейскія і міжнародныя праваабаронцы заклікалі ўлады рупліва расьследваць злачынства.

Ураджэнец Масквы Станіслаў Маркелаў быў шчыльна зьвязаны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, ад 1997 году аказваў прававую дапамогу ўдзельнікам антыўрадавых дэманстрацыяў і мітынгаў пратэсту ў Менску. У 2001 годзе ён быў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Летам 2006 году Станіслаў Маркелаў абараняў у маскоўскім судзе грамадзяніна Беларусі Юрася Іванюковіча, які 9 траўня намаляваў на будынку беларускай амбасады ў Маскве лёзунгі “Жыве Беларусь” і “БТ хлусіць”. Маркелаў здолеў тады ўпершыню дамагчыся, каб у судзе працаваў перакладчык зь беларускай мовы. У лістападзе 2007 году Маркелаў здолеў дамагчыся спыненьня справы супраць Юрася Іванюковіча ў Басманным судзе Масквы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG