Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У стасунках нашых краінаў станоўчыя пэрспэктывы”


Дэвід Суорц

Дэвід Суорц

Цягам тыдня грамадзкі рэдактар першы амбасадарЗША ў Беларусі Дэйвід Суорц выказаў сваё бачаньне пэрспэктыў разьвіцьця стасункаў ЗША і Беларусі. Сёньня ён прагназуе, як будуць складвацца амэрыканска-беларускія адносіны ў сфэры культуры і абменаў пры адміністрацыі Барака Абамы.


– У заўтрашніх адносінах зь Беларусьсю ЗША хочуць, як і ў мінулым – я ўпэўнены, свабоднага абмену ідэямі і культурай. Ні больш і ні менш.

Злучаныя Штаты пажадаюць бачыць у вас поўны адкрыты доступ да любой інфармацыі праз рынак матэрыялаў, апублікаваных на беларускай й іншых мовах. Размова пра газэты, часопісы, кнігі і да т.п.

Канечне, мы хочам, каб беларусы, як і ўсе свабодныя людзі ў сьвеце, мелі свабодны доступ да іншых крыніцаў інфармацыі. Асабліва радыёстанцый, тэлебачаньня, інтэрнэту.

Таго патрабуе сапраўды адкрытае грамадзтва.

Хоць ЗША не жадаюць экспартаваць свае каштоўнасьці, тым ня менш мы бачым культурныя абмены як крытычны спосаб, каб прапанаваць беларусам наўпроставую інфармацыю пра тое, кім мы зьяўляемся і якія яны, амэрыканскія арыенціры.

Зь іншага боку, мы мусім бачыць намнога больш беларускіх культурных груп у сябе дома. Па праўдзе кажучы, амэрыканцы павінны ведаць нашмат больш як пра Беларусь, так і пра беларусаў. Як мінімум тое, што беларусы – зусім ня нейкія там “белыя расейцы”…

І апошняе. Новы дзяржаўны сакратар спадара Абамы – а менавіта спадарыня Клінтан, паабяцала вылучыць нашмат больш рэсурсаў культурнай дыпляматыі, чым было зроблена ў мінулым.

Гэта па-першае. А па-другое, спадарыня Клінтан ужо наведвала Беларусь – і тут ужо відавочная, я б сказаў, перавага.

І ўсё разам узятае ў прынцыпе паказвае на вельмі станоўчыя пэрспэктывы – вельмі станоўчыя – у сфэры беларуска-амэрыканскіх культурных і абменных адносінаў.

У нядзелю прагучыць перадача на тэму, якую замовіў журналістам "Свабоды" грамадзкі рэдактар тыдня – першы амбасадар ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Дэйвід Суорц: “Як мяняецца стаўленьне беларусаў да Амэрыкі”.

***

Злучаныя Штаты прызналі незалежнасьць Беларусі 25 сьнежня 1991 году. Пасьля таго, як дзьве краіны ўсталявалі дыпляматычныя адносіны, у Менску 31 студзеня 1992 году была афіцыйна адкрыта амбасада ЗША. Першы амбасадар – Дэйвід Суорц (David H. Swartz) прыступіў да выкананьня абавязкаў 25 жніўня 1992 году і завяршыў тэрмін сваіх паўнамоцтваў роўна 15 гадоў таму, у студзені 1994-га. У зьвязку з чым мы і прапанавалі яму стаць чарговым грамадзкім рэдактарам тыдня. Зараз спадар Суорц на пэнсіі, працуе на грамадзкіх пачатках выканаўчым дырэктарам Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў пры Паўднёва-Заходнім каледжы ў Канзасе.

XS
SM
MD
LG