Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона на дапамогу


На Гомельшчыне дырэктарам школаў-інтэрнатаў забараняюць прымаць дабрачынную дапамогу ад прадпрымальнікаў і журналістаў недзяржаўных мэдыяў.

Дабрачынную дапамогу і падарункі выхаванцам Васілевіцкай школы-інтэрнату прапанавалі прадпрымальнікі Рэчыцы і сябры Гомельскай філіі Беларускай асацыяцыі журналістаў. Дырэктар школы Віктар Рудэнка параіў, каб яны прынесьлі для дзяцей мыла, зубную пасту, шампуні.

Гаворыць старшыня Гомельскай філіі БАЖ:

Спасылаўся на нейкія праверкі інтэрнату, цяжкасьці з бухгальтарскім афармленьнем дабрачыннай дапамогі, на карантын па грыпу. Адчувалася, што яму досыць няёмка было ўсё гэта казаць
“Уранку, калі мы выпраўляліся з прадпрымальнікамі адвезьці сабраную дапамогу ў Васілевічы, мне патэлефанаваў дырэктар Рудэнка і стаў адмаўляцца ад дапамогі. Спасылаўся на нейкія праверкі інтэрнату, цяжкасьці з бухгальтарскім афармленьнем дабрачыннай дапамогі, на карантын па грыпу. Адчувалася, што яму досыць няёмка было ўсё гэта казаць ”.

З прапановы супрацоўнікаў абласной ўправы адукацыі журналісты зьвязаліся яшчэ з трыма школамі-інтэрнатамі Рэчыцкага раёну. У Бабіцкай школе- інтэрнаце, дзе знаходзяцца і дзеці-сіроты, напачатку ўзрадаваліся прапанове дапамагчы. Але неўзабаве патэлефанавала завуч і заявіла, што ўстанова таксама ня можа прыняць дапамогу. У інтэрнаце нібыта наогул карантын з прычыны віруснага гепатыту.

Тым часам у Рэчыцы ў асяродку прадпрымальнікаў рынкаў “Славянскі” і “Цэнтральны” сталі распаўсюджваць чуткі, што сабраная дапамога нібыта наогул не для дзяцей, а нечых карысьлівых мэтаў. Абразы ў тым жа духу распаўсюджвалі ў сеціве й некаторыя сайты.

Самі прадпрымальнікі, якія бралі ўдзел у зборы грошай і рэчаў, зьдзіўляліся, чаму раптам інтэрнатам аказалася непатрэбная дапамога.

Гаворыць рэчыцкая прадпрымальніца з рынку “Славянскі”:

Але ж гэта дзеці — ну як адмаўляцца ад прызначанай ім дапамогі? Тым больш, ад прадпрымальнікаў
“Дабрачынную дапамогу ўсе арганізацыі прымалі без ніякіх праблемаў. Што тут здарылася — губляюся ў здагадках. Я наогул не ўяўляю, як можна адмаўляцца ад дапамогі. Ад чыстага сэрца мы ўсё зьбіралі, каб дзецям дапамагчы. Таму начальнікаў — я іх не разумею”.

Прадпрымальнік Пётар лічыць, што са школьнымі кіраўнікамі адмыслова пагутарылі, каб яны адмаўляліся ад дапамогі:

“Мне падаецца, што хтосьці на гэтую тэму зь імі пагутарыў. Але ж гэта дзеці — ну як адмаўляцца ад прызначанай ім дапамогі? Тым больш, ад прадпрымальнікаў. Калі да мяне падышлі, я нават не задаваў пытаньняў — даў, колькі мог. Дапамагчы дзецям — гэта сьвятая справа. А якім дзецям — нашым, расейскім, амэрыканскім — асабіста для мяне няма розьніцы”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG