Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс Зэльцэра вырашаецца ў Менску


Эмануіл Зэльцэр

Эмануіл Зэльцэр

22 студзеня ў Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі пачалася сустрэча прадстаўнікоў беларускіх уладаў з прадстаўнікамі Дзярждэпартамэнту ЗША. Тэма сустрэчы — лёс амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра, які адбывае трохгадовае пакараньне ў Магілёўскай калёніі.

Напярэдадні факт сустрэчы пацьвердзіў мэдыям памочнік Лукашэнкі ў пытаньнях замежнай палітыкі Валянцін Рыбакоў. Паводле спадара Рыбакова, падчас сустрэчы будуць абмеркаваныя “пытаньні юрыдычнага характару”. Хто дакладна ўдзельнічае ў перамовах зь беларускага боку, Валянцін Рыбакоў не паведаміў.

З амэрыканскага боку ў перамовах бяруць удзел адказны супрацоўнік юрыдычнага аддзелу Дзярждэпартамэнту ЗША Ўільям Фрыцтлен і супрацоўнікі амбасады ЗША ў Беларусі.

Добрая навіна ўжо тая, што няма дрэнных навін.
У амбасадзе ЗША ўстрымаліся ад камэнтароў адносна выніку першага дня перамоваў:

“Пакуль скажу толькі тое, што перамовы ідуць. Афіцыйна іх мэта гучыць гэтак: „высьвятленьне інфармацыі аб паслугах ЗША для амэрыканскіх грамадзянаў“. Гэта пацьвярджаецца і сёньня, але большай інфармацыі няма”, — сказаў супрацоўнік амбасады.

Паводле зьвестак брата Эмануіла Зэльцэра Марка, які жыве ў Нью-Ёрку, перамовы ў Менску нібыта пачаліся са спазьненьнем праз затрымку самалёта, на якім прыляцеў у Менск спадар Фрытцлен. Позна ўвечары 22-га студзеня Марк Зэльцэр таксама ня меў зьвестак пра тое, як ідуць перамовы адносна лёсу ягонага брата. “Мне паабяцалі адразу паведаміць, але пакуль навін няма. Добрая навіна ўжо тая, што няма дрэнных навін”, — сказаў “Свабодзе” Марк Зэльцэр.

Напярэдадні Марк Зэльцэр не выключаў, што ў выніку перамоваў у Менску ягоны брат будзе вызвалены і вернецца ў ЗША разам з прадстаўніком Дзярждэпартамэнту ЗША.

Эмануіл Зэльцэр знаходзіцца пад арыштам зь сярэдзіны сакавіка мінулага году. Амэрыканца асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў камэрцыйным шпіянажы супраць Беларусі. Амэрыканскія ўлады неаднаразова заклікалі вызваліць Эмануіла Зэльцэра з гуманных матываў.
XS
SM
MD
LG