Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літоўскі прыяцель Імантас даводзіць мне, чаму ў Вільні здарыліся нядаўнія закалоты, чаму ў 1991-м людзі выйшлі бараніць парлямэнт, а надоечы ледзьве не разбурылі гэты сымбаль незалежнасьці й дэмакратыі.


У Імантаса філязофскі погляд. У кожным грамадзтве ёсьць жменька людзей, якія нясуць ідэалы прыстойнасьці, іх называюць маральнай большасьцю, і жменька абароцістых прайдзісьветаў, што карыстаюцца любой сытуацыяй дзеля ўласнай карысьці, будзь гэта грошы, амбіцыі ці так дарагія іхнаму сэрцу інтрыгі. Дык вось, праблема ў тым, на чыім баку апынецца маўклівая маса народу. У 1991-м у Літве маса адвярнулася ад савецкіх танкаў і пайшла за ўласным парлямэнтам. Сёньня, калі чужых танкаў няма, зьявіліся абароцістыя прайдзісьветы, але -- цалкам свае. І цяпер узьнікла якасна новае супрацьстаяньне – новы досьвед, якога сучасная Літва яшчэ не набыла.

-- А што ж маральная большасьць? – спытаўся я.

“Крызыс”, -- адказаў Імантас адным словам.

Вядома, што сёньняшні глябальны крызыс – ніякі не фінансавы, бо на грашах нічога не трымаецца. Трымаецца на ідэях, на чалавечых дачыненьнях, на пераемнасьці пакаленьняў – на ўсім тым, што й нясе ў сабе маральная большасьць. Гэта яе крызыс.

Крызыс маральнае большасьці

Калі гэтую схему накласьці на Беларусь, атрымаецца, што наша маральная большасьць кліча людзей бараніць парлямэнт ад чужых танкаў і адначасова -- біць у парлямэнце шыбы. Доўгі пэрыяд рэсаветызацыі зблытаў арыенціры. Лявон Баршчэўскі на сайце Хартыі’97 даказвае, што нельга бараніць рэжым і прыпамінае рэжыму ўсе яго “подзьвігі”. Апанэнты кажуць, што па-першае, ніякае абароны рэжыму не патрабуецца, а па-другое, уласнаму сядзеньню ў глухой абароне канца не відаць. За 15 гадоў рэжым прыбраў да рук амаль усе лёзунгі апазыцыі, а апазыцыя шматкроць патрапляла ў абставіны, якія вымагалі ад яе цынічнага дзеяньня, і цяпер ня так проста разабрацца, хто ў нас насамрэч маральная большасьць, а хто – абароцістыя прайдзісьветы. Скажам, прафэсар Мальдзіс у Беларусі – бясспрэчны лідэр маральнае большасьці, які друкуецца ў прэзыдэнцкай газэце. А журналіст Зімоўскі – адзін зь лідэраў адваротных сіл – знаходзіць прыстанак на сайце “Нашае Нівы”. Маладафронтаўцы заяўляюць пра супрацоўніцтва з бээрэсэмаўцамі, а раённыя вэртыкальшчыкі спаборнічаюць у адраджэньні сярэднявечных гербаў сваіх гарадоў...

Можа быць, пэрыяд глухога супрацьстаяньня скончыўся і ўся гэтая дыфузія дае шанец на аб’яднаньне беларускае нацыі вакол новых ідэй, зьяўленьне якіх, абяцаюць, будзе асноўным вынікам цяперашняга глябальнага крызысу? І прынясе гэтыя ідэі па-новаму сфармаваная маральная большасьць?

Зрэшты, гэта самы аптымістычны прагноз. Хапае й іншых – пра новую вайну, пра развал адных звышдзяржаваў і ўзвышэньне іншых, ну і традыцыйна – пра страту беларускае незалежнасьці. У кожным разе, прыватнаму чалавеку ў гэтых глябальных гульнях застаецца адно – распарадзіцца сваім уласным жыцьцём, а калі пашчасьціць, далучыцца да жменькі людзей, якія нясуць ідэалы прыстойнасьці й якіх называюць маральнай большасьцю.

Як гэта зрабіць?

У гэтага кароткага слова – доўгая гісторыя. Мы прамаўляем яго дзясяткі разоў на дзень, на думаючы пра адбітыя ў ім асаблівасьці генэтычнага й духоўнага беларускага досьведу.

А між тым, варта разгарнуць любы слоўнік прыказак, каб пабачыць, што “як” – гэта прычынна-выніковая зьвязка, што злучае нашыя думкі з нашымі ўчынкамі, агульную этыку з канкрэтнымі жыцьцёвымі абставінамі, маральнасьць неба з побытам зямлі.

Нешта робіш “як ачмурэлы”, а нешта – “як арэх раскусіць”. Вядома, што “якая справа, такая й слава”. І, само сабой, “як гукнеш, так і адгукнецца”. А ўсе разам гэтыя прыказкі аб’яднаныя адным агульным -- “як той казаў”. І нікому ня трэба тлумачыць, хто ён, гэты той. Народ.

... А пасьля было нацыянальнае адраджэньне, нашаніўская пара, пачатак 20-га стагодзьдзя, што пазначаны вялікай колькасьцю артыкулаў ды брашурак з характэрнымі назвамі: “Як выбіраць дэпутатаў ў Гасдуму”, “Як мужыку палепшыць сваё жыцьцё?”, “Як гадаваць трусоў?”, “Як бараніцца ад халеры?”, “Як багацеюць чэшскія сяляне?” Нацыя ў масе сваёй паўставала не на закліках любіць Беларусь, а праз практычную навуку жыцьця.

Сёньняшнія парады зь беларускага інтэрнэту гучаць у падобнай танальнасьці: “Як лёгка й проста пісаць лацінкай”, “Як жывуць беларусы ў Казахстане”, “Як навесіць дзьверы і ўрэзаць замок”...

Калі б мы жылі 300 гадоў

Пішучы пра розныя праявы жыцьця сучаснага чалавека, я пачаў заўважаць, што многае ў гэтым жыцьці – добрае ці благое, плённае ці правальнае – унівэрсальнае.

Ці не ўзьнікала ў вас такога пачуцьця, што нейкага чалавека вы ўжо бачылі? Напэўна ж, узьнікала. Прычым, з узростам такое мярэсьціцца ўсё часьцей. Верагодна, рэч у тым, што людзі, як правіла, належаць да пэўных тыпаў, колькасьць гэтых тыпаў не бясконцая, і гэта не знаёмага вы сустрэлі, а тып. Можа быць, жыві мы трыста гадоў, тады ўвогуле пачалі б бачыць спрэс толькі “знаёмых”.

Але тое самае адбываецца і з уяўленьнямі ды паводзінамі людзей. Чым болей іх мы ведаем, тым менш сярод іх унікальных, бо яны таксама тыпізуюцца. І цяпер чалавеку, які пражыў доўгае жыцьцё, не складана прадбачыць, як той ці іншы тып будзе паводзіцца ў тых ці іншых абставінах.

Як будавалася “Як?”

Складаючы гэтую сэрыю эсэ, за словам “як” я ставіў дзеяслоў, што адлюстроўваў паводзіны чалавека ці ягоную пазыцыю. Абстрактнае абавязкова павінна адлюстроўвацца ў канкрэтным, як нябеснае – у зямным. У выніку склаўся пэўны альфабэт мадэляў сучаснае этыкі.

Як адбыцца, бараніцца, верыць, дараваць, жыць, застацца, казаць, любіць, мераць, прыстасоўвацца, рабіць, спрачацца, укараніцца, фундаваць, яднацца... Усе гэтыя нібыта абстрактныя паняткі зусім рэальна праяўляюцца ў нашым жыцьці, уплываюць на яго й фармуюць нашу будучыню.

Праўда, абсалютызаваць альфабэт ня варта, бо некаторыя літары проста ня маюць такіх словаў. Што, да прыкладу, можна “як” на дыфтонг “дж”? Джаліць, джгаць, джыгітаваць? Альбо на “о” можна толькі окаць. На “ю” – юнець або юродзтваваць. Словам, няма патрэбы сіламоц запаўняць альфабэт пры тым, што многія паняткі застаюцца ў межах гэтай сэрыі неапісанымі.

Беларускае “як” і расейскае “как”

Часта нашы этычныя стэрэатыпы, сфармаваныя яшчэ савецкім альбо вясковым выхаваньнем, уваходзілі ў нязгоду. Напрыклад, прыстасоўвацца -- кепска, але й вылучацца з натоўпу – таксама. Мець маёмасьць – кепска, але й жыць пустадомкам – таксама... Сёньня такія парадоксы беларускай сьвядомасьці робяцца атавізмам. Бо новы час сьцьвярджае: ды зусім някепска быць багатым. Езьдзіць на таксі й харчавацца ў рэстаране – зусім не прыкмета раскошы. Беднасьць – ня доблесьць.

“Як”, між іншым, адрозьнівае беларускі клопат ад расейскага, дзе такога кшталту пытаньне ставіцца па-іншаму: ня як рабіць, а -- што рабіць? Гэта сьведчыць пра большую ўвагу з боку расейскага чалавека да выбару самога ўчынку, а не да яго характару. Верагодна, тут -- наступства і гістарычнага шляху, калі беларусам найчасьцей выпадала выбіраць менавіта “як”, а ня “што”, і спэцыфікі культуры, якая не магла мяняць абставіны й толькі падладжвалася да іх.

Расейская душа пачуваецца глябальна ў глябальным сусьвеце й таму ня надта прыжываецца на беларускай глебе. Дакладна гэтую неадпаведнасьць апісаў Максім Гарэцкі ў дзіцячым апавяданьні “Бірка”.

“Бірка”

Гісторыя тая адбывалася яшчэ за царом, калі настаўнік Асмолаўскай школкі, надта “прадзьвінуты” чалавек, вырашыў адвучыць вясковых дзяцей ад “брыдкіх” беларускіх словаў. Як толькі нехта скажа такое слова, яму зараз жа ўручаецца бірка, пасьля ўжо ён сам пільнуе, хто з таварышаў скажа “брыдкае” слова й перадае бірку яму. І такім чынам хто да абеду застаецца зь біркай, той застаецца без абеду.

“Той, хто вучыўся ў Асмолаўскай школе граматы за гэтым настаўнікам, або “гаспадзінам вучыцелем”, пэўна, да самай сьмерці будзе ведаць, што за штучка была бірка, яго выдумка... Колькі з-за яе пралілося горкіх дзяціных сьлёз, колькі выдзерта віхроў, пабіта рук лінейкамі, намуляна бедных кален гарохам і колькі сварак адбылося між самымі лепшымі таварышамі”.

На драўлянай бірцы, якую прыдумаў настаўнік-русіфікатар, было напісана 12 беларускіх словаў, якія найбольш рэзалі ягоны датклівы слых: як, дык, хай, ёсьць, няма, нічога, ён, казаў, але, дабрыдзень, добра, дрэнна. Асабліва каралася ўжываньне трох першых словаў – як, дык, хай – што былі проста забароненыя.

Скончылася апавяданьне тым, што школьнік Міхалка зламаў на вачах у настаўніка ненавісную бірку і быў адлічаны з вучняў. Затое мог без праблем гаварыць сваё “як”, не ламаючы ані мазгоў, ані языка.

* * *

Зразумела, у гэтай сэрыі эсэ я кажу пра свой уласны досьвед. Адно, што, выбіраючы пазытыўныя ўяўленьні, імкнуся ўбачыць іх унівэрсальнымі. Мне вядомыя выпадкі, калі мае сучасьнікі наўмысна выбіралі шлях здрады, крыўды альбо няўдзячнасьці. Дзеля самаапраўданьня яны таксама хацелі б, каб іх паводзіны ўспрымаліся нармальна – як праўда. І я бачыў, што такія людзі хутчэй знаходзяць разуменьне ў іншых, чым тыя, хто старамодна заклікае ня здраджваць і ня крыўдзіць. А як ты хацеў, каб было ў наш прагматычны час? Калі ты на кагосьці не наступіў, дык заўтра наступяць на цябе... Гэткая “філязофія” мае нямала прыхільнікаў. І менавіта зь як фармуецца тая жменька абароцістых прайдзісьветаў, пра якую я казаў напачатку. Але паспрабую сьцьвердзіць нешта іншае: можна жыць з карысьцю для сябе й сваіх ідэалаў, пры тым бяз шкоды для іншых. Калі ў вас, шаноўныя, ёсьць свае рэцэпты й свае прыклады – як гэта зрабіць – запрашаю да ўдзелу.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG