Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ Янэз Ленарчыч правёў сёньня перамовы ў Менску з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Макеем, старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай і іншымі афіцыйнымі асобамі.

Паводле прэс-службы Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ, Янэз Ленарчыч абмяркоўвае ў Менску рэформу беларускай выбарчай сыстэмы. Ад уладаў Беларусі чакаюць далейшых крокаў па рэкамэндацыях, якія выкладзеныя ў выніковай справаздачы БДІПЧ аб назіраньні за парлямэнцкімі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў.

Свой візыт дэлегацыя Бюро пачала зь перамоваў з кіраўніком Адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Макеем.

На гэты момант сталі вядомыя вынікі сустрэчы дэлегацыі БДІПЧ з кіраўніцтвам Цэнтральнай выбарчай камісіі. Нагадаем, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, якую вінавацяць у парушэньні дэмакратычных стандартаў правядзеньня выбараў, застаецца неўязной у краіны Эўразьвязу. У перамовах зь беларускага боку ўдзельнічалі таксама сталы прадстаўнік Беларусі пры АБСЭ Аляксандар Сычоў і чыноўнік беларускага Міністэрства замежных справаў Алег Анісімаў.

З боку Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека, акрамя Янэза Ленарчыча, — кіраўнік менскага офісу АБСЭ Ганс-Ёгэн Шміт і кіраўнік місіяў назіральнікаў БДІПЧ на апошніх прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбарах Герт Арэнс.

Мікалай Лазавік
Удзельнік перамоваў, сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік заявіў, што гэтая сустрэча ёсьць пачаткам больш актыўнага дыялёгу паміж ЦВК і Бюро:

“Падчас гутаркі бакі выказалі гатовасьць да дыялёгу ў пытаньнях удасканаленьня практыкі падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў. А таксама, пры неабходнасьці, і ўдасканаленьня выбарчага заканадаўства. Спадар Ленарчыч заявіў, што галоўная мэта БДІПЧ АБСЭ — даваць дапамогу ва ўдасканаленьні выбарчай сыстэмы, выбарчага заканадаўства. Таму на падставе назіраньня за выбарамі місія БДІПЧ АБСЭ выказвае нейкія прапановы. Што рабіць з гэтымі прапановамі, вядома, вырашае краіна, якая праводзіць выбары. Але ён заявіў, што цэніць гатовасьць да дыялёгу з боку Беларусі. Ён выказаў разуменьне, што ня ўсе прапановы БДІПЧ АБСЭ будуць поўнасьцю прынятыя беларускім бокам”.

Паводле спадара Лазавіка, Герт Арэнс адзначыў, што выказана вельмі многа рэкамэндацыяў беларускаму боку, але варта вылучыць зь іх найбольш важныя і актуальныя, каб сканцэнтраваць на іх увагу.

Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў стане асноўным рабочым органам, які будзе канцэнтраваць усе прапановы. На пытаньне, ці будзе рэфармаваная выбарчая сыстэма да новай выбарчай кампаніі, Мікалай Лазавік сказаў:

“Усё будзе залежаць ад таго, наколькі эфэктыўна будзе ісьці гэты дыялёг. Ад яго эфэктыўнасьці будзе і вынік сумеснай працы”.

Сяргей Калякін
Асноўныя сустрэчы зь лідэрамі партый і няўрадавых арганізацыяў адбудуцца заўтра. Старшыня Партыі камуністаў беларускай Сяргей Калякін заявіў:

“Я думаю, мы знойдзем паразуменьне. Наагул, супадаюць падыходы БДІПЧ і прапановы апазыцыі пра тое, што трэба мяняць у выбарчым заканадаўстве. Гэта будзе папярэдняя размова. Вядома, што заплянаваныя сэмінары па выбарчым заканадаўстве, якія будзе праводзіць БДІПЧ разам з уладамі. Мы будзем прапаноўваць, каб мы таксама бралі ўдзел у гэтых сэмінарах для выпрацоўкі зьменаў у заканадаўстве. Вельмі важна мяняць саму практыку”.

Пра гатовасьць пачаць “прадметны дыялёг” зь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ ў беларускім Міністэрстве замежных спраў заявілі яшчэ летась у сьнежні й накіравалі афіцыйнае запрашэньне кіраўніцтву Бюро наведаць Менск.

Нагадаем, міжнародныя назіральнікі БДІПЧ прызналі, што выбары ў Беларусі, якія адбыліся ў верасьні мінулага году, нягледзячы на нязначныя паляпшэньні, не адпавядалі стандартам АБСЭ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG