Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціна Шчадрына


Жалобная вестка прыйшла з Масквы — там ня стала перакладчыцы беларускай літаратуры Валянціны Шчадрыной. Зь яе лёгкай рукі расейскія чытачы пазнаёміліся з творамі Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Анатоля Кудраўца, Уладзімера Арлова і многіх іншых беларускіх празаікаў.

Яна нарадзілася на Гомельшчыне 28 траўня 1927 году. Пасьля заканчэньня Белдзяржунівэрсытэту нейкі час працавала ў Беларусі, а потым лёс закінуў яе ў Маскву. Там Валянціна Шчадрына занялася перакладамі твораў беларускіх пісьменьнікаў на расейскую мову, стала кансультантам Саюзу пісьменьнікаў СССР па беларускай літаратуры. Узгадвае паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін.

“Для беларускіх літаратараў Валянціна Міканораўна была ў маскоўскім літаратурным асяродку нашым шчырым прадстаўніком, нашым чалавекам, бо заўсёды, калі мы прыяжджалі ў Маскву ці то на пісьменьніцкія зьезды, ці то на пленумы, ці то на нейкія іншыя мерапрыемствы, першы, каго мы сустракалі на вакзале, — гэта была яна. Яна турбавалася, каб не было ў нас ніякіх бытавых праблем. І яна вельмі ўважліва сачыла за тым, што рабілася ў беларускай літаратуры, што друкавалася ў нашых часопісах, выходзіла асобнымі кніжкамі. І я памятаю добрыя словы пра яе Валодзі Караткевіча. Таксама ён гаварыў пра яе ня толькі як пра перакладчыцу, ён гаварыў пра яе як пра чалавека, што вось, маўляў, і ў Маскве бываюць жа такія слаўныя, такія добрыя, такія шчырыя людзі, як Валя. Страта яе — гэта перш за ўсё страта для нашай літаратуры і культуры”.

У ліку тых шматлікіх беларускіх літаратараў, чые творы пераклала на расейскую мову Валянціна Шчадрына, і пісьменьнік Уладзімер Арлоў.

“З Валянцінай Міканораўнай Шчадрыной я пазнаёміўся, калі ў маскоўскім выдавецтве “Молодая гвардия” выходзіла мая кніга “Пока не погасла свеча”. Яна складалася з двух разьдзелаў — умоўна кажучы, з гістарычнага і сучаснага. У адрозьненьне ад сучаснага разьдзелу, які перакладаў проста халтуршчык, што схаваўся за прозьвішчам Пяцібратаў, зь перакладчыцай гістарычнага разьдзелу мне пашанцавала. Валянціна Міканораўна бліскуча справілася са сваёй задачай. І ў тыя дні я, калі быў у Маскве, трапіў у яе гасьцінную кватэру на Малой Грузінскай. Галоўнае ўражаньне, якое засталося ад той сустрэчы, — уражаньне пра тое, што яна, пражыўшы большую частку свайго жыцьця ў Маскве, засталася носьбіткай беларускага нацыянальнага характару”.

Захапленьне выкананымі Валянцінай Шчадрыной перакладамі твораў Уладзімера Караткевіча прывяло паэта Леаніда Дранько-Майсюка ў яе сям’ю, зь якой ён парадніўся, закахаўшыся ў дачку Вольгу.

“Валянціна Міканораўна пражывала сваё жыцьцё не зь беларускай літаратурай, а — у беларускай літаратуры. Яна любіла беларускае слова і ўсё рабіла для прапаганды ня толькі тых кніг нашых празаікаў, якія яна перакладала на расейскую мову. Яна ўсё рабіла, каб тое новае, што зьяўлялася ў перакладах іншых маскоўскіх перакладчыкаў, даходзіла ў маскоўскія і ня толькі бібліятэкі, школы, і на кожным сьвяце літаратурным дбала, каб ніводнае літаратурнае наша імя не засталося ў ценю”.

Дзе будзе пахаваны прах Валянціны Шчадрыной, яшчэ ня вырашана. У яе засталіся дзьве дачкі, трое ўнукаў і дзьве праўнучкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG