Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Бэніта Фэрэра-Вальднэр, камісар Эўразьвязу ў пытаньнях вонкавых дачыненьняў і эўрапейскай палітыкі суседзтва, дала інтэрвію нашаму радыё, у якім апавяла пра праграму Ўсходняга партнэрства.


Нагадаем, што Ўсходняе партнэрства прапаноўваецца Эўразьвязам шасьці постсавецкім краінам: Азэрбайджану, Армэніі, Грузіі, Малдове, Украіне і, з пэўнымі засьцярогамі, Беларусі.

Спадарыня Фэрэра-Вальднэр патлумачыла розьніцу паміж Эўрапейскай палітыкай добрасуседзтва, якая была прапанаваная Эўразьвязам у 2003 годзе, і Ўсходнім партнэрствам, якое зьявілася летась. Паводле яе, Усходняе партнэрства — гэта „павышаная” форма супрацоўніцтва з постсавецкімі краінамі ў параўнаньні з тым, што прапанавалася ў Эўрапейскай палітыцы добрасуседзтва:

"Усходняе партнэрства зьяўляецца нашай прапановай шасьці краінам з усходу. Беларусь яшчэ сюды не ўваходзіць, бо насамрэч існуе шмат засьцярогаў да яе дэмакратычнасьці. Для пяці астатніх краінаў прапанова ў прынцыпе дзейная, але толькі пасьля таго, як яны выканаюць тое, чаго мы ад іх хочам, гэта значыць, запэўняць свабоду сродкаў масавай інфармацыі, свабоду сходаў і шмат іншых рэчаў. Тады мы будзем гатовыя зрабіць наступны крок. А наступны крок — гэта магчымасьць для кожнай з гэтых краінаў падпісаць дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам".

Тыя краіны, якія падпішуць дамову аб асацыяцыі ды адначасова зьяўляюцца сябрамі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, дадала Фэрэра-Вальднэр, змогуць заключыць дамовы аб вольным гандлі з Эўраўзвязам. Як наступны крок, яна згадала магчымасьць паслабленьня візавага рэжыму і падпісаньне мэмарандумаў аб энэргетычнай бяспецы ды супрацоўніцтва ў гэтай сфэры.

Гаворачы аб грошах, прызначаных на ажыцьцяўленьне Ўсходняга партнэрства, эўракамісар адзначыла:

"Пакуль што я запрапанавала — а гэтую прапанову павінны яшчэ зацьвердзіць дзяржавы-сябры Эўразьвязу — каб у дадатак да таго, што мы ўжо выдаткоўваем, даць суму 350 мільёнаў эўра для шасьці краінаў ад 2010 да 2013 году на іншыя, дадатковыя праекты".

Фэрэра-Вальднэр падкрэсьліла, што посьпех праграмы Ўсходняга партнэрства залежыць ня толькі ад адносін паміж Эўразьвязам і згаданымі ўсходнімі краінамі, але і ад узаемнага супрацоўніцтва паміж зацікаўленымі постсавецкімі краінамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG