Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Званках на Свабоду” слухачы камэнтуюць вынікі сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі. Прэсавая служба Белтэлекаму тлумачыць, чаму цяжка было прагаласаваць за фіналістаў конкурсу “Эўрафэст”. Вы таксама пачуеце развагі слухачоў пра плян лібэралізацыі эканомікі, які ўхвалены адміністрацыяй прэзыдэнта.


Слухачы камэнтуюць вынікі сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Юшчанкі. Перамовы адбыліся 20 студзеня ў Чарнігаве. Лукашэнка станоўча ацаніў прапанову Юшчанкі наконт стварэньня транспартнага калідору Чорнае мора — Балтыка. Кіраўнік Беларусі заявіў, што гатовы працаваць з Украінай і з краінамі Балтыі ў гэтым напрамку.

Cпадар: “Прэзыдэнт Лукашэнка ня быў прыняты ў Кіеве, а быў прыняты толькі ў Чарнігаве. Не забытыя, відаць, плямы палітычных стасункаў Беларусі і Ўкраіны, арышт украінскіх хлопцаў і тых, хто заступіўся за іх. Лукашэнку трэба б было папрасіць прабачэньня і выплаціць кампэнсацыю”.

Станіслаў, Івацэвічы: “Наколькі нам вядома, наш манарх на сустрэчы ў Чарнігаве са спадаром Юшчанкам пагадзіўся на будаўніцтва Балта-Чарнаморскага калектара. Дзе ён быў 15 год, і цікава, пра што ён марыў на працягу кіраваньня краінай Беларусь? Дык вось я хачу яму параіць папрасіць прабачэньня ў свайго народу і тэрмінова сысьці ў адстаўку, а ня марыць пра чацьверты тэрмін”.

Анішкевіч, Маладэчна: “Дарэмны Лукашэнкаў візыт да Юшчанкі перакрэсьліў усе спадзяваньні на другую нітку газаправоду “Ямал — Эўропа”, ад транзыту па якой мы атрымлівалі б газ бясплатна. Вось дык насамрэч: “Не кажы гоп, пакуль не пераскокнеш”. Дый гэты візыт на тле ігнараваньня суботняга саміту Мядзьведзева ўскладніць Сідорскаму заключэньне дамовы на газ на 2009 і наступныя гады”.

Беларусь на міжнародным конкурсе эстрады “Эўрабачаньне-2009” будзе прадстаўляць Пятро Ялфімаў. Ён перамог у фінале конкурсу “Эўрафэст”. Найлепшага сьпевака абіралі слухачы, галасуючы праз тэлефон.

Ільля Копыл, Менск: “19 студзеня адбыўся фінал музычнага праекту “Эўрафэст”. Вырашыў аддаць свой голас сьпявачцы Дакоце. Тройчы пазваніў і тройчы пачуў у адказ: “Напрамак перагружаны”. Тое самае з Дамінікай і з Гюнэш. На экране бачу, што наперадзе Ялфімаў, і менавіта на яго напрамку павінна быць перагрузка. Пацікавіўся і ў адказ пачуў: “Ваш голас залічаны”. Няўжо і тут такое ж махлярства, як і на выбарах у так званую палату? Незразумела, якая можа быць перагрузка, калі для такога галасаваньня прымяняюцца шматканальныя тэлефоны, ідзе аўтаматычная рэгістрацыя сыгналаў і іх падсумаваньне. Ніякіх галасавых адказаў быць не павінна. Гэта фізычна немагчыма пры такой колькасьці званкоў”.

Людміла Міцкевіч: “Хачу пацьвердзіць, што Ільля Копыл мае рацыю. Галасаваньне на БТ было загадзя сплянаванае, ды так прымітыўна, што сорамна за іх. Былы інжынэр сувязі, зараз пэнсіянэрка Людміла Міцкевіч”.

Сёньня мы атрымалі пісьмовы адказ ад групы інфармацыі і камунікацыі Белтэлекаму (цытую): “Бальшыня жадаючых пакінуць свой голас датэлефанаваліся. На нашым сайце ў рэжыме рэальнага часу можна было сачыць за галасаваньнем: кожныя 5—10 сэкундаў дадзеныя абнаўляліся, а за 15 хвілін мы апрацавалі 27838 тэлефанаваньняў”.

Разам з гэтым Белтэлекам прызнае, што сапраўды ня ўсе змаглі прагаласаваць. “Першая прычына — гэта вельмі вялікая колькасьць выклікаў усяго на 5 нумароў за нейкія 15 хвілінаў. Другая прычына — спробы аддаць свой голас улюбёнаму выканаўцу яшчэ раз, што зьмяншае шанцы іншых прыхільнікаў”, — гаворыцца ў заяве Белтэлекаму.

Скончым праграму тэлефанаваньнем на тэму наступстваў фінансавага крызісу. У адміністрацыі прэзыдэнта ўхвалены плян лібэралізацыі эканомікі. Паводле намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура, будзе спрошчана сэртыфікацыя тавараў, скасаваныя некаторыя адміністрацыйныя бар’еры, плянуецца таксама скасаваць абмежаваньні на імпарт рыбы.

Cпадар: “Урэшце азнаёміўся з 52 пунктамі выхаду Беларусі з сусьветнага крызісу спадара Тура. Зь беларусаў хочуць зрабіць камікадзэ, а паясы давядзецца зацягнуць так, што талія стане асіная нават”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG