Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску дэлегацыя Бюро ў дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ на чале зь яго дырэктарам Янезам Ленарчычам пачынае перамовы з афіцыйным Менскам па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі.


Пра гатоўнасьць пачаць у гэтым пытаньні «прадметны дыялёг» з БДІПЧ, у беларускім міністэрстве замежных спраў заявілі яшчэ ў сьнежні мінулага году. І накіравалі афіцыйнае запрашэньне кіраўніцтву бюро наведаць Менск.

Паводле прадстаўніка Менскага офіса АБСЭ, візыт дэлегацыі завершыцца заўтра. Дырэктар БДІПЧ Янез Ленарчыч і кіраўнік місіі назіральнікаў за мінулымі парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі Герт Арэнс правядуць перамовы з прадстаўнікамі Цэнтравыбаркаму, прэзыдэнцкай адміністрацыі, міністэрства замежных спраў і дэмакратычнай апазыцыі.

Ці пойдуць улады на ўдасканаленьне выбарчага заканадаўства? Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік заявіў:

Мікалай Лазавік
«Мая пазыцыя застаецца нязьменнай. Беларускае заканадаўства адно з самых новых, маладых выбарчых заканадаўстваў у Эўропе. І яно ўвабрала ў сябе вельмі многа дэмакратычных, лібэральных працэдур падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў. Канечне, ідэальных законаў не бывае і таму можна ставіць пытаньне пра ўдасканаленьне выбарчага заканадаўства. Хаця, на мой погляд, беларускае выбарчае заканадаўства спаўна дазваляе праводзіць свабодныя, дэмакратычныя выбары».

Мікалай Лазавік адзначыў, што пакуль невядома, зь якімі канкрэтнымі прапановамі прыедуць прадстаўнікі Бюро:

«Тое, што выкладзена ў выніковай справаздачы БДІПЧ АБСЭ, сёньня намі глыбока і ўсебакова вывучаецца. Без увагі не застанецца ніводнае прапанова місіі БДІПЧ АБСЭ. Тое, што будзе рацыянальным, прымяняльным, будзе прымяняцца ў нас у краіне».

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі накіравала ў адміністрацыю прэзыдэнта і ў БДІПЧ АБСЭ свае прапановы аб зьменах выбарчага заканадаўства. Гэта і будзе прадмет перамоваў з дэлегацыяй Бюро ў пятніцу, заявіў адзін зь лідэраў дэмакратычнай апазыцыі Анатоль Лябедзька. Ён адзначыў, што гэта пытаньне нумар адзін у цяперашнім дыялёгу паміж уладамі Беларусі і Эўразьвязам:

Анатоль Лябедзька
«Бо без зьменаў ва ўладзе, без гарантый зьмены заканадаўства наўрад ці можна дабіцца сыстэмных зьменаў у Беларусі. Пры сёньняшнім разьмеркаваньні ўлады мы можам разьлічваць у лепшым выпадку толькі на нейкія касмэтычныя, кропкавыя зьмены. Калі мы гаворым пра сыстэмныя зьмены, то трэба, каб ва ўладзе прысутнічалі людзі з рознымі поглядамі, пазыцыямі і каб яны маглі адстойваць свае пазыцыі. Гэта таксама дае адказ на тое, якой можа быць падрыхтоўка да прэзыдэнцкай кампаніі. Калі не мяняюцца правілы, умовы гульні – гэта слабы сцэнар для аб'яднаных дэмсілаў».

Дэмакратычная апазыцыя таксама спрабуе стварыць ініцыятыўную групу, якая будзе зьбіраць подпісы грамадзянаў краіны за зьмену выбарчага заканадаўства. Аднак менскія ўлады дагэтуль не прадставілі памяшканьня для сходу ініцыятыўнай групы. Таму напярэдадні прынятае рашэньне падаць заяўку ў Менгарвыканкам, каб правесьці сход 8-га лютага на адной з трох пляцовак – каля Акадэміі навук, у парках імя Горкага альбо Купалы.

Нагадаем, у выніковай справаздачы БДІПЧ АБСЭ адзначаецца, што нягледзячы на некаторыя нязначныя паляпшэньні, парлямэнцкія выбары 28 верасьня 2008 года ў Беларусі не адпавядалі стандартам АБСЭ для дэмакратычных выбараў. Назіральнікі заявілі. што беларускае заканадаўства па-ранейшаму стварае перашкоды для правядзеньня выбараў у адпаведнасьці з абавязаньнямі ў межах АБСЭ.

У нядаўняй рэзалюцыі Эўрапарлямэнту адзначаецца, што “для істотнага паляпшэньня адносінаў з Эўразьвязам”, Беларусь павінна

1) ня мець палітычных вязьняў,
2) гарантаваць свабоду выяўленьня меркаваньняў у СМІ,
3) працягваць супрацоўніцтва з АБСЭ ў справе рэформы выбарчага заканадаўства.




Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG