Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачаўся тыдзень беларускай лацінкі


Ініцыятары акцыі — карыстальнікі “Жывога журналу”, папулярнага сайту блогаў. Яны прапануюць ад 21 і ўлучна да 27 студзеня пісаць свае тэксты прыстасаванымі да асаблівасьцяў беларускае мовы лацінскімі літарамі.

Якую рэакцыю выклікала гэтая ініцыятыва ў беларускіх мовазнаўцаў? Ці шмат сёньня ў Беларусі людзей, якія рэгулярна карыстаюцца лацінскім пісьмом? Якія пэрспэктывы мае беларуская лацінка?

Адзін з ініцыятараў Тыдня беларускай лацінкі — блогер nicolaev — кажа, што лацінскі альфабэт найбліжэйшы ягонай душы, таму ён хоча ўсяляк яго прапагандаваць:

“Навошта гэта робім? Перадусім — для папулярызацыі лацінкавай графікі беларускай мовы, дзеля папулярызацыі эўрапейскасьці, лацінскай цывілізацыі, эўрапейскай культуры. Яно проста адно з адным зьвязана”.

Ініцыятар Тыдня беларускай лацінкі стаўся беларускамоўным менш як тры гады таму, і адкрыцьцё даўняй традыцыі лацінскага шрыфту ў культуры краіны было для яго вялікай нечаканкай. Яго гэта так зацікавіла, што ён за дзень знайшоў усе патрэбныя матэрыялы і вывучыў асновы правапіснае сыстэмы.

Бард Андрэй Мельнікаў ужывае ў сваёй творчасьці лацінскі альфабэт ужо дваццаць гадоў. Ён мае свой варыянт лацінкі і лічыць, што ўнармоўваць беларускую лацінку цяпер нельга:

“Я — пра тое, каб не абмяжоўвацца адным варыянтам лацінкі, бо як кірыліца, так і лацінка ў нас не былі завершаныя з-за пэўных рэпрэсіўных падзеяў. Яна, на мой погляд, застаецца творчым варыянтам існаваньня і пісаньня. Вельмі шмат ёсьць варыянтаў лацінкі. Людзі падбіраюць варыянт адпаведна сабе”.

А вось літаратар Вінцэсь Мудроў, які зьвяртаецца да беларускай лацінкі зь сямідзясятых гадоў, лічыць яе неўнармаванасьць сур’ёзнай праблемай, якая перашкаджае ёй пашырацца:

“У маладосьці я і мае сябры любілі пры выпадку ўжыць беларускую лацінку, скажам, падпісваючы навагоднія паштоўкі. І рабілі мы гэта ня толькі зь нейкіх там вэстфільскіх памкненьняў, а з павагі да заснавальнікаў беларускага прыгожага пісьменства, якія амаль скрозь ужывалі лацінскі альфабэт. Найноўшы час ужо папросту прымушае карыстацца згаданым альфабэтам. Я маю наўвеце той факт, што многія кампутары зь цяжкасьцю чытаюць грамадзянскі альфабэт, таму падчас электронных ліставаньняў хоцькі-няхоцькі даводзіцца пісаць лацінкаю. На жаль, у нас і дагэтуль яе, так бы мовіць, кампутарны варыянт неўнармаваны, і ў перадаваньні таго гуку [х] назіраецца страшэнны разнабой”.

Што да пэрспэктываў лацінкі, то спадар Мудроў лічыць, што беларусам варта мець за прыклад праваслаўных румынаў, якія яшчэ пазамінулым стагодзьдзем перайшлі з кірыліцы на лацінку.

Мовазнаўца і палітык Вінцук Вячорка перакананы, што клясычная беларуская лацінка абавязкова павінна быць узаконеная на дзяржаўным роўні. Яна ўжо цяпер ня мае канкурэнтаў у пашпартнай справе, картаграфіі, бібліяграфіі і да таго падобных сфэрах, кажа спадар Вячорка. Практыку ж выкарыстаньня лацінкі асобнымі пэрыядычнымі выданьнямі і аўтарамі інтэлектуальная супольнасьць павінна вітаць як працу на пэрспэктыву:

“Што да выданьня на ёй пэрыёдыкі, навуковай і папулярнай літаратуры, то тут, бясспрэчна, шмат што залежыць ад канкрэтнай ініцыятывы канкрэтных людзей”.

Нагадаем, што ў беларускамоўных тэкстах лацінскі альфабэт пачаў выкарыстоўвацца ў XVI стагодзьдзі. Лацінкай пісалі Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Кастусь Каліноўскі, Цётка, Янка Купала, шмат хто з заходнебеларускіх і эміграцыйных літаратараў, на ёй выходзілі асобныя нумары і старонкі сучасных незалежных выданьняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG