Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Грамадзтву паказалі вінаватых”


Віталь Цыганкоў
21 студзеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску генэральны пракурор Беларусі Рыгор Васілевіч паведаміў пра шэраг новых арыштаў карумпаваных чыноўнікаў. Ці маюць гэтыя арышты прыкметы палітычнай кампаніі, якія мэты ставіць тут улада? Ці дапаможа барацьба з карупцыянэрамі адцягнуць увагу людзей ад эканамічнага крызісу і палепшыць рэйтынг кіраўніцтва Беларусі? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.

Цыганкоў: “Арышты высокапастаўленых чыноўнікаў адбываюцца ў Беларусі з пэўнай пэрыядычнасьцю, але за апошнія тыдні (дзякуючы намаганьням улады) яны набылі вельмі моцнае публічнае гучаньне. Ці ёсьць тут прыкметы палітычнай кампаніі, і якія мэты ставяць тут улады?”

Юры Чавусаў
Чавусаў: “Пакуль што цяжка казаць, што гэта менавіта маштабная палітычная кампанія. Але зь іншага боку, гэта безумоўна выпуск пары ў грамадзтве. Грамадзтву паказалі мажлівых вінаватых у тым, што ў беларускай мадэлі разьвіцьця нешта разладзілася. Пэўныя палітычныя дывідэнды, мяркую, улады здолеюць набыць — і менавіта гэтым выклікана шырокая публічнасьць гэтых справаў. Зрэшты, гэта традыцыя для Лукашэнкі. Барацьба з карупцыяй — гэта тое, з чаго ён пачаў сваю палітычную кар’еру і тое, на чым разьлічвае цяпер узнавіць давер грамадзтва да той палітычнай сыстэмы, якая пабудавана ў Беларусі”.

Цыганкоў: “Але Лукашэнка не заўсёды карыстаўся гэтым прыёмам. Цэлымі гадамі (апошнія 3-5 гадоў) мы ня чулі нічога падобнага, ніякіх гучных справаў. Чаму менавіта цяпер гэта зноў выносіцца на публіку?”

Чавусаў: “У сытуацыі крызісу і відавочных праблемаў у той мадэлі разьвіцьця, якая абраная ў Беларусі, народу трэба паказаць вінаватых. Але гэта, вядома, пабочная мэта.
Рэальная прычына — перадзел сфэраў кантролю за эканомікай, перадзел карупцыйных дзялянак.
Рэальная прычына — перадзел сфэраў кантролю за эканомікай, перадзел карупцыйных дзялянак. І ўсё гэта робіцца напярэдадні эканамічных рэформаў, якія ў Беларусі ўжо пачаліся.

Сам факт гэтых пераменаў пагражае сыстэме кіраваньня, што склалася ў папярэдні пэрыяд. Для таго, каб забясьпечыць кіраванасьць гэтым працэсам, неабходна ажыцьцяўляць такія праполкі антыкарупцыйнага складу”.

Цыганкоў: “Ці знойдуць гэтыя дзеяньні чаканы эфэкт, разуменьне ў электарату? Ці ўздымуць яны рэйтынг уладаў і асабіста Аляксандра Лукашэнкі?”

Чавусаў: “Казаць пра рэйтынг прэзыдэнта ў беларускіх умовах дастаткова складана і абстрактна. Хутчэй тут варта размаўляць у модных цяпер катэгорыях сацыяльнага кантракту. У межах гэтых мадэляў рэпрэсіі супраць карупцыянэраў — якраз тое, чым кіраўнік дзяржавы мусіць займацца. То бок дзяржава дэманструе, нібыта не яна стварае карупцыйную сыстэму, а карупцыя сама неяк прарастае ў нашай дзяржаве — што насамрэч, канечне, ня так”.


  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG