Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рынак разбураны, суд прыпынены


Рынак «Крыніца» ўжо зруйнаваны

Рынак «Крыніца» ўжо зруйнаваны

Ленінскі суд Магілёва прыпыніў разгляд грамадзянскай справы, распачатай на пазоў ініцыятыўнай групы па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму ў мікрараёне Саломінка супраць гарвыканкаму.

Хадайніцтва аб гэтым заявілі прадстаўнікі гарадзкой улады на сёньняшнім паседжаньні, а судзьдзя Галіна Тарасава яго задаволіла. Падтрымала хадайніцтва й пракурор Натальля Умчанка.

Прадстаўніца гарадзкой улады на судзе Натальля Жукава хадайніцтва патлумачыла тым, што гарвыканкам толькі сёньня накіраваў ва ўправу юстыцыі на прававую экспэртызу дакумэнты, якія ініцыятыўная група падала, каб зарэгістравацца.

Пастанову судзьдзі Тарасавай ініцыятыўная група зьбіраецца абскарджваць. Старшыня ініцыятыўнай групы Ігар Каваленка цьвердзіць, што дакумэнты былі пададзеныя ў гарвыканкам яшчэ адзінаццатага сьнежня, і цягам трыццаці дзён ініцыятары рэфэрэндуму павінны ўжо былі атрымаць адказ.

Праблема была ў адным слове.
“Праблема была ў адным слове. Першапачаткова мы ставілі пытаньне такім чынам, што рынак „Крыніца“ павінен працаваць пастаянна на старым месцы. Управа юстыцыі аблвыканкаму пасьля першай экспэртызы нашых дакумэнтаў зрабіла заўвагу, што слова „пастаянна“ ня мае пэўнага часавага вызначэньня. Таму мы слова „пастаянна“ прыбралі. Папраўленыя дакумэнты, як сёньня мы высьветлілі, таксама павінны былі прайсьці праверку ў аблвыканкаме, а гарвыканкам гэтага не зрабіў. Ён адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу без тлумачэньня прававых прычынаў. Акрамя таго ён парушыў закон аб зваротах грамадзян. Гэтыя парушэньні гарадзкая ўлада імкнецца схаваць, ідучы на розныя хітрыкі”, — зазначае Ігар Каваленка.

На мінулым судовым паседжаньні прадстаўнікі ўлады тлумачылі, што ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы гарвыканкам ня бачыў эканамічнай мэтазгоднасьці. Паводле чыноўнікаў, наступным крокам пасьля яе рэгістрацыі стала б арганізацыя самога рэфэрэндуму, а гэта выдаткі з гарадзкога бюджэту.

Нагодай для рэфэрэндуму стаўся намер улады перанесьці рынак “Крыніца” ў мікрараёне Саломінка. На месцы рынку гарвыканкам зьбіраецца збудаваць спарткомплекс. Праз рэфэрэндум прадпрымальнікі хацелі высьветліць, ці падтрымліваюць жыхары мікрараёну гэты намер улады. На дадзены момант рынак ужо разбураны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG