Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч падрыхтаваў зварот у пракуратуру Менскай вобласьці з патрабаваньнем — дазволіць грамадзкасьці азнаёміцца з пастановай аб спыненьні крымінальнай справы ў дачыненьні да вандалаў, затрыманых у Курапатах пры зьнішчэньні крыжоў.

12 студзеня Бараўлянскі аддзел унутраных спраў прыпыніў крымінальную справу ў дачыненьні да непаўналетніх Паўла Астрэйкі і Вадзіма Шышко, затрыманых 1 лістапада ў Курапатах па падазрэньні ў зьнішчэньні крыжоў. Матывацыя — доказаў, атрыманых падчас расьсьледаваньня, недастаткова, каб перадаць справу ў суд.

Антон Астаповіч
Антон Астаповіч перакананы: “Сьледчыя, відаць, лічаць, што доказаў, атрыманых падчас расьсьледаваньня, недастаткова для перадачы справы ў суд і прыцягненьня двух маладзёнаў да крымінальнай адказнасьці. За апошнія тры гады па фактах вандалізму ў Курапатах, якія з 1993 году ўнесеныя ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, трэці раз заводзіцца крымінальная справа. Але ў двух выпадках злачынцы не былі выяўленыя і пакараныя. І толькі 1 лістапада 2008 году прадстаўнікі грамадзкасьці ўпершыню затрымалі вандалаў на месцы злачынства. Грамадзкасьць павінна дабіцца асуджэньня злачынцаў”.

Алесь Макаў, які разам з Алегам Сьвірыдавым затрымаў маладзёнаў у Курапатах, перакананы, што расьсьледаваньне вялося з парушэньнямі: не была праведзена экспэртыза на прадмет алькагольнага ап’яненьня падлеткаў, не былі зьнятыя адбіткі пальцаў, а таксама абутку. Да таго ж сьледчая не выклікала другога сьведку, Алега Сьвірыдава:

“Мы ж былі ўдваіх.Зь нейкага моманту выклікаюць толькі мяне, са мной толькі праводзяць сьледчыя дзеяньні. Калі я запытаўся ў сьледчай, чаму, — яна адказвае, што, маўляў, Алег, ваш напарнік, ён жа тэлефанаваў, адцягваў увагу”.

На пытаньне Радыё Свабода, чаму справа прыпыненая, хоць упершыню вандалаў затрымалі на месцы злачынства і ёсьць сьведкі, начальнік сьледчага аддзелу Менскага раённага ўпраўленьня ўнутраных спраў Дзьмітрый Сярчэня адказаў так:

Калі справа прыпыненая, гэта ня значыць, што яна спыненая альбо закрытая.
“Крымінальная справа знаходзіцца на вывучэньні ў міністэрстве, таму пакуль я вам не магу нічога сказаць. Яе могуць аднавіць, і расьсьледаваньне будзе працягвацца. Справа не закрытая. Калі справа прыпыненая, гэта ня значыць, што яна спыненая альбо закрытая. Яна заўсёды можа быць адноўленая і працягвацца”.

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч прапанаваў стварыць грамадзкі камітэт па абароне ўрочышча Курапаты. І ўсе свае дзеяньні гэты камітэт павінен узгадняць з навуковым кіраўніком гісторыка-культурнай каштоўнасьці “Месца зьнішчэньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 1930—40 гадоў ва ўрочышчы Курапаты” Маяй Кляшторнай.

Гісторык Ігар Кузьняцоў перакананы, што грамадзкасьць павінна запатрабаваць ад уладаў аховы Курапатаў сілавымі структурамі. Ён прывёў прыклад, як міліцыянты ахоўваюць з патруляваньнем іншыя помнікі гісторыі і культуры.

Міністэрства культуры Беларусі адмовілася намінаваць Курапаты на ўнясеньне ў сьпіс UNESCO. Намесьнік міністра культуры Ўладзімер Грыдзюшка ў лісьце да Антона Астаповіча спасылаецца на пункт 77 Канвэнцыі аб ахове ўсясьветнай спадчыны, у якім пералічаны крытэры ўключэньня гісторыка-культурных каштоўнасьцяў у гэты сьпіс. На думку чыноўнікаў беларускага Мінкульту, “аб’ект ня можа быць залічаны да выдатнай усясьветнай каштоўнасьці, якая мае культурную значнасьць, што выходзіць па-за нацыянальныя межы”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG