Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе ў Беларусі свой Абама?


Абраньне першага чарнаскурага прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі — Барака Абамы — пацьвердзіла тэндэнцыю: ва ўсім сьвеце да ўлады пачалі прыходзіць палітыкі новай генэрацыі. Так, у Францыі Нікаля Сарказі зусім не падобны да свайго папярэдніка, у Нямеччыне канцлерам стала жанчына, малады прэзыдэнт зьявіўся ў Расеі... Ці можа і ў Беларусі выявіцца падобная прага пераменаў?

Фэномэн Барака Абамы выклікаў у беларускай апазыцыі спадзяваньні: а чаму б не скарыстаць амэрыканскі варыянт праз два гады на прэзыдэнцкіх выбарах? І сапраўды: ці можна знайсьці ў Беларусі свайго Абаму і давесьці яго да перамогі?

Журналіст газэты “Наша ніва” Алесь Кудрыцкі, аўтар вялікага артыкула на гэтую тэму, такога варыянту не выключае:

“Праглядаючы вынікі апытаньня НІСЭПД, якое правялі напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у Беларусі мінулай восеньню, мне кінулася ў вочы — калі сплюсаваць колькасьць беларусаў, якія абсалютна ня вераць ці ня вельмі вераць у перамены, то атрымліваем амаль 62%. І ў той жа час наступнае пытаньне паказвае: 52% беларусаў жадаюць, каб зьмены адбыліся.

З гэтага я раблю выснову: беларусы ў зьмены ня вераць, але яны іх жадаюць. І гэта насамрэч тое, што прапанаваў амэрыканцам Абама. Ён прапанаваў ім зьмены, у якія можна паверыць. Гэта быў ягоны галоўны дэвіз, галоўны слоган. Ну акурат слоган для нас!”

Уладзімер Нісьцюк
Беспартыйны аналітык Уладзімер Нісьцюк лічыць: такія высновы былі правільнымі летась. Але цяпер сытуацыя моцна зьмянілася:

“Людзям патрэбныя не перамены. Людзям трэба, каб былі льготы, каб быў заробак, каб не скарачалі працоўныя месцы, каб гарантавана атрымлівалі пэнсіі й іх не забіралі за тое, што яны яшчэ недзе працуюць. Людзі патрабуюць зараз таго, што дазваляла б ім проста жыць.

А калі павесім слоган, што мы патрабуем пераменаў, то на гэта амаль ніхто не адгукнецца. Усе хочуць вельмі простай такой магчымасьці — проста жыць”.

Алесь Кудрыцкі ў сваім артыкуле піша: “Не зьдзіўлюся, калі гэтымі доўгімі зімовымі вечарамі ў якім-небудзь партыйным офісе ўжо пішацца стратэгічны плян на наступную прэзыдэнцкую кампанію з прыцэлам на “энэргічнага палітыка новай генэрацыі”, а сам будучы кандыдат — назавем яго Бураком Абамчыкам — прымярае на сябе модны гальштук ды белазубую ўсьмешку”.

Жарты жартамі, але размовы пра беларускага Абаму нельга назваць цалкам наіўнымі ды беспадстаўнымі. Таму зьвяртаюся да лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі — можа, у офісе АГП цяпер шукаюць такога харызматычнага лідэра?
Анатоль Лябедзька

У адказ чую:

“Вядома, зараз усе пад уражаньнем тэндэнцыі абамаманіі. І гэта, безумоўна, уражвае. Але ж трэба абавязкова рабіць папраўку на беларускую рэчаіснасьць. Няма фэномэну Абамы, калі ёсьць дэмакратычныя працэдуры, калі ёсьць свабодны выбар. Ні першага, ні другога ў Беларусі няма. Таму і зьяўленьне новай асобы можа быць толькі вынікам палітычных дамоўленасьцяў сярод сталых арганізацыяў, якія ўжо доўга існуюць у Беларусі.

Сам па сабе чалавек з пустаты, з атмасфэры страху, без арганізацыйнай падтрымкі, без мэдыйнай падтрымкі — ну, гэта немагчыма. Таму ў нас гэта можа быць, толькі калі ёсьць палітычная воля рэальна існуючых палітычных суб’ектаў дамовіцца пра зьяўленьне новай асобы”.

Сустаршыня аргкамітэту для стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец верыць: у Беларусі будзе свой Барак Абама:

Павал Севярынец
“Гэта мусіць быць нехта нечаканы, нехта малады, нехта дынамічны. Магчыма, гэта будзе нехта з маладых палітыкаў. Магчыма, нехта зь невядомых. Але тое, што гэта будзе нечакана, моцна і перакуліць уяўленьне пра беларускую палітыку апошніх 15 гадоў, у гэтым я перакананы”.

Палітоляг Алесь Лагвінец лічыць: зьяўленьня беларускага Барака Абамы выключаць нельга:

“Хаця мне падаецца, што такія чаканьні — праява пэўных спадзеваў беларускай грамадзянскай супольнасьці на тое, што ўсё можа вырашыцца дзякуючы магічнай сіле аднаго вельмі прывабнага чалавека.

Мне падаецца, патэнцыял цяперашніх лідэраў беларускай палітычнай апазыцыі не да канца выкарыстаны. І галоўнае — гэта мэтанакіраваная дзейнасьць. І не абавязкова гэта павінен быць новы чалавек”.

Уладзімер Нісьцюк лічыць: альтэрнатыўныя Аляксандру Лукашэнку, моцныя кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Беларусі існуюць.

“Людзі — ёсьць. І сумленныя, і якія маглі б нешта зрабіць. Але для таго каб пасьпяхова правесьці прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, трэба, каб за сьпінаю ў чалавека былі рэальныя структуры — афіцыйна зарэгістраваныя, здольныя легальна працаваць. Калі іх ніхто ня будзе шчаміць, ніхто ня будзе прэсаваць.

У нас у бліжэйшае стагодзьдзе гэтага ня будзе.

Абама — гэта прадстаўнік партыі. Гэта — ня проста чалавек з вуліцы. Ён спачатку перамог у сваёй партыі, якая раўнаважная, а зараз і мацнейшая за рэспубліканскую. А ў нас апазыцыйныя партыі практычна загінулі, а прапрэзыдэнцкіх і не было”.

Між тым некалькі партыйных прадстаўнікоў у Беларусі ўжо заявілі, што хочуць балятавацца на чарговых прэзыдэнцкіх выбарах менавіта як партыйныя кандыдаты. Але гэта ўжо тэма для наступнага досьледу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG