Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз для суседзяў: партнэрстава ці далучэньне?


Праграма Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу – адказ Эўропы на леташнюю вайну Расеі з Грузіяй і на сёлетні газавы канфлікт паміж Расеяй і Украінай. Пра гэта заявіў учора, выступаючы ў Эўрапарлямэнце, Енэко Ландабуру – кіраўнік зьнешнепалітычнага аддзелу Эўракамісіі. Аднак на думку некаторых эўрадэпутатаў Усходняе партнэрства замала прапаноўвае постсавецкім краінам.


Паводле Енэко Ландабуру агрэсіўная прырода палітыкі Масквы адносна суседзяў робіць для Эўразьвязу жыцьцёва неабходным умацаваньне сувязяў з яго ўсходнімі суседзямі. Чакаецца, што новая праграма Ўсходняга партнэрства будзе зацьверджаная на саміце Эўразьвязу ў сакавіку, а ў траўні ў Празе адбудзецца сустрэча лідэраў Эўразьвязу з кіраўнікамі 6 краінаў, якім партнэрства прапаноўваецца – Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Кіраўнік зьнешнепалітычнага аддзелу Эўракамісіі падкрэсьліў, што Ўсходняе партнэрства – найлепшы крок для яе ўдзельнікаў калі-небудзь далучыцца да Эўразьвязу. Разам з тым Енэко Ландабуру даў зразумець, што гэта справа вельмі далёкай пэрспэктывы

"Пытаньне аб ўступленьні ў Эўразьвяз не стаіць на парадку дня, падабаецца вам гэта ці не. Гэта палітычная рэальнасьць. У Эўразьвязе няма кансэнсусу наконт пачатку перамоваў аб сяброўстве – гэта факт".

Партнэрства прапануе шасьці суседзям пэрспэктыву вольнага гандлю, спрашчэньне візавага рэжыму, пазьней – дамовы аб асацыяцыі. Спадар Ландабуру падкрэсьліў, што новая прапанова Брусэлю не спадабалася Маскве. Але гэта ня нашая праца – праводзіць палітыку, якая б падабалася спадару Пуціну – сказаў прадстаўнік Эўракамісіі.

Аднак некаторыя эўрадэпутаты скрытыкавалі падыходы Эўракамісіі як недастатковыя. Мары Ан Іслэр Бэгуін, якая ўзначальвае групу Эўрапарлямэнту па Паўднёвым Каўказе заявіла:

"Мне здаецца, што новыя прапановы – спроба прыхаваць слабасьць палітыкі добрасуседзтва. Што вы прапаноўваеце гэтым 6 краінам? Пагадненьне аб асацыяцыі, спрашчэньне візавага рэжыму, вольны гандаль – нічога новага ў параўнаньні з тым, што ўжо прапанавана, напрыклад, Украіне і Грузіі. І акрамя таго, гэта ўсё расьцягнутае на вялікі час".

Спадарыня Бэгуін выказала меркаваньне, што нядаўнія пагадненьні аб стратэгічным партнэрстве, падпісаныя Злучанымі Штатамі з Грузіяй і Ўкраінай – значна больш сур'ёзная ініцыятыва, чым прапановы Эўракамісіі. Дэпутатка сказала, што Эўракамісія павінна прапанаваць ўсходнім суседзям ясную пэрспэктыву сяброўства ў Эўразьвязе, якая адзіная магла быць дастаткова моцным стымулам для рэформаў.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG