Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Інаўгурацыя прэзыдэнта ЗША Барака Абамы, сустрэча прэзыдэнтаў Украіны і Беларусі, прызыў у войска моладзевых палітычных актывістаў, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Барак Абама прыняў прысягу і афіцыйна заступіў на пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі. Ён стаў 44-м амэрыканскім прэзыдэнтам. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Cпадар: “У ЗША 44-ты прэзыдэнт. Амэрыканцы ўсё ведаюць пра яго. У нас, беларусаў, таксама прэзыдэнт, але мне невядома аўтабіяграфія яго. Ня ведаю, адкуль бацька яго, ня ведаю, адкуль узяўся ягоны сынок Коля. Якая беларусам падмога, калі пра гэта ў дзяржаўных СМІ ніводнага слова? Абураўся з Барысава слухач”.

Лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ў выбарах 2011 году будзе ўдзельнічаць у якасьці кандыдата на прэзыдэнта. Пра ўдзел у гэтых выбарах Віталя Рымашэўскага і яшчэ двух сваіх кандыдатаў паведамілі таксама заснавальнікі партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”. Выказваньні на гэтую тэму:

Cпадарыня: “Удзел у выбарах 2010 году адразу трох кандыдатаў ад БХД — гэта ж колькі чальцоў падпадуць пад рэпрэсіі! Дзеля выніку — адзін-два адсоткі галасоў. Слушней падтрымаць Мілінкевіча, бо і праўладны кандыдат будзе зь вельмі станоўчым піярам. Мяркую, гэта будзе спадарыня Натальля Пяткевіч”.

Cпадар: “Я ўхваляю намер Аляксандра Мілінкевіча балятавацца на пост прэзыдэнта Беларусі. Магу запэўніць, што буду галасаваць толькі за яго кандыдатуру”.

У наступных тэлефанаваньнях слухачы абмяркоўваюць сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Беларусі, якая адбылася ў Чарнігаве, а таксама выказваюцца на адрас Аляксандра Лукашэнкі:

Мікалай: “Нарэшце кіраўнік нашай дзяржавы наважыўся на кантакт на вышэйшым узроўні з прэзыдэнтам Украіны, якая зьяўляецца нашым натуральным саюзьнікам у адстойваньні незалежнасьці. Толькі ці будзе плён з гэтых кантактаў? Бо наш кіраўнік мае звычку даваць абяцанкі-цацанкі, зьдзяйсьненьня якіх мы чакаем дагэтуль”.

Cпадар: “Паглядзеў я гэтую сустрэчу двух прэзыдэнтаў — Украіны і Беларусі — і з гумарам спрабую паглядзець на гэты гандаль Украінай і Беларусьсю. Вось мы будзем на Ўкраіну пастаўляць маянэз “Купалаўскі”, а яны нам — ёгурт Лесі Ўкраінкі”.

Cпадар: “Лукашэнка хваліцца створанай мадэльлю эканамічнага разьвіцьця. Краіна — банкрут. Краіна — у пазыках. Ад Эўразьвязу патрабуем павагі, называючы МВФ круцялямі. А ў краінах Балтыі, Лацінскай Амэрыкі, Вэнгрыі такіх кіраўнікоў адпраўлялі ў выгнаньне. А ў нас кіруе дзесяцігодзьдзямі...”

У Беларусі праходзіць чарговая прызыўная кампанія, падчас якой моладзевых актывістаў палітычных партый і рухаў прымусова дастаўляюць у ваенкаматы і забіраюць у войска. Камэнтар слухачкі “Свабоды”:

Cпадарыня: “Як паўтараецца гісторыя. Майго дзядзьку, бацькавага брата, царскія жандары схапілі ў рэкруты на 25 гадоў. Так ён там у Петраградзе і загінуў. Зараз нашы ахоўнікі і міліцыя хапаюць разумных хлопцаў, якія вучацца, ды хапуном пад этапам вязуць у ваенкамат, каб забраць у войска. Усё гэта выглядае брыдка. Ганьба ваенкамату! Што ж вы не даяце людзям вучыцца?”

Акадэмік Іван Нікітчанка заяўляе, што радыяцыяй забруджаная ўся Беларусь. З гэтай нагоды спадар Павал задае пытаньне: “Цікава, а ці можна прайсьці абсьледаваньне ў Менску і ці ўвогуле існуюць у нас у краіне такія цэнтры, дзе кожны жадаючы мог бы праверыцца, нават за плату?”

На пытаньне адказвае загадчык лябараторыі Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі “Белрад” Уладзімер Бабенка:

“У Беларусі, да прыкладу, у Гомельскай вобласьці ў раённых шпіталях ёсьць спэктромэтры выпраменьваньня чалавека, можна там прайсьці. Можна таксама ў Інстытуце радыялёгіі ў Гомелі. Можна таксама ў ягоным філіяле ў Пінску. Можна таксама ў нашым інстытуце: для дзяцей такое абсьледаваньне каштуе 2500 рублёў, для дарослых — 3500. Звычайна людзі папярэдне тэлефануюць, і мы папярэдне дамаўляемся на пэўны дзень і час. Тэлефон: 289-03-86”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG