Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 21 студзеня 2009 году.


Новы год прынёс многім людзям новыя эканамічныя выпрабаваньні. Адны страцілі працу, у другіх зьнізіліся заробкі ці пэнсіі, трэція больш за іншых пацярпелі ад раптоўнай дэвальвацыі нацыянальнай валюты, бо, паверыўшы абяцаньням улады, трымалі ўсе зьберажэньні ў беларускіх рублях.

На тэму эканамічнага крызісу — большасьць лістоў, якія мы атрымліваем у гэтыя студзеньскія дні.

Міхаіл Калянкевіч з пасёлку Рудзенск Пухавіцкага раёну выказвае ўласны пункт гледжаньня на тое, чаму шмат якія прамысловыя прадпрыемствы Беларусі апынуліся на мяжы банкруцтва. Слухач піша:

“Ня ёсьць вялікім сакрэтам, што маёмасьць на нашых заводах раскрадаюць. Адбываецца гэта рознымі шляхамі. Напрыклад, заніжаюць амаль да нуля кошт абсталяваньня, пасьля гэтага прадаюць сваім людзям, а розьніцу ў кошце дзеляць... Другі спосаб: выраб няўлічанай прадукцыі, якую пасьля прадаюць за наяўныя грошы. Трэці спосаб: уласную прадукцыю рэалізуюць на 30 працэнтаў таньней, а сыравіну і матэрыялы набываюць напалову даражэй за рынкавы кошт. Вядома, каб займацца такім махлярствам, трэба мець рэальныя рычагі ўлады. А таму ў злачынную схему ўцягнута найчасьцей чацьвёрка асобаў: дырэктар, галоўны бухгальтар, галоўны эканаміст і — асоба з уладных кабінэтаў, якая прыкрывае ўсе махінацыі. Вось адкуль у нашай намэнклятуры і шыкоўныя дамы-палацы, і дарагія іншамаркі, і многае іншае”.

У сваім лісьце Міхаіл Калянкевіч выказваецца таксама пра тое, што значыць для яго Радыё Свабода. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Свабоду” слухаю штодня ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. На падставе поўнай і праўдзівай інфармацыі я самастойна магу прагназаваць падзеі і даволі часта выйграю спрэчкі ў сваіх сяброў.

Апошнім часам чытаю “Свабоду” ў інтэрнэце. Сёе-тое раздрукоўваю на прынтэры і дасылаю сябрам і родзічам — каб пераканаць у слушнасьці сваіх аргумэнтаў”, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Калянкевіч з пасёлку Рудзенск Пухавіцкага раёну.

Схемаў розных махлярстваў прайдзісьветы прыдумалі шмат — і ня толькі тых, якія згадваеце ў сваім лісьце вы, спадар Калянкевіч. Але адметна, што ўжываюцца яны ў асноўным там, дзе прадпрыемства належыць дзяржаве, а кіраўнікі яго — найманыя дзяржаўнымі чыноўнікамі і ад гэтых чыноўнікаў залежныя. Прыватнаму гаспадару наўрад ці прыйдзе ў галаву прадаваць сваю маёмасьць ніжэй за сабекошт, купляць абсталяваньне даражэй, чым яно каштуе на рынку, альбо даводзіць да банкруцтва ўласную гаспадарку. А на тых прадпрыемствах, дзе ўласьнік — дзяржава, такую зьяву, сапраўды, можна назіраць на кожным кроку. Зусім нядаўна шырока стала вядома пра падобныя махінацыі на беларускім дзяржаўным гіганце — камбінаце “Беларуськалій”. Махляры зь ліку кіраўнікоў прадпрыемства, іхных сваякоў і карумпаваных чыноўнікаў паклалі ў кішэні сотні тысяч даляраў за кошт таго, што арганізоўвалі фальшывыя тэндэры ды куплялі па завышаных коштах абсталяваньне.

Пра тое, як рэагуюць на эканамічны крызіс улада і насельніцтва, разважае ў сваім новым лісьце на “Свабоду” наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Вушачаў. Ён піша:

“Пра крызіс цяпер гавораць на кожным беларускім прадпрыемстве ці арганізацыі, у кожнай беларускай “курылцы” і на кожнай беларускай кухні. Нязграбныя тлумачэньні афіцыйных СМІ і ўладаў, як заўсёды, не даюць вычарпальнага адказу. І таму, як грыбы пасьля цёплага ліпеньскага дажджу, у мяне, як і ў многіх людзей, зьяўляюцца новыя і новыя пытаньні.

Вось, напрыклад, стаіць Аляксандар Рыгоравіч у храме, перад іконамі, і, гледзячы “чэснымі” вачыма ў аб’ектыў відэакамэры, заяўляе, што ў нашай краіне няма ніякага крызісу. Тады адразу ўзьнікае пытаньне: як жа так, усюды крызіс — і нідзе (апроч, здаецца, Украіны) урады не абвясьцілі дэвальвацыю нацыянальнай валюты. У нас крызісу няма — і абвешчана дэвальвацыя. Ці, напрыклад, ён жа наконт дэвальвацыі кажа, што яе патрабаваў Міжнародны валютны фонд. А хто ж тады давёў эканоміку і фінансы краіны да такога стану, што спатрэбілася дэвальвацыя?

Адказу, на мой погляд, доўга шукаць ня трэба. У нашай краіне усім кіруе адзін чалавек. Ён карыфэй усіх дакладных і недакладных навук, лепшы сябра хакеістаў-пэнсіянэраў і хатніх гаспадынь, выбітны знаўца гісторыі і літаратуры. А паглядзіце, як спрытна ён запальвае газавыя факелы ў райцэнтрах — бы ліхтаршчык з “Маленькага прынца” свой ліхтар!”
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Кастусь Сырэль з Вушачаў.

Усё ж, спадар Сырэль, пагодзімся, што эканамічны крызіс перажываюць усе эканомікі сьвету, і што не ў Беларусі ён пачаўся. Іншая справа, наколькі падрыхтаванай аказалася беларуская гаспадарка да такіх выпрабаваньняў. Улада сьцьвярджае, што падрыхтавана яна як найлепш — ня так, як суседзі. Аднак звычайныя грамадзяне, назіраючы, што адбываецца наўкол, у гэтым моцна сумняваюцца. Можа, дзеля таго, каб супакоіць грамадзкую думку, прэзыдэнт Лукашэнка і паўтарае час ад часу, што крызісу ў Беларусі няма. Хоць, мяркуючы па тым, якія ліхаманкавыя дзеяньні прадпрымае ўрад дзеля пошуку грошай за мяжой, сама ўлада ў адсутнасьці крызісу зусім ня ўпэўнена.

У нашай студзеньскай пошце нямала лістоў з водгукамі на перадачы Радыё Свабода, з прапановамі, просьбамі і парадамі слухачоў. Адзін з такіх допісаў даслаў Андрусь Анцух зь Менску. Слухач піша:

“Працую я на заводзе МАЗ. Слухаю вас штодзённа. Вы — мае сапраўдныя сябры. Перадачы вельмі падабаюцца свабодай думкі, свабодай вашага голасу. Карыстаючыся мабільным тэлефонам, часам дасылаю вам СМС-кі пра галоўныя навіны, аб якіх даведваюся.

Я — ня просты рабочы, займаю пасаду кіраўніка. Даводзіцца размаўляць зь людзьмі на розныя тэмы. Тлумачыць нешта пра падзеі ў Беларусі ня вельмі лёгка. Але я стараюся даводзіць ім інфармацыю праўдзівую і свабодную.

Ставяцца да мяне ў асноўным станоўча. Бо ніколі я іх не падмануў. Але ў сваіх меркаваньнях людзі стараюцца стрымлівацца.

У мяне расьце сын, яму дзевяць год. Выхоўваю яго ў духу беларускасьці, і мне вельмі хацелася б дзеля яго выхаваньня адшукаць нядаўна выдадзеную ў Смаленску кнігу Тараса “Гісторыя імпэрскіх дачыненьняў. Беларусы і рускія”. Знайсьці яе ня змог ні ў Таварыстве беларускай мовы, ні ў сядзібе БНФ. Я ўжо пісаў вам калісьці, і вы адклікнуліся на маю просьбу — даслалі кнігу “Імёны Свабоды”. Вялікі вам дзякуй.

Свабода, гонар, справядлівасьць хутка прыйдуць і ў наш край. Я сьвята ў гэта веру. У барацьбе за незалежнасьць роднай краіны мы яшчэ не сказалі апошняга слова. Справы могуць прадоўжыцца ў нашых дзецях. Пра гэта трэба памятаць”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Андрусь Анцух зь Менску.

Кнігу “Імёны Свабоды” выдавала наша радыё, у выдавецкай сэрыі “Бібліятэка Свабоды” — і мы мелі магчымасьць падараваць яе многім нашым актыўным слухачам і аўтарам. Адшукваць і дасылаць кнігі іншых аўтараў мы, на жаль, ня можам — ня маем такой магчымасьці. Выданьне, якім вы, Андрусь, цікавіцеся, сапраўды, нялёгка знайсьці ў Менску. А вось у расейскіх інтэрнэт-кнігарнях адшукаць і замовіць яго можна — сам толькі што спраўдзіў гэта. Ехаць па яго ў Расею не абавязкова — адтуль могуць даслаць кнігу поштай. Прынамсі, так абяцаюць гаспадары інтэрнэт-кнігарняў.

Наступны ліст-водгук даслала Натальля Лушчынская з Клецку. Яна піша:

“Заўсёды зь цікавасьцю слухаю вашы перадачы, чытаю іх у інтэрнэце. Таксама бачу супрацоўнікаў “Свабоды” на тэлеканале “Белсат”. Вельмі ўдзячна незалежным журналістам за іх нялёгкую працу.

Нядаўна ў нас у Клецку адбылася важная падзея — адкрыцьцё касьцёла, які будаваўся шмат гадоў. Сабралася шмат людзей — ня толькі вернікаў, але і тых, хто неабыякавы да культурнага жыцьця гораду. Гаварылася шмат слоў падзякі і пашаны ксяндзу пану Эрвіну, які прыклаў вельмі вялікія намаганьні, каб каталікі Клецку мелі сваю сьвятыню — новы прыгожы будынак”,
— паведаміла ў сваім лісьце на “Свабоду” Натальля Лушчынская з Клецку.

А на заканчэньне — кароткі ліст ад Іны Аўчарэнкі зь вёскі Варкавічы Слуцкага раёну. Сама Іна радыё амаль ня слухае, а напісала вось зь якой нагоды (цытую ліст):

“Мы з дачкой заўсёды зь вялікім задавальненьнем і цікавасьцю разглядаем новыя каляндарыкі Радыё Свабода. Дзякуй вам за іх. Вас часта слухае мой муж. Але ён, ведаеце, такі маўчун, што, думаю, ніколі вам не напіша.

А вось я ад палітыкі дарэшты адмовілася. Занялася вывучэньнем кніг Мірзакарыма Нарбекава.

Муж у камандзіроўках. Тэлевізар зламаўся, я сьлёзна папрасіла яго не рамантаваць. Па радыё слухаю толькі музыку, зрэдку. Вось так. Зіма, цёплая печка, цікавыя кнігі, пазытыўныя думкі, цішыня... Можаце трошкі пазайздросьціць...”
— напісала нам Іна Аўчарэнка зь вёскі Варкавічы Слуцкага раёну.

Думаю, Іна, сапраўды, многія вам пазайздросьцяць. Асабліва тыя, каму даводзіцца прысьвячаць увесь свой час ня столькі пошуку гармоніі са сьветам з дапамогай аздараўляльных мэтодык народнага доктара Нарбекава, колькі здабываньню хлеба надзённага ды дроў для сваёй печкі. Яны з задавальненьнем не цікавіліся б палітыкай, ды толькі атрымліваецца так, што гэтая палітыка на кожным кроку ўмешваецца ў іхнае жыцьцё: залазіць і ў душу, і ў кішэню.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG