Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс ударыў па шклатары і “кітай-вёсцы”


Карэспандэнты “Свабоды” працягваюць сачыць за тым, як эканамічны крызыс уплывае на беларускую эканоміку. Сёньня — апэратыўныя паведамленьні з Асіповічаў і Ганцавічаў.


АСІПОВІЧЫ

На найбуйнейшай у Беларусі Ялізаўскай гуце ў Асіповіцкім раёне не працуюць два з трох цэхаў. Іх работнікі — у вымушаных адпачынках.

Пра спыненьне двух цэхаў паведаміў адзін з работнікаў гуты. Паводле яго, прадпрыемства мае праблемы з набыцьцём сыравіны:

“Зараз набываць шклабой даводзіцца ў Беларусі, але ён брудны, і важдацца шмат трэба, і не нашмат ён таньнейшы за замежны. А за мяжой каб набываць, трэба адмысловы дазвол. Першы й другі цэхі людзям працягваюць адпачынкі. Было да дваццатага студзеня, але цяпер працягваюць далей. Чацьвёрты цэх думалі спыняць, але перадумалі”.

На шклозаводзе “Ялізава” спыненыя цэхі па вырабе слоікаў і бутэлек

Кіраўніцтва Ялізаўскай гуты пацьвярджае, што два цэхі спыненыя, аднак прычыны называе іншыя — рамонт абсталяваньня:

“У нас нестае камплектуючых для рамонту. Камплектуючыя ідуць яшчэ з Кітаю. Гэта дужа далёка. Мытныя пытаньні дужа дарагія. Кожнаму не патлумачыш, бо камэрцыйных тэхнічных пытаньняў яны ня ведаюць. Мы асноўную масу людзей адправілі ў адпачынкі. Не за свой кошт, як некаторыя прадпрыемствы, а ў адпачынкі, то бок выплачваем адпускныя, каб людзі не пакутавалі”, — тлумачыць сытуацыю на прадпрыемстве прадстаўнік адміністрацыі.

Паводле яго, кіраўніцтва зьбіраецца спыняць і той цэх, які цяпер працуе, — таксама для рамонту абсталяваньня.

Прадстаўнік адміністрацыі пацьвярджае, што на прадпрыемстве ёсьць цяжкасьці з вырабам прадукцыі, выкліканыя сусьветным крызісам. Што гэта за цяжкасьці, ён не патлумачыў:

“Усе праблемы, якія існуюць у сусьветнай эканоміцы і эканоміцы нашай краіны, яны, канечне ж, і на нас адбіваюцца”.

Сумеснае беларуска-аўстрыйскае акцыянэрнае таварыства “Шклозавод “Ялізава” вырабляе слоікі, бутэлькі, упакоўку. Працуе тут каля тысячы чалавек. Семдзесят пяць працэнтаў прадукцыі ідзе ў постсавецкія краіны.

ГАНЦАВІЧЫ

Гаспадарчы суд Берасьцейскай вобласьці спрабуе цяпер спагнаць зь сельгаскаапэратыва “Дзяніскавічы” Ганцавіцкага раёну грашовую запазычанасьць перад бюджэтам у суме больш як 200 мільёнаў рублёў. На аўкцыён выстаўленыя 11 трактароў і аўтамашын. Гэта апошняе, што яшчэ ацалела ў гаспадаркі-банкрута.


У гэтыя дні на адзінай фэрме ў СПК “Дзяніскавічы” Ганцавіцкага раёну не атрымліваюць нават па 3 літры малака ад каровы. Міністар сельскай гаспадаркі Сямён Шапіра на нарадзе ў Менску заявіў, што гэты паказчык катастрафічны. На месцы ж пра эканоміку гаспадаркі кажуць яшчэ горш. Меркаваньне вэтэрана Віталя Пракурата:

“Можа, “Свабода” дапаможа прыпыніцца гэтаму вар’яцтву?”

“Можа, голас “Свабоды” дапаможа хоць крыху прыпыніцца гэтаму вар’яцтву? Каб вярнуўся нейкі розум, разумееце? Каб дапамагчы тутэйшым людзям. Гаспадарка ня тое што дабіваецца — тут страшная зьява! І ня толькі тут, у Дзяніскавічах. Такіх калгасаў у раёне палова”.

Некалі Дзяніскавічы былі знаным мястэчкам на беларускім Палесьсі. Са словаў Вольгі Заяц, насельнікаў было амаль дзьве тысячы:

“Нашу вёску раней называлі другім Кітаем. А цяпер яна ўжо нішто. Адкрылі лякарню па сацыяльным доглядзе. Усе ложкі занятыя цалкам. А яшчэ ў чарзе 16 чалавек. Ужо 45 чалавек памерлі. І сьмяротнасьць усё павялічваецца. А нараджаецца толькі два ці тры дзіцяці ў год”.

Са словаў Вольгі Заяц, палешукі не атрымліваюць цяпер заробку ў калгасе. Грошы, кажа суразмоўца, зьяўляюцца, калі ўдасца прадаць у Баранавічах ці Менску сушаныя грыбы ці лясныя ягады, што ацалелі з восені:

“Нас менавіта гэта падцягвае. Хоць крышку людзі, якія працуюць у калгасе, сябе падцягваюць. Асабліва ў цяперашні гэты крызіс. Вяскоўцы харчуюцца хлебам і малаком. На большае ўжо не хапае”.

XS
SM
MD
LG