Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Гефтэр: С.Маркелаў лічыў Беларусь другой радзімай


Валянцін Гефтэр

Валянцін Гефтэр

У ранішнім эфіры “Свабоды” гутарка з дырэктарам расейскага Інстытуту правоў чалавека, сябрам рады праваабарончага цэнтру “Мэмарыял” Валянцінам Гефтэрам пра адваката Станіслава Маркелава.



Ганна Соўсь: 20 студзеня ў Маскве і Грозным прайшлі шматлюдныя мітынгі ўшанаваньня забітых учора адваката Станіслава Маркелава і журналісткі Анастасіі Бабуравай. Праваабаронцы прынесьлі кветкі да месца злачынства на вуліцы Прачысьценка ў Маскве. Шмат хто называе гэтыя забойствы палітычнымі. Валянцін Міхайлавіч, як расейскія праваабаронцы ўспрынялі забойства адваката Станіслава Маркелава?

Валянцін Гефтэр: Зразумела, што рэакцыя ў першую чаргу чалавечая. Гэта, канечне, вялікая трагедыя і для сям'і, і для тых людзей, якія непасрэдна працавалі разам са Станіславам. Гэта і палітычная, і грамадзка значная падзея, паколькі многія справы і кірункі яго адвакацкай і праваабарончай працы былі на слыху.

Станіслаў Маркелаў, 2007 год.
Гэта зьвязана ня толькі са справай Буданава, са справай сям'і Кунгаевых, гэта зьвязана са многімі справамі -- некаторымі справамі ў Чачні, з вялікімі справамі, якія Станіслаў вёў у сувязі з палітычна матываванымі працэсамі ў дачыненьні да левых, анархістаў, актывістаў гэтага руху, зь якімі, як вы ведаеце, праваахоўныя органы ў апошнія гады ня вельмі цырымоняцца. І маса іншых справаў, якія вёў Станіслаў, гэта ўсё разам стварала вобраз аднаго з самых вядомых адвакатаў-праваабаронцаў.

Гэтая прафэсія і ў Беларусі, наколькі я ведаю, ня вельмі папулярная. Я ведаю толькі некалькі чалавек, якія, застаючыся фармальна адвакатамі, не пазбаўленымі права абараняць, якія вядуць актыўную працу, відавочна зьвязаную з небясьпекай асабіста для іх і з вялікай грамадзкай значнасьцю справаў, якія яны вядуць.

Ганна Соўсь
Соўсь:
Станіслаў быў зьвязаны з Беларусьсю, некалькі гадоў таму быў адвакатам Юрася Іванюковіча, які напісаў на будынку беларускай амбасады “Жыве Беларусь” і “БТ хлусіць”. Наколькі ён цікавіўся сытуацыяй у Беларусі? Што яго зьвязвала з Беларусьсю?

Гефтэр:
У апошнія гады, можа, менш ужо, але я памятаю канец 1990-х-пачатак 2000-х , пэрыяд, калі ў Беларусі ўсе палітычна значныя праваабарончыя моманты былі бачныя... Стас часта бываў і на сэмінарах у Беларусі. У рэшце, ён жанаты на беларусцы. У яго было заўсёды да Беларусі вельмі цёплае стаўленьне, ня ў тым сэнсе, што ён любіў цяперашні беларускі рэжым, канечне, тут ні пра якую сымпатыю казаць не выпадае. Справа ў тым, што ён гэта лічыў сваёй другой радзімай. І таму для яго былі асабліва важныя і тыя канкрэтныя крымінальныя справы, зьвязаныя з Беларусьсю.

Стас часта бываў і на сэмінарах у Беларусі. У рэшце, ён жанаты на беларусцы. У яго было заўсёды да Беларусі вельмі цёплае стаўленьне
Памятаю, як мы зь ім займаліся справай, зьвязанай з двума людзьмі, якіх абвінавацілі ў перавозцы наркотыкаў, яны атрымалі вялікія тэрміны ў Маскве. Паводле маіх зьвестак, ён ня вёў справаў уласна ў Беларусі, але тыя справы ў Маскве, якія маглі тычыцца неяк грамадзянаў Беларусі, парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, былі яму блізкія. Акрамя таго, я ведаю, што ён некалькі разоў удзельнічаў ў працы сэмінараў і канфэрэнцый, якія праводзіў Цэнтар па правам чалавека Веры Страмкоўскай. Я таксама браў у іх удзел. Для яго Беларусь была родным месцам.

Соўсь: Вы, безумоўна, адсочваеце сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, Калі параўноўваць яе з расейскай, то ў чым яна падобная, а ў чым адрозьніваецца?

справы ў Маскве, якія маглі тычыцца неяк грамадзянаў Беларусі, парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, былі яму блізкія
Гефтэр:
Тут ёсьць некалькі штампаў, якія часам паўтараюць пра агульнапалітычную сытуацыю і пра праваабарончую, што, маўляў, Расея ў нейкім сэнсе паўтарае беларускія трэнды сярэдзіны 1990-х гадоў. Я не магу пагадзіцца . У кожнай краіне ёсьць свая спэцыфіка. Канечне, ёсьць агульныя рысы такога нэа-аўтарытарнай дзяржаўнасьці, якая ў розныя часы прысутнічае ў і вашай, і ў нашай дзяржаве, яны аб'ядноўваюць многае. Гэта і перасьледы актывістаў няўрадавых арганізацый, і канкрэтныя страшныя падзеі, у вас іх называюць зьнікненьні, і мы гэтым шмат займаліся, а ў нас, калі казаць пра Маскву, то гэта і наўпроставыя забойствы вулічныя невядомымі асобамі, і яшчэ некаторыя рэчы.

Канечне, крымінальныя працэсы з відавочнай палітычнай матывацыяй. Тут нас многае аб'ядноўвае, думаю, што ня толькі нас, але і іншыя краіны так званай пераходнай дэмакратыі, ці пераходнай ужо дэдэмакратызацыі, ў адваротным кірунку. У гэтым сэнсе ў нас шмат падобнага, хаця ў Расеі ёсьць свая спэцыфіка ў сілу розных рэчаў, у сілу таго, што зьвязана з Паўночным Каўказам, з чачэнскім канфліктам, якім Станіслаў займаўся вельмі шмат, і зь якім, я думаю, шмат зьвязана ў ягоным трагічным лёсе.

Хаця наўпрост не магу сказаць, што гэта прычына, але вялікі кавалак яго адвакацкага, праваабарончага жыцьця быў зьвязаны з тым, што ў нас называецца антыфашызмам, барацьбой з ксэнафобіяй, са злачынствамі на глебе нацыяналістычнага гвалту. І гэтага, на шчасьце, наколькі я ведаю, у Беларусі значна менш, проста няма амаль. І гэта вельмі сумная спэцыфіка Расеі.



Мэмарыяльная акцыя ў Маскве
Ураджэнец Масквы Станіслаў Маркелаў быў шчыльна зьвязаны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, ад 1997 году працаваў у Менску як абаронца ўдзельнікаў антыўрадавых дэманстрацыяў і мітынгаў пратэсту. У 2001 годзе ён быў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Як я ўжо згадвала, летам 2006 году Станіслаў Маркелаў абараняў у маскоўскім судзе грамадзяніна Беларусі Юрася Іванюковіча, які 9 траўня намаляваў на будынку беларускай амбасады ў Маскве лёзунгі “Жыве Беларусь” і “БТ хлусіць”. Маркелаў здолеў тады ўпершыню дамагчыся, каб у судзе працаваў перакладчык зь беларускай мовы. Ён і сам гаварыў па-беларуску, вось як ён тады камэнтаваў справу Іванюковіча:

“Гэта першы прэцэдэнт у расейскай справе, калі суд будзе карыстацца перакладчыкам зь беларускай мовы. Гэта ўжо нейкі прарыў, што беларуская мова афіцыйна прызнаная як мова, якая можа выкарыстоўвацца ў судовай справе. Мой падабаронны зусім не разумее, у чым яго вінавацяць наагул. Абвінаваўчы акт, які яму далі, — там памылка на памылцы. Ніводзін нармальны беларус, як вы разумееце, не перакладзе “Жыве Беларусь” як “Живёт Беларусь”. Узьнікла абсурдная сытуацыя, калі з абсурднай, дробнай справы ўзьніклі праблемы міждзяржаўных, міжнацыянальных дачыненьняў”.

У лістападзе 2007 году Маркелаў здолеў дамагчыся спыненьня справы супраць Юрася Іванюковіча ў Басманным судзе Масквы. Пра забойства Станіслава Маркелава напісалі практычна ўсе вядучыя выданьні сьвету. Яны ставяць гэтае злачынства ў адзін шэраг з забойствам Ганны Паліткоўскай.

Генэральны сакратар Рады Эўропы Тэры Дэйвіс назваў нядаўняе забойства ў Маскве адваката Станіслава Маркелава і журналісткі Анастасіі Бабуравай новай атакай на тых, хто працуе дзеля захаваньня правоў чалавека ў Чачні. "Міжнародная амністыя" заклікала расейскія ўлады паказаць, што яны ня будуць стрымана ставіцца да такіх злачынстваў.



  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG