Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы віталі Абаму ў Вашынгтоне


Сёньня першы дзень працы Барака Абамы на пасадзе прэзыдэнта ЗША. А напярэдадні за цырымоніяй інаўгурацыі Барака Абамы ў Вашынгтоне назіралі сотні тысяч людзей, ў тым ліку і беларусы, якія жывуць ў ЗША. Сярод іх быў студэнт з Беларусі Кірыл.


Кірыл прыехаў у Вашынгтон на запрашэньне свайго сябра па каледжу, прапраўнука прэзыдэнта Франкліна Рузвэлта. Кірыл назіраў за цырымоніяй інагурацыі з плошчы каля Капітолія, а ўвечары быў на адным са шматлікіх сьвяточных баляў. Я папрасіў Кірыла распавесьці пра ягоныя ўражаньні ад першай прамовы Барака Абамы ўжо на пасадзе прэзыдэнта, адразу пасьля прысягі.

“Сьпіч Абамы я чуў праз вялікі экран, такія экраны ўсталяваны паўсюль перад Капітоліям. Натхняльная была прамова, але я пачуў у тоне Абамы і тое, што складаныя часы перажывае зараз Амэрыка. І ён пра гэта казаў, што зараз у Амэрыцы цяжкасьці ў эканоміцы, з гэтымі двума войнамі праблемы, што ўсім трэба аб’яднацца. Быў нейкі момант падчас сьпічу, калі была цішыня. Бо ён казаў нейкія рэчы, якія, мабыць, слухаць было не вельмі прыемна. Потым, у канцы сьпічу прагучалі больш аптымістычныя ноткі, больш натхняльныя. Абама заклікаў амэрыканцаў аб’яднацца і разам перажыць гэтыя цяжкія часы.

Карэспандэнт: “Мэдыі шмат пісалі пра надзвычайныя захады бясьпекі. Ці перашкаджала гэта людзям, вось вам асабіста, перажываць урачыстасьць моманту?”

Кірыл: “Не, не перашкаджала. Паводле мэра Вашынгтона ў горадзе прысутнічае 42 тысячы вайскоўцаў і паліцэйскіх, але яны не замінаюць. Зброі ў іх не бачна, яна можа і ёсьць, але яе не бачна. Людзі з імі фатаграфуюцца, а яны паказваюць людзям, куды ісьці, тлумачаць. Яны, так бы мовіць, частка гэтых ўрачыстасьцяў”.

Карэспандэнт:
“Вось гэта прапраўнук прэзыдэнта Рузвэлта, у якога ты спыніўся, ён сам прысутнічаў на інагурацыі і як ён туды патрапіў? Я хачу спытаць, ці ёсьць нейкія прывілеі ў нашчадкаў былых прэзыдэнтаў, яны могуць набыць квіткі на мерапрыемствы таньней ці як?”

Кірыл: “Так, ён быў на інагурацыі і атрымаў некаторыя квіткі. Прыкладам, на баль, які будзе сёньня ўвечары пасьля інагурацыі. Квіткі каштавалі 150 даляраў і ён іх атрымаў”.

На інагурацыі ў Вашынгоне прысутнічала болей за тры мільёны чалавек. А сёньня большасьць з іх раз’едзецца са сталіцы ЗША, для іх пачнецца новы працоўны дзень з новым прэзыдэнтам, які таксама прыступіць да сваіх абавязкаў.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG