Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы сачылі за інаўгурацыяй Барака Абамы


Кэралайн Сэвідж

Кэралайн Сэвідж

Амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ладзіла прыём з нагоды інаўгурацыі 44-га прэзыдэнта ЗША Барака Абамы. Прысутныя мелі магчымасьць глядзець прамую трансьляцыю з Вашынгтону.

У адукацыйным цэнтры амбасады ЗША сабраліся грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі МЗС Беларусі і палітыкі. Да іх з кароткай прамовай зьвярнулася прэс-аташэ амбасады ЗША Кэралайн Сэвідж.

Пасьля гэтага ўсе прысутныя глядзелі, як адбывалася інаўгурацыя 44-га прэзыдэнта ЗША.

Варта адзначыць, што шмат увагі гэтай падзеі надавалі тэлеканалы постсавецкіх краінаў, наконт чаго Кэралайн Сэвідж выказала сваё меркаваньне:

“Я мяркую, як я ўжо казала раней, гэтыя выбары папросту натхнілі амэрыканцаў і людзей ва ўсім сьвеце з-за сваёй значнасьці. Гэта значна ня толькі для амэрыканцаў, але й для ўсіх людзей.

Магчыма, яшчэ й таму, што ўпершыню ў гісторыі Амэрыкі абралі афраамэрыканца прэзыдэнтам у нашым грамадзтве, дзе ня так даўно было рабства, ня так даўно была сэгрэгацыя – гэта паказвае, што амэрыканскае грамадзтва можа вылечыцца і зьмяніцца”.

Прамову прэзыдэнта Барака Абамы слухаў Артур Фінькевіч:

“Тое, што абралі менавіта Барака Абаму ёсьць паказьнікам таго, што Амэрыка рухаецца ў бок дэмакратыі, каб выконваліся правы ўсіх нацыянальных меншасьцяў, нягледзячы на расавую прыналежнасьць ці рэлігійныя погляды, людзі маюць аднолькавыя правы. Гэта ёсьць прыкладам для нас, для ўсёй Эўропы, для ўсяго сьвету”.

Каардынатар “Хартыі’97” Зьміцер Бандарэнка зазначыў:

“Мы сёньня бачым, што для амэрыканцаў, у першую чаргу для афраамэрыканцаў, Абама – ня проста прэзыдэнт. У пэўным сэнсе ён – мэсія. Зь ім атаясамліваюцца спадзяваньні на перамены ў дзяржаве. Відавочна, што сёньняшняя сыстэма ў Беларусі ёсьць памылкай. Яна ўжо сваё адпрацавала. Для беларусаў гэта аналёгія з амэрыканскай сытуацыяй – амэрыканцы чакаюць пераменаў і беларусы таксама”.

Прамову 44-га прэзыдэнта ЗША прысутныя слухалі стоячы. Некалькі разоў прамову сустракалі воплескамі.

XS
SM
MD
LG