Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Лукашэнкі ва Ўкраіну: што і каму дэманструюць транзытныя краіны?


Віктар Юшчанка і Аляксандар Лукашэнка

Віктар Юшчанка і Аляксандар Лукашэнка

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 20-га студзеня

У Чарнігаве адбылася сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Ўкраіны Аляксандра Лукашэнкі і Віктара Юшчанкі. У чым палітычны сэнс гэтага саміту? Ці могуць краіны дамовіцца пра сумесную пазыцыю ў пытаньні транзыту расейскіх энэргарэсурсаў? Ці вырашаць Лукашэнка і Юшчанка праблему ўкраінскага доўгу?

Удзельнікі: дактарант Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Сяргей Богдан зь Менску і дырэктар Інстытуту палітычнага аналізу і міжнародных дасьледаваньняў Сяргей Таўстоў з Кіева.

У чым палітычны сэнс гэтага саміту?

Валер Карбалевіч: “Здаецца, галоўная інтрыга гэтага візыту палягае ня ў зьмесьце рашэньняў і дамоўленасьцяў, а ў самім факце сустрэчы. Дакумэнты, плянаваныя для падпісаньня, відавочна не прэзыдэнцкага ўзроўню. Тут цікава іншае. Аляксандар Лукашэнка не паехаў у Маскву на “газавы саміт” па запрашэньні Крамля, але прыехаў ва Ўкраіну на другі дзень пасьля заканчэньня газавай вайны. Падаецца, што гэта даволі выразны дыпляматычны жэст.

Прычым калі Ўкраіна мае газавы кантракт з Расеяй на гэты год, дзе вызначана цана на газ, то Беларусь яго ня мае дасюль. Акрамя нейкіх практычных пытаньняў, што і каму хоча паказаць Лукашэнка гэтым візытам у Чарнігаў?“

Сяргей Богдан
: “Найперш, Лукашэнка імкнецца захаваць пэўную раўнавагу паміж рознымі кірункамі сваёй зьнешняй палітыкі. Курс на збліжэньне з Захадам ён спрабуе ўраўнаважыць праз збліжэньне з Расеяй. Юшчанка — фаварыт заходніх палітычных элітаў. Таму для Лукашэнкі сустрэча з украінскім прэзыдэнтам азначае сыгнал Захаду.

Яшчэ больш важным зьяўляецца вырашэньне газавай праблемы, якая актуальная і для Беларусі, і для Ўкраіны. Таму важны пункт перамоваў — узгадненьне палітыкі адносна транзыту газу“.

Пазыцыя ўкраінскага боку

Карбалевіч: “Менавіта ўкраінскі бок ужо пэўны час ініцыюе гэтую сустрэчу кіраўнікоў дзьвюх дзяржаў. І афіцыйны Менск усяляк ад яе ўхіляўся. Навошта патрэбная гэтая сустрэча Юшчанку?”

Сяргей Таўстоў: “Тут ёсьць некалькі момантаў. Такая сустрэча плянавалася яшчэ з 2007 году. Тады Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны распрацоўвала мадэлі каардынацыі энэргатранзытнай палітыкі. А беларускае кіраўніцтва пагаджалася разглядаць пытаньні паставак нафтапрадуктаў з Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. Аднак тады сустрэча не адбылася.
Я б не разглядаў цяпер ва ўмовах эканамічнага крызісу пазыцыі і Лукашэнкі, і Юшчанкі як празаходнія ці прарасейскія.


Цяпер абедзьве краіны маюць пэўныя праблемы з газам і праблемы адносінаў з Расеяй, а таксама з Эўразьвязам. Я б не разглядаў цяпер ва ўмовах эканамічнага крызісу пазыцыі і Лукашэнкі, і Юшчанкі як празаходнія ці прарасейскія. Бо такая сыстэма каардынат ва ўмовах крызісу не працуе. Кожная краіна дбае пра сваё эканамічнае выжываньне.

Таму было б добра дамовіцца пра каардынацыю дзеяньняў дзьвюх краін у пытаньні энэргатранзытнай палітыкі, адносінаў з Расеяй і Эўразьвязам. Больш важна тое, што дыялёг паміж дзьвюма дзяржавамі распачаўся і мае праводзіцца на сталай аснове. Гандлёвы абарот паміж краінамі вялікі, але адносіны час ад часу замарожваюцца“.

Ці магчымая сумесная пазыцыя па цэнах на газ і транзыце

Карбалевіч: “Вось мае суразмоўцы ўзгадалі пра пытаньне, якое ўжо даўно абмяркоўваюць украінскія і беларускія экспэрты ды палітыкі. Гэта пытаньне пра магчымасьць ці неабходнасьць Украіне і Беларусі выпрацаваць сумесную пазыцыю па цэнах на газ і выступіць перад Расеяй адзіным фронтам, каб Масква не шантажавала абедзьве транзытныя краіны паасобку. Але ці магчыма гэта? Бо Ўкраіна і Беларусь у пэўным сэнсе канкурэнты ў гэтым пытаньні. Да таго ж Беларусь мае вялікія льготы ад Расеі”.

Богдан: “Гэта вельмі цікавы варыянт. Але любое ўзгадненьне палітыкі магчымае пры дзьвюх умовах.
„Газпром“ мае шмат магчымасьцяў, каб супрацьдзейнічаць узгадненьню пазыцый Беларусі і Ўкраіны
Па-першае, паміж кіраўніцтвам дзьвюх краін павінен існаваць вялікі давер. Па-другое, павінна існаваць высокая культура выкананьня дамоўленасьцяў. Як паказвае практыка дзяржаў постсавецкай прасторы, гэтага якраз і не існуе. Яскравым прыкладам можа служыць СНД, дзе дамоўленасьці не выконваюцца. Лёс праекту стварэньня Чарнаморска-Балтыйскага калектару пацьвярджае гэтую думку. Да таго ж „Газпром“ мае шмат магчымасьцяў, каб супрацьдзейнічаць узгадненьню пазыцый Беларусі і Ўкраіны”.

Таўстоў: “Я не казаў увогуле пра тое, што гаворка вядзецца пра новую дамоўленасьць ці транзытны саюз паміж Беларусьсю і Ўкраінай, асабліва пасьля таго, як Украіна падпісала ўгоду з Расеяй. Таму цяпер пытаньне такое ставіць позна. Каб дамаўляцца пра сумесную пазыцыю, перамовы трэба было пачынаць зь мінулага году.

Цяпер гаворка можа ісьці пра інфармацыйнае ўзаемадзеяньне. Таму што без абмену інфармацыяй ня можа быць даверу і супрацоўніцтва паміж краінамі. А гэта аслабляе іх пазыцыі ў адносінах і з Расеяй, і з Эўразьвязам“.

Карбалевіч: “Да таго ж любыя спробы транзытных дзяржаваў дамовіцца пра агульную пазыцыю будуць мець і іншы вынік: Расея і Эўропа паскораць будаўніцтва абходных газаправодаў і нафтаправодаў”.

Ці вырашаць Лукашэнка і Юшчанка праблему ўкраінскага доўгу?

Карбалевіч: “У беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях ёсьць адна старая праблема. Беларусь лічыць, што Ўкраіна павінна вярнуць доўг, які ўзьнік на пачатку 1990-х гадоў. Але Кіеў адмаўляецца прызнаваць гэты доўг як дзяржаўны, лічыць, што гэта праблемы гаспадарчых суб’ектаў. У адказ беларускі бок адмаўляецца ратыфікаваць пагадненьне аб мяжы паміж дзьвюма дзяржавамі. Ці ёсьць шанец цяпер вырашыць гэтую праблему?”

Богдан: “Праблема даўгоў вельмі пашыраная ва ўсім сьвеце. І ў Беларусі такая праблема існуе ня толькі з Украінай. Сапраўды, гэтая праблема ўзьнікла ў іншую гістарычную эпоху. Думаю, спагнаць гэтыя даўгі як дзяржаўныя нерэальна. Трэба іх рэструктурызаваць і шукаць рашэньне на ніжэйшым узроўні. Магчыма, Беларусі выгадна трымаць праблему мяжы ў падвешаным стане?”

Таўстоў: “Уся праблема ня можа быць вырашана ў выглядзе перавядзеньня ўсіх даўгоў у статус міждзяржаўных. Бо гаворка ідзе пра праблему, якая ўзьнікла ў адносінах паміж прадпрыемствамі Беларусі і Ўкраіны ў час распаду СССР.

Цяпер беларускі бок выкарыстоўвае гэтае пытаньне як чыньнік уплыву на ўкраінскую пазыцыю. Што тычыцца дамовы пра мяжу, то яна выконваецца абедзьвюма дзяржавамі. Бо тэрытарыяльных прэтэнзій няма ні з аднаго, ні з другога боку.

Аднак я ня думаю, што гэтае пытаньне будзе вырашанае цяпер. Бо калі Ўкраіна прызнае гэты доўг як дзяржаўны, то яна створыць прэцэдэнт у адносінах зь іншымі постсавецкімі дзяржавамі. На гэта Ўкраіна ня пойдзе“.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG