Лінкі ўнівэрсальнага доступу

E-mail прэзыдэнту: аднабаковая сувязь


З заступленьнем на пасаду 44-га прэзыдэнта ЗША Барака Абамы перагортваецца чарговая старонка ў прэзыдэнцкай гісторыі Злучаных Штатаў. Ужо ад заўтра пачнецца інвэнтарызацыя ўлады па ўсіх напрамках. Сёньня на афіцыйным сайце Белага дому www.whitehouse.gov/president/ уладарыць яшчэ папярэднік Абамы — Джордж Буш-малодшы. Наколькі важны для карыстальнікаў прэзыдэнцкі інтэрнэт-рэсурс? Ці падтрымліваюць сувязь з выбарцамі праз адмысловыя інтэрнэт-старонкі кіраўнікі іншых краінаў?

Апошні дзень з васьмі гадоў свайго гаспадараньня ў Белым доме Джордж Буш-малодшы ўсьміхаецца наведнікам прэзыдэнцкай інтэрнэт-старонкі. Здымак Буша за тэлефоннай размовай датаваны 19 студзеня; подпіс пад ім яшчэ больш яскравы — “апошні працоўны дзень у Авальным кабінэце”. Аўтаматычна неактуальным становіцца заклік накіраваць e-mail 43-му прэзыдэнту ЗША: ужо ад заўтра фронтмэнам Белага дому будзе Барак Абама, а ягоная паштовая скрынка яшчэ не працуе.

Тым часам як у амэрыканскай адміністрацыі рыхтуюцца да ўсталяваньня новых парадкаў, віртуальныя гаспадаркі іншых прэзыдэнтаў працуюць у ранейшым рэжыме. Праўда, некаторыя — з папраўкай на тэхнічны прагрэс. Прыкладам, у апошнія дні мінулага году на сайце прэзыдэнта Расеі www.kremlin.ru апроч сухой пратакольнай інфармацыі зьявіўся прэзыдэнцкі “відэаблог” — разважаньні Дзьмітрыя Мядзьведзева на палітычныя і сацыяльныя тэмы, уражаньні ад замежных візытаў, аналіз наступстваў сусьветнага фінансавага крызісу. Спэцыяльны карэспандэнт праграмы “Постскрыптум” на расейскім канале ТВЦ Сяргей Кацянкоў кажа: такая форма віртуальнага кантактаваньня істотна ажыўляе крамлёўскі сайт:

Відавочна, Мядзьведзеў у тэхнічным пляне больш прасунуты “юзэр”.
“Зусім нядаўна Мядзьведзеў адкрыў свой відэаблог, дзе выказваецца па той ці іншай тэме. Цяпер можна праз камэнтары кантактаваць зь першай асобай (натуральна, праз пасярэдніцтва мадэратараў). Такая практыка запачаткаваная літаральна ў канцы мінулага году, і гэта прынцыпова новая старонка, адрозна ад Пуціна. Відавочна, Мядзьведзеў у тэхнічным пляне больш прасунуты “юзэр”, калі першым адкрыў свой відэаблог.

А ўвогуле сайт арганізаваны нядрэнна. Прынамсі, удакладніць якіясьці тэмы, актуальныя на гэтым тыдні, я, натуральна, магу. Але ня больш за тое: афіцыйны пункт гледжаньня нас, як правіла, цікавіць у меншай ступені, чым падводныя камяні. Таму мы больш акцэнтуемся на працы з экспэртамі. Сайт журналістам цікавы з гледзішча практычнай інфармацыі: калі заплянаваная прэс-канфэрэнцыя, асьвяжыць у галаве, калі ён што заявіў. З гэтай пазыцыі ўсё добра“.

Увогуле магчымасьць інтэрнэтных кантактаў з вышэйшымі асобамі праз прэзыдэнцкія сайты — зьява для многіх краінаў звыклая. Ёзас Рузгіс, намесьнік дарадцы прэзыдэнта Літвы, кажа, што кіраўніцтва краіны ўсяляк стымулюе спрашчэньне зносінаў на ўсіх узроўнях. Ва ўмовах павальнай кампутарызацыі галоўным сродкам неабмежаванай сувязі робіцца інтэрнэт. І яго магчымасьцямі, паводле суразмоўцы, грамадзяне Літвы карыстаюцца ўсё больш актыўна — у тым ліку і ліставаньнем праз прэзыдэнцкі сайт www.president.lt са сваім лідэрам Валдасам Адамкусам:

“Усе лісты рэгіструюцца, нават атрыманыя праз электронную пошту. Ідзе прыём і рэгістрацыя — гэтак сама, як і рэгістрацыя звычайных лістоў. І заўсёды, калі ёсьць які-небудзь зваротны адрас (а людзі не заўсёды пакідаюць адрас электроннай пошты ці хатні адрас), калі ёсьць кантакты, празь якія можна зьвязацца, заўсёды рыхтуецца адказ.

Ёсьць у канцылярыі прыёмная, якая разьмяркоўвае лісты паводле важнасьці. Прыкладам, на калядныя сьвяты вельмі шмат было лістоў зь віншаваньнямі на адрас прэзыдэнта. Такія лісты накіроўваюцца прэзыдэнту, каб ён сам іх прачытаў. Калі ёсьць пасланьні зь нейкімі спэцыфічнымі пытаньнямі, тады іх накіроўваюць дарадцам пэўнай групы прэзыдэнта, адказным за канкрэтныя кірункі. А ў прынцыпе ў нашай дзяржавы ёсьць мэта, каб людзі больш карысталіся інтэрнэтам. Гэта спрыяе наўпроставай сувязі, абмінаючы пошту і афіцыйныя структуры. Мэта прасоўвацца ў гэтым кірунку акрэсьленая“.


На тле суседзяў інтэрнэт-старонка кіраўніка Беларусі — самая кансэрватыўная.
На тле суседзяў інтэрнэт-старонка кіраўніка Беларусі — самая кансэрватыўная. Да ліставаньня ніхто не заклікае; большую частку прасторы займаюць афіцыйныя дакумэнты і кароткая храналёгія сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі. Па даўняй завядзёнцы — ніякай асабістай інфармацыі, за выключэньнем сьціслага пераліку этапаў кар’ернага росту.

Лёгка адчуць розьніцу, адчыніўшы сайт любога іншага кіраўніка дзяржавы. На афіцыйным інтэрнэт-рэсурсе прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі www.president.gov.ua — энцыкляпэдычныя зводкі пра ўсё, што карысна і цікава наведнікам. Вялікая фотагалерэя — ад афіцыйных здымкаў да сямейных, расповед пра бацькоў прэзыдэнта, ягоную сям’ю; асобная рубрыка прысьвечаная першай лэдзі Кацярыне Юшчанцы. Тут жа можна зрабіць віртуальныя экскурсіі па рэзыдэнцыях кіраўніка дзяржавы — і цырыманіяльных, і працоўных.

Амаль па-хатняму выглядае сайт ужо згаданага Валдаса Адамкуса — ад зразумелага распарадку працоўнага дня да кадраў сямейнага альбому. Асобная рубрыка на сайце — “Сям’я прэзыдэнта”.

Шырачэзны спэктар інфармацыі на сайце прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага: старонка першай лэдзі, лябірынты прэзыдэнцкага палацу. Паўсюль на відным месцы пазначаны электронны адрас прэзыдэнцкай прыёмнай ці канцылярыі.

А на сайце прэзыдэнта Латвіі www.president.lv Валдыса Затлерса пад прэзыдэнцкім партрэтам тлусты катэгарычны заклік: “Пішыце прэзыдэнту!” Праўда, як кажа намесьнік кіраўніка Канцылярыі прэзыдэнта Латвіі Эрыкс Озалс, латышы ўсё ж схільныя да старых мэтадаў ліставаньня — у папяровым варыянце атрымаць адказ шанцаў болей. Аднак значнасьць справы ад гэтага не зьмяншаецца:

“Інтэрнэт-старонка — гэта дастаткова важна. Многія журналісты бяруць інфармацыю пра тое, што адбываецца ў нас у Палацы, менавіта з інтэрнэт-сайту. Таксама й іншыя дзяржаўныя інстытуты адсочваюць прэзыдэнцкі графік з гэтага сайту. Але калі па шчырасьці, людзі пішуць прэзыдэнту праз e-mail досыць рэдка, тым часам як штодня мы атрымліваем вельмі шмат лістоў праз звычайную пошту.
З электроннымі лістамі працуе пераважна прэс-служба. Часам бывае так, што прэзыдэнт іх нават ня бачыць.
З электроннымі лістамі працуе пераважна прэс-служба. Часам бывае так, што прэзыдэнт іх нават ня бачыць. У прынцыпе, гэта тлумачыцца нашым заканадаўствам: электронныя лісты, так бы мовіць, не зусім легальныя, ня тыя, на якія нам абавязкова трэба адказваць. Аднак калі чалавек напіша „нармальны“ папяровы ліст, тады мы кіруемся спэцыяльным законам, паводле якога павінны адказаць яму цягам месяца”.

Аляксей Дзікавіцкі, кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў тэлеканалу “Белсат”, дысьлякаванага ў Варшаве, інтэрнэт-старонку прэзыдэнта Польшчы www.president.pl ацэньвае хоць і сьціпла, аднак лічыць, што свае функцыі яна выконвае — досыць апэратыўна інфармуе наведнікаў пра падзеі ў дзяржаве і дае магчымасьць палякам свабодна выказваць у электронным выглядзе сваю пазыцыю адносна працэсаў у краіне. А польскія СМІ актыўна карыстаюцца магчымасьцю скарыстаць выкладзеныя бясплатна фотаздымкі:

“Сайт прэзыдэнта даволі просты, бадай, як і ў кожнай такой афіцыйнай асобы. Досыць сухая інфармацыя пра мерапрыемствы, у якіх браў удзел прэзыдэнт Качынскі. Інфармацыя пра тое, чым займаецца прэзыдэнт, куды езьдзіць, хутчэй зьяўляецца ў інфармацыйных агенцтвах, чым на сайце. Але разам з тым тут можна прачытаць досыць грунтоўныя справаздачы з паездак ці сустрэчаў прэзыдэнта; таксама на сайце файная фотагалерэя, адкуль можна сродкам масавай інфармацыі браць здымкі ў добрай якасьці. Што тычыцца магчымасьці напісаць мэйл, то так: унізе, з правага боку старонкі, ёсьць адмысловая іконка, клікнуўшы на якую, можна напісаць ліст да прэзыдэнта. Шчыра кажучы, я ніколі не пісаў, таму ня ведаю, наколькі гэта эфэктыўна. Але думаю, што нейкая зваротная сувязь ёсьць, бо ў канцылярыі працуюць людзі, якія гэтым спэцыяльна займаюцца”.

Сёньня наведнікі сайту Белага дому яшчэ маюць магчымасьць ці не ў апошні раз ахапіць увагай два тэрміны кіраваньня 43-га прэзыдэнта ЗША. А таксама ў суправаджэньні Джорджа і Лоры Буш зрабіць відэаэкскурсію па працоўнай рэзыдэнцыі, якая на восем гадоў стала для іх другім домам. Ад заўтра віртуальным гасьцям ужо давядзецца ўсталёўваць кантакт з новымі гаспадарамі Белага дому — Баракам і Мішэль Абамамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG