Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пікеты за “Вольнае Глыбокае”


Мясцовыя сябры Руху “За Свабоду” падалі ў Глыбоцкі райвыканкам заяўку на правядзеньне пікетаў дзеля падтрымкі адзінай у рэгіёне незалежнай газэты.

Яраслаў Берніковіч
Паводле глыбоцкага актывіста Яраслава Берніковіча, мэта правядзеньня шэрагу грамадзкіх акцый сфармулявана ў заяўцы наступным чынам: “прыцягнуць увагу грамадзкасьці да няроўнасьці суб’ектаў гаспадараньня на прыкладзе газэт “Весьнік Глыбоччыны” і “Вольнае Глыбокае”.

“Весьнік Глыбоччыны” — гэта мясцовая дзяржаўная раёнка, якая выходзіць тры разы на тыдзень, а падпіска на “Вольнае Глыбокае” і продаж гэтай газэты чытачам праз шапікі “Саюздруку” з 2006 году забароненыя.

Рэдактар “Вольнага Глыбокага” Ўладзімер Скрабатун некалькі разоў зьвяртаўся з гэтае нагоды да чыноўнікаў, спрабуючы аднавіць падпіску на газэту. Але ўсе ягоныя звароты заставаліся без адказу. Таму актывісты руху “За свабоду” вырашылі арганізаваць шэраг акцый, каб далучыць да вырашэньня гэтай праблемы і мясцовую грамадзкасьць.

Ня так даўно 64 чалавекі зь ліку жыхароў Глыбокага накіравалі ліст начальніку раённага вузла сувязі з патрабаваньнем патлумачыць, чаму падпіска на незалежную газэту не дазволеная. Цяпер грамадзкая падтрымка мае стацца больш масавай: сябар руху “За свабоду” Яраслаў Берніковіч кажа, што пікеты замоўленыя на тэрмін з 11 лютага да 26 сакавіка і што праходзіць яны будуць на гарадзкім кірмашы — там, дзе спадар Скрабатун разам са сваёй сям’ёй вымушаны асабіста распаўсюджваць газэту “Вольнае Глыбокае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG