Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэр? У войска!


Сёньня ваенны камісарыят Пінску накіраваў актывіста руху “За свабоду” Ігара Салаўя на службу ў зэнітна-ракетную частку ля Івацэвічаў. Прызыўніка забралі пасьпешліва, раніцай, не дазволілі скарыстацца сотавым тэлефонам.

Старэйшы брат навабранца Міхаіл паведаміў “Свабодзе”, што родныя праводзілі Ігара са сьлязьмі:

“У яго са станам здароўя ня ўсё добра. Ён скардзіўся, што баліць сэрца. Акрамя таго, выклікалі ў ваенкамат, каб ён там запоўніў нейкую анкету. Незразумелую і невядомую анкету. Як цяпер высьвятляецца, гэтая анкета патрэбная была не ваенкамату, а спэцслужбам”.

Ігар Салавей навучаўся ў Польшчы па праграме Каліноўскага. Падтрымліваў сувязь зь землякамі і, як адзначае сябра апазыцыі Кастусь Чувак, адбываў нават судовае пакараньне за ўдзел у палітычных акцыях.

“Ён удзельнічаў у акцыях Партыі БНФ. Бацька прыцягваў да гэтага яшчэ зь дзяцінства. Таксама далучыўся да нас, калі патрэбныя былі людзі перад выбарамі за Мілінкевіча. Яго тады таксама перасьледавалі. Ён вельмі такі хлопец рашучы. Ну, як кажуць, рэвалюцыянэр сапраўдны”.

У прызыўніка выдалена шчытападобная залоза, аднак на яго завялі справу як на ўхіліста.
Кастусь Чувак кажа, што на Берасьцейшчыне сёлета больш як дзесяць сябраў апазыцыі забіраюць на службу ў войска. “Сярод іх мусіў быць і мой сын Эдуард”, — кажа суразмоўца:

“За ім сачылі, крымінальную справу нават завялі, шмат чым іншым палохалі. Хаця ў сына выдаленая шчытападобная залоза і ён ніяк не падпадаў пад службу ў войску. Таму давялося ўцякаць зь Беларусі”.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч адзначае, што ў цяперашні прызыў у беларускае войска забіраюць нібыта на перавыхаваньне маладых актывістаў апазыцыі. Гэтую сытуацыю ён тлумачыць наступным чынам:

“Усіх — на службу!” — загадаў Лукашэнка
“Перакананы, што гэта чарговая спроба ўладаў па нэўтралізацыі актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху. Гэта адбываецца пасьля выступу Лукашэнкі на так званым усенародным сходзе. Памятаеце, як ён міністра абароны муштраваў: маўляў, чаму гэтыя дэмакраты на плошчы бадзяюцца? Усіх — на службу!”

Камэнтуе сытуацыю Зьміцер Жалезьнічэнка. Былы студэнт-выдатнік, моладзевы актывіст, сябра БНФ амаль год служыць у транспартных войсках у Жлобіне. Сёньня яму споўніўся акурат 21 год:

Паспрабуй кантраляваць, калі нас у арміі многа
“З аднаго боку, каб мы былі ўсе разам, нас было б прасьцей кантраляваць. А з другога боку, наадварот, паспрабуй нас такіх пракантраляваць, калі нас шмат. Тут рабіць абсалютна няма чаго.

Прымусовым накіраваньнем у войска, на думку салдата Жалезьнічэнкі, можна паўплываць на чалавека. Але шмат што залежыць ад асобы, псыхалягічнага й маральнага стану прызыўніка:

“Ведаеце, тут пытаньне псыхалёгіі. Да кожнага чалавека — індывідуальны падыход. Я бачу, што мяне тут так канкрэтна ламаць, пужаць не спрабавалі. Каб моцна накінуліся, можа, і паламалі б. Можа быць. Можа, і не. Але тут людзі вельмі розныя і вельмі шмат што з чалавекам можна зрабіць…”

Акрамя Зьмітра Жалезьнічэнкі, у беларускім войску служаць: актывіст БНФ Юры Дзяшук, ранейшы старшыня “Моладзі БНФ” Алесь Каліта, грамадзкі актывіст з Мазыра Фёдар Чаранкоў. Цяпер да службы прымушаюць вядомых моладзевых лідэраў Франка Вячорку і Івана Шылу.

Вячаслаў Кулік, Радыё Свабода (Гомель)


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG