Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму прэзыдэнты сустрэліся ў Чарнігаве?”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 20 студзеня, аўторак.

Галоўнай падзеяй сёньняшняга дня стала цырымонія афіцыйнага ўступленьня на пасаду прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі Барака Абамы. Камэнтар слухача Свабоды:

Cпадар:

“Да інаўгурацыі, відаць, і далей, Абама палітыку ЗША будзе трымаць: Тэрарыстаў паліць і Бен Ладэна лавіць.
А расейскі тандэм узамен — мусульманскім краінам падмогу дае.
Прыклад — Іран і ўран. Ды зброю прадае.
Можа, канчаюцца нафтадаляры, якія харчуюць расіян, іх капіляры?”


У Чарнігаве адбылася сустрэча прэзыдэнтаў Украіны і Беларусі. Аляксандар Лукашэнка заявіў пра адсутнасьць праблемаў ва ўзаемаадносінах Беларусі і Ўкраіны. Віктар Юшчанка паведаміў пра наяўнасьць “палітычнай волі для разьвіцьця стасункаў зь Беларусьсю”. Выказваньне слухача:

Cпадар: “Сустрэча прэзыдэнта Беларусі і прэзыдэнта Ўкраіны ў Чарнігаве. Чаму ў Чарнігаве, абласным цэнтры, а не ў сталіцы? Пэўна, гэта сьведчыць пра ўзровень гэтай сустрэчы”.

Выказваньне камэнтуе палітоляг Юры Чавусаў:

Юры Чавусаў
“Сустрэча адбылася менавіта ў Чарнігаве, бо ён пасярэдзіне паміж дзьвюма сталіцамі, якія дэманструюць розныя тэндэнцыі. У прынцыпе, гэтай сустрэчы чакалі даўно, пра яе абвяшчалася, што яна мае адбыцца. Аднак былі пэўныя перашкоды, у тым ліку пытаньні неўрэгуляванасьці беларуска-ўкраінскай запазычанасьці. Менавіта той, якая ўтварылася перад Беларусьсю, у часы распаду Савецкага Саюзу. Украінскія прадпрыемствы вінныя амаль сто мільёнаў даляраў. І сам факт, што гэтая сустрэча ўсё ж адбываецца, сьведчыць пра тое, што дзяржавы вырашылі адкласьці пытаньні даўнейшых грашовых запазычанасьцяў. Паколькі зараз ёсьць больш грунтоўныя, надзённыя і прынцыповыя пытаньні, якія тычацца стасункаў з усходнім суседам”.

Наступнае тэлефанаваньне — ад пераможцы конкурсу на лепшае выкананьне калядных сьпеваў “Калядная зорка”, які праходзіў на Радыё Свабода:

Ніна Ярмалінская: “Дзякуй вам, дарагія сябры, за дасланыя падарункі з нагоды маёй перамогі ў конкурсе „Калядная зорка“. Вялікі дзякуй Багдану Андрусішыну за касэты. Яго песьні — усё маё жыцьцё.”.

Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем:

Марыя Іванаўна, в. Квасоўка: “Загадала жаданьне, каб Лукашэнка пайшоў у адстаўку, каб скончыліся зьдзекі з тых, каго абабралі. Зь вялікай павагай мы ставімся да лідэраў беларускага народу — Казуліна, Мілінкевіча. Вы сыны беларускага народу, вы годныя кіраваць краінай. Народ з вамі. Усяго вам найлепшага”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG