Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

С.Маркелаў быў шчыльна зьвязаны зь Беларусьсю


Сьвечкі на месцы забойства С.Маркелава

Сьвечкі на месцы забойства С.Маркелава

Учора ў Маскве быў забіты вядомы расейскі адвакат Станіслаў Маркелаў. Разам зь ім загінула 25-гадовая журналістка “Новой газеты” Анастасія Бабурава.

Станіславу Маркелаву было 34 гады. Ён стаў вядомы ўдзелам у шэрагу гучных працэсаў. Ён дамогся асуджэньня забойцы чачэнскай дзяўчыны Эльзы Кунгаевай Юрыя Буданава, расейскага амонаўца Лапіна, які зьверстваваў у Грозным, ён таксама прадстаўляў інтарэсы пацярпелых у справе “Норд-Осту”.

Ураджэнец Масквы Станіслаў Маркелаў быў шчыльна зьвязаны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, ад 1997 году працаваў у Менску як абаронца ўдзельнікаў антыўрадавых дэманстрацыяў і мітынгаў пратэсту. У 2001 годзе ён быў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Летам 2006 году Станіслаў Маркелаў абараняў у маскоўскім судзе грамадзяніна Беларусі Юрася Іванюковіча, які 9 траўня намаляваў на будынку беларускай амбасады ў Маскве лёзунгі “Жыве Беларусь” і “БТ хлусіць”. Маркелаў здолеў тады ўпершыню дамагчыся, каб у судзе працаваў перакладчык зь беларускай мовы. Ён і сам гаварыў па-беларуску, вось як ён камэнтаваў справу Іванюковіча:

“Гэта першы прэцэдэнт у расейскай справе, калі суд будзе карыстацца перакладчыкам зь беларускай мовы. Гэта ўжо нейкі прарыў, што беларуская мова афіцыйна прызнаная як мова, якая можа выкарыстоўвацца ў судовай справе. Мой падабаронны зусім не разумее, у чым яго вінавацяць наагул. Абвінаваўчы акт, які яму далі, — там памылка на памылцы. Ніводзін нармальны беларус, як вы разумееце, не перакладзе “Жыве Беларусь” як “Живёт Беларусь”. Узьнікла абсурдная сытуацыя, калі з абсурднай, дробнай справы ўзьніклі праблемы міждзяржаўных, міжнацыянальных дачыненьняў”.

У лістападзе 2007 году Маркелаў здолеў дамагчыся спыненьня справы супраць Юрася Іванюковіча ў Басманным судзе Масквы. Сёньня пра забойства Станіслава Маркелава напісалі практычна ўсе вядучыя выданьні сьвету. Яны ставяць гэтае злачынства ў адзін шэраг з забойствам Ганны Паліткоўскай.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG