Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыка стане іншай. Беларусь — таксама


20 студзеня Барак Абама заступае на пасаду новага прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі. Як асьвятляюць гэтую падзею ў Беларусі і што пра яе мяркуюць беларускія палітыкі.


Каб асьвятляць цырымонію прывядзеньня да прысягі новага прэзыдэнта ЗША Барака Абамы, у Вашынгтон накіравалася здымачная група Агенцтва тэлевізійных навінаў Белтэлерадыёкампаніі.

“І гэта адзіная група зь беларускіх СМІ, якая атрымала акрэдытацыю на дадзенае мерапрыемства. 20 і 21 студзеня ў выпусках навінаў на першым канале ў наўпроставых уключэньнях з ЗША спэцыяльны карэспандэнт АТН Дзяніс Кур’ян будзе расказваць пра цырымонію інаўгурацыі. Таксама гледачы 1-га канала даведаюцца пра падзеі, факты ды іншыя цікавыя моманты, якія суправаджаюць гэтае мерапрыемства”, — паведаміла “Свабодзе” кіраўнік прэсавай службы Белтэлерадыёкампаніі Сьвятлана Смалонская-Краскоўская.

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі, сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, чакае ад новага прэзыдэнта ЗША, што той захавае прынцыповую пазыцыю ў пытаньнях правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў:

“Могуць быць нейкія карэкцыі — і напэўна яны будуць. Але галоўнае — што ў палітыцы некаторых краінаў датычна Беларусі існуе так званы прагматызм. Насамрэч гэта — маральны рэлятывізм, калі дамінуюць падыходы карысьці, дзяржаўных інтарэсаў. І забываюцца шмат якія палітыкі пра вельмі прынцыповыя пытаньні, што дзяржава існуе для людзей. І гэтых людзей яна павінна паважаць, а іх правы не павінна парушаць.

А вось палітыка ЗША апошнія гадоў 15, незалежна ад таго, хто там быў прэзыдэнтам, была даволі прынцыповай у адносінах да Беларусі. І я хацеў бы пажадаць, каб прынцыповасьць у ёй засталася”.

Ларыса Вершаловіч
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў чацьвёртага скліканьня Ларыса Вершаловіч сказала “Свабодзе”, што яна хоча, каб новы прэзыдэнт ЗША не лічыў Беларусь недэмакратычнай дзяржавай:

“Кожная дзяржава мае права праводзіць сваю зьнешнюю палітыку.ў адпаведнасьці са сваімі інтарэсамі. Але мне падаецца, што Беларусь ня ўмешваецца ў справы іншых краінаў. Прынамсі так, як гэта робяць Злучаныя Штаты. І свае інтарэсы не распаўсюджвае на чужыя тэрыторыі”.

Спадарыня Вершаловіч у Палаце прадстаўнікоў — намесьніца старшыні Чарнобыльскай камісіі:

“Злучаныя Штаты вельмі далёка, каб вырашаць нейкія чарнобыльскія пытаньні. Прасіць грошай — гэта ня мае сэнсу, і, як я думаю, гэта ня тое пытаньне, якое тут павінна разглядацца”.

Сяргей Скрабец
А вось намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргей Скрабец, наадварот, лічыць, што пра амэрыканскія грошы для Беларусі гаварыць неабходна:

“Тыя грошы, якія накіраваныя на дэмакратызацыю нашай краіны, на мой погляд, ідуць не туды, куды трэба. Бо цэнтры, якія знаходзяцца ў Кіеве, Варшаве, Вільні, за шмат гадоў зрабілі мала карыснага. Грошы ідуць на сэмінары, гатэлі, паездкі. І нічога ня робіцца для самой Беларусі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG