Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗША мусяць спыніць палітыку ізаляцыі і атак на кіраўнікоў Беларусі”


Дэвід Суорц

Дэвід Суорц

Сёньня грамадзкі рэдактар тыдня Дэвід Суорц прагназуе, як будуць складвацца амэрыканска-беларускія палітычныя адносіны пры адміністрацыі Барака Абамы.

— Па-першае, ЗША мусяць хацець і, спадзяюся, што будуць імкнуцца да нармалізацыі адносінаў. Пад гэтым я маю на ўвазе, так бы мовіць, іх рэстаўрацыю. На ўзроўні амбасадараў.

Памятаю сваю дыпляматычную службу ў Польшчы ў 1980-х гадах. Тады ў нашай амбасадзе не было амбасадара. І ўсім добра вядомы Ежы Урбан гаварыў так: “Навошта нам з Амэрыкай дрэнныя адносіны на вышэйшым узроўні, калі магчыма мець іх жа на ўзроўні ніжэйшым?”

Цалкам лічу гэта глупствам. Нармалізацыя адносінаў на ўзроўні амбасадараў — гэта прынцыповы момант. Ён ня толькі сымбалічны: амбасадар усё ж такі асабісты прадстаўнік прэзыдэнта. А Часовы Павераны ў справах зусім іншае…

Па-другое, нармалізацыя адносінаў не азначае, што адзін бок ці іншы будзе капітуляваць, здавацца ў спрэчных пытаньнях. Гэта папросту азначае, што яны абмяркоўваюць пытаньні ў дастаткова істотным, аўтарытэтным варыянце. Маючы на ўвазе, што амбасадары прадстаўляюць кіраўнікоў сваіх краінаў.

Па-мойму, тут дарэчы прымаўка: дрэнны мір лепшы за добрую спрэчку.

Далей. Палітычныя адносіны паміж ЗША і Беларусьсю ня могуць быць толькі двухбаковымі — яны мусяць разглядацца ў рэгіянальным кантэксьце. Спадзяюся, што ў двухбаковым пляне Амэрыка за тое, каб Беларусь паглыбляла сваю незалежнасьць і нацыянальную ідэнтыфікацыю. Трэба падмацаваць іх і паглыбіць.

Напэўна, ЗША захочуць, каб у Беларусі ўсталёўваўся тып адкрытага грамадзтва, які ўласьцівы ўсёй Эўропе, што ляжыць ад яе на захадзе, поўдні і поўначы. У першую чаргу — гэта павага да правоў чалавека, уключна са свабодай слова, друку, сходаў, свабода выбару…

Але адну рэч Злучаныя Штаты могуць і павінны зрабіць у аднабаковым парадку. А менавіта: спыніць палітыку ізаляцыі і асабістых атак супраць беларускіх кіраўнікоў. Я ня бачу карысьці ў такой палітыцы.

Далей. Трэба выкарыстаць свае ўнутраныя і зьнешнія рэсурсы, каб Беларусь здолела заняць сваё месца ў эўрапейскіх і трансатлянтычных структурах як адказны і добры партнэр.

Хоча Беларусь ці не, але яна мае пэўныя адносіны да праблемы ўзаемаадносінаў захаду з Расеяй. Было б нелягічна чакаць ад Менску, каб ён пагадзіўся з адным гэтым бокам ці іншым ў больш шырокіх спрэчках. Маю на ўвазе залежнасьць вашай краіны ад Расеі. Асабліва ў энэргетычнай галіне. Да таго ж там — добры рынак для беларускага рынку.

Тым ня менш ЗША мусяць мець надзею, што Беларусь будзе дзейнічаць ва ўсіх сытуацыях на аснове сваіх карэнных, нацыянальных інтарэсаў. А менавіта інтарэсаў незалежнасьці і нацыянальнай ідэнтыфікацыі.

Злучаныя Штаты прызналі незалежнасьць Беларусі 25 сьнежня 1991 году. Пасьля таго, як дзьве краіны ўсталявалі дыпляматычныя адносіны, у Менску 31 студзеня 1992 году была афіцыйна адкрыта амбасада ЗША.

Першы амбасадар — Дэвід Суорц (David H. Swartz) прыступіў да выкананьня абавязкаў 25 жніўня 1992 года і завяршыў тэрмін сваіх паўнамоцтваў роўна 15 гадоў таму, у студзені 1994 году. У зьвязку з чым мы і прапанавалі яму стаць чарговым грамадзкім рэдактарам тыдня.

Зараз спадар Суорц на пэнсіі, на грамадзкіх пачатках працуе выканаўчым дырэктарам Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў пры ўнівэрсытэце South Western у Канзасе. Цягам тыдня Дэвід Суорц выкажа сваё бачаньне пэрспэктыў разьвіцьця стасункаў ЗША і Беларусі.

XS
SM
MD
LG