Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сустрэча Лукашэнкі і Юшчанкі — “выразны знак Маскве”?


Сёньня ў Чарнігаве заплянаваная рабочая сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, бакі абмяркуюць сумесныя дзеяньні ва ўмовах усясьветнага эканамічнага крызісу.

Паводле прэсавай службы ўкраінскага прэзыдэнта, плянуецца, што Віктар Юшчанка і Аляксандар Лукашэнка правядуць сустрэчу ў фармаце “сам-насам”. Пасьля гэтага пройдуць двухбаковыя перамовы. У прэсавай службе таксама адзначылі, што гэтая сустрэча рыхтавалася больш за паўгода і некалькі разоў пераносілася.

Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павал Лёгкі адзначыў, што найперш будуць абмяркоўвацца пытаньні двухбаковых гандлёва-эканамічных дачыненьняў.

“Прычым будзе рабіцца акцэнт на сумесных дзеяньнях эканомік дзьвюх краін ва ўмовах усясьветнага фінансава-эканамічнага крызісу. Будуць таксама разгледжаныя і іншыя пытаньні. У тым ліку і тыя, якія тычацца ўрэгуляваньня памежных пытаньняў”.
Напярэдадні расейскі “Газпром” і ўкраінскі “Нафтагаз” падпісалі кантракт на пастаўку газу ва Ўкраіну. Аднак, паводле ўкраінскага прэм’ера Юліі Цімашэнкі, цана на газ будзе вызначана цягам бліжэйшых сутак.

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае:

“У дадзены момант кошт газу для Беларусі таксама ня вызначаны, у падвешаным стане знаходзіцца. І гэта,безумоўна, непакоіць беларускія ўлады. Я не выключаю, што ідзе нейкі ціск з боку Масквы, каб за нізкі кошт атрымаць нешта ад Беларусі ў палітычным пляне, тое, што не падабаецца беларускаму кіраўніцтву. Таму яно шукае падтрымку па ўсіх накірунках, дзе толькі можа. У тым ліку і ва Ўкраіне”.

Паводле аналітыка кіеўскага інстытута Эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Уладзімера Горбача, Беларусь і Ўкраіна маглі б знайсьці агульную мову як транзытэры расейскага газу ў Эўропу.

“Бо будаўніцтва “Паўночнага” ці “Паўднёвага патоку”, якім пагражае Расея, ня выгадна ні Ўкраіне, ні Беларусі. Агульнага ў нас заўсёды было многа. І Ўкраіна спрабавала сябе пазыцыянаваць у якасьці адваката Беларусі для ЗША і Эўразьвязу. Магчыма, гэта таксама адна з тэмаў сустрэчы – пасярэдніцтва Юшчанкі ў дыялёгу Лукашэнкі з Захадам”.

Паводле палітоляга Ігара Лялькова, тое што бакі нарэшце вырашылі сустрэцца сёньня, ёсьць “выразным знакам Маскве”.

“Пэўным чынам Эўразьвяз таксама паўплываў, каб гэта сустрэча адбылася. Пытаньні забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі Беларусі і Ўкраіны будуць адной з важных тэмаў гэтых перамоваў. Гэта чарговае сьведчаньне, што ў зьнешняй палітыцы Беларусі адбываюцца пэўныя зьмены, пэўны рух у бок большага дыстанцыянаваньня ад Масквы”.

Нагадаем, раней Аляксандар Лукашэнка меў даволі частыя сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Леанідам Кучмам. Зь Віктарам Юшчанкам ён сустракаўся пад час самітаў СНД.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG