Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе з пэнсіямі?


У Беларусі на кожныя 100 працаўнікоў даводзіцца 60 пэнсіянэраў. Чвэрць насельніцтва — людзі сталага веку. І лічбы гэтыя штогод растуць. Ці задаволеныя беларускія пэнсіянэры сваім жыцьцём, ці лічаць пэнсійную сыстэму справядлівай? Чаму грамадзтва так ўсхвалявалі паведамленьні пра магчымае падвышэньне пэнсійнага ўзросту?

У Беларусі так званая салідарная пэнсійная сыстэма, калі у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва пералічваецца траціна фонду заробнай платы. І пэнсія тых, хто зарабляў шмат, і тых хто мала, розьніцца нязначна. Сярэдні памер пэнсіяў у Беларусі на канец 2008 году – 380 тысяч (прыкладна 150 даляраў). Мінімальная пэнсія па ўзросьце – 226 тысяч (80 даляраў). Максымальная – 634 тысячы (240 даляраў). Праўда, ёсьць яшчэ адна катэгорыя насельніцтва, якой пэнсіі налічаюць па зусім іншай шкале – гэта так званыя дзяржаўныя служачыя, чыноўнікі высокага рангу. Альбо былыя парлямэнтары, якія будучы дэпутатамі, самі і ўсталявалі сабе пэнсію ў 65% ад дэпутацкага заробку.

Ці лічаць самі пэнсіянэры беларускую пэнсійную сыстэму справядлівай?

Спадарыня: “Хтосьці зусім не працаваў, а хтосьці цяжка працаваў, а атрымліваюць аднолькава. У мяне муж – кандыдат навук, а я не, атрымліваем аднолькавыя пэнсіі”.

Дзядок: “Працаваў ў гарачым цэху 28 гадоў, у сталеварцы на трактарным заводзе. А зараз хаджу, бутэлькі зьбіраю. І іншыя дзядулі і бабулі”.

Спадар: “Я лічу, што заслужыў пэнсію большую”.

Жанчына: “40 гадоў аддаць дзяржаве і атрымліваць капейкі – па-мойму, гэта нікому не падабаецца”.

Жанчына: “Хіба ж гэтая сыстэма справядлівая? Усё жыцьцё прайшло на вытворчасьці, я прапрацавала 41 год. Я атрымліваю 316 тысяч. За кватэру трэба 120 тысяч заплаціць, а потым як жыць?”

Спадар: “Ледзьве канцы з канцамі зводзіць”.

Спадарыня: “Не, пэнсійная сыстэма няправільная, несправядлівая пакуль”.

Бабуля: “Не, гэта вельмі несправядліва”.

Галоўны спэцыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка прыводзіць такія лічбы наконт працуючых пэнсіянэраў:

“Кожны пяты. На сёньняшні дзень кожны пяты пэнсіянэр працуе. Па краіне гэта каля 520 тысяч”.

На мінулым тыдні дзяржаўнае агенцтва навінаў БелТА распаўсюдзіла інтэрвію міністра працы і сацыяльнай абароны Ўладзімера Патупчыка пра меркаваныя зьмены ў пэнсійным заканадаўстве. Міністар сказаў, што могуць быць уведзеныя абмежаваньні на выплату пэнсій пэнсіянэрам, якія працуюць. Цытую: “будзе закладзены эканамічны мэханізм, які дазволіць чалавеку зрабіць самастойны выбар – выходзіць на пэнсію альбо працягнуць працу”.

Гэтыя выказваньні выклікалі вялікі рэзананс у грамадзтве. У Міністэрстве працы кажуць, што карэспандэнт БелТА міністра няправільна зразумеў:
Галоўны спэцыяліст Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Галіна Трафіменка сьцьвярджае:

“Пакуль нічога яшчэ мы не прапануем. І пакуль толькі-толькі пачынаем думаць, якія зьмены можна ўнесьці. Трэба ж удасканальваць сыстэму, правільна? Пакуль ніякіх зьменаў мы не прапануем. Шмат шуму атрымалася, бура ў шклянцы вады. Цэлы тыдзень усё міністэрства спрабуе патлумачыць. Міністар меў на ўвазе Закон аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні, які ўступіў у сілу 1 студзеня. Вось там ёсьць зьмены”.

І ўжо праз пару дзён пасьля інтэрвію Уладзімера Патупчыка першы намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Пяткевіч спрабавала супакоіць народ: маўляў, “у цяперашні час ў Беларусі не распрацоўваюцца якія-небудзь праекты нарматыўна-прававых актаў, накіраваных на зьмяненьне сыстэмы пэнсійнага забесьпячэньня. Таму інфармацыя аб карэктыроўцы пэнсійнага ўзросту ня мае пад сабой ніякай падаплёкі”.

Праўда, Галіна Трафіменка ўдакладніла, што цягам 2009 году зьменаў ня будзе. А што далей…

“Пакуль, да канца гэтага году ніякіх зьменаў ня будзе. А потым… Ну, жыцьцё ж не стаіць на месцы. То ж ведае, як можа быць. У Нямеччыне пэнсійны ўзрост мужчын – 67 гадоў. І на 2 гады яшчэ плянуюць павялічыць. Вось вам і заможная Нямеччына…”

Сапраўды, у многіх краінах пэнсійны ўзрост вышэйшы. Да прыкладу, у ЗША у мужчын – 65 гадоў, у жанчына – 60 гадоў. Але праблема ў тым, што ў заходніх краінах наагул працягласьць жыцьця значна вышэй. Ня так даўно група нямецкіх навукоўцаў на чале з прафэсарам Эльмарам Брэлерам правяла дасьледаваньне, чаму працягласьць жыцьця мужчын значна меншая за жанчын. Паводле прафэсара Брэлера, у апошнія дзесяцігодзьдзі ў Беларусі назіраецца скарачэньне працягласьці жыцьця на 8—13 гадоў, асабліва сярод мужчынскай часткі насельніцтва. Беларускія жанчыны жывуць у сярэднім 68 год, прыкладна на 10 гадоў болей за сваіх суайчыньнікаў мужчынскага полу. (Для параўнаньня: сярэдняя працягласьць жыцьця жанчын і мужчынаў ў Нямеччыне і Аўстрыі адпаведна 81 і 75).

Былы міністар працы Аляксандар Сасноў кажа:

“Калі сёньня ў Беларусі пэнсійны ўзрост у мужчын 60 гадоў, і сярэдняя працягласьць жыцьця ў мужыка 62 гады, дык што яны хочуць? Працягнуць на 5 гадоў працоўны ўзрост? Дык няхай на 5 гадоў працягваюць жыцьцё. Можна напісаць і 70 гадоў выхад на пэнсію. Ні адзін мужык не дажыве”.

Аляксандар Сасноў перакананы, што рэформа пэнсійнай сыстэмы патрэбная, але неабходна ствараць назапашвальныя пэнсійныя фонды, каб чалавек мог адкласьці, назапасіць на годнае жыцьцё ў старасьці. А то ўзгадваецца анэкдот з “Комсомольской правды”: “Калі вы сапраўды патрыёт, любіце сваю радзіму – жывіце нядоўга”…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG