Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Добрушы — бяз працы, але і ў Шклоў ня едуць


Добруская папяровая фабрыка
Добруская папяровая фабрыка
У Шклове пакуль не ўдаецца запусьціць машыну па вырабе газэтнай паперы. Не дапамагае нават аўрал, які выклікала абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі асабіста разабрацца, чаму не працуе новы завод на ягонай радзіме.

ДОБРУШ

Беспрацоўе працягваецца на папяровай фабрыцы “Герой працы”. Тутэйшых спэцыялістаў, як паведаміў журналісту майстар Васіль Дзямідаў, завабліваюць у Шклоў:

“Зараз у Шклоў запрашаюць нашых спэцыялістаў, бо там няма каму працаваць. У нас тут шмат хто з высокакваліфікаваных спэцыялістаў застаўся бяз справы”.

Крызіс ня ўдасца пераадолець хутка.
Як стала вядома, цяпер на папяровай фабрыцы ў Добрушы працуе толькі адна машына, якая вырабляе паперу. Абслугоўвае тэхніку чвэрць пэрсаналу. Астатнія змушаныя заставацца дома. Ім захаваныя дзьве траціны заробку — з разьліку сярэднямесячнай стаўкі ў памеры 220 тысяч рублёў. Людзі называюць такія заробкі “дапамогай на выжываньне”.

Галоўны эканаміст прадпрыемства Тацьцяна Цьвердакова лічыць, што крызіс ня ўдасца пераадолець хутка. Ня верыць суразмоўца і ў будучыню шклоўскага заводу. Асноўны спажывец — Украіна — знаходзіць таньнейшую паперу:

“Украіна адмовілася ад нашай прадукцыі. Значыць, знаходзяць іншыя рынкі. Неканкурэнтная наша, таму і адмовіліся”.

ШКЛОЎ

Выкарыстоўваць на Шклоўскім заводзе газэтнай паперы работнікаў зь іншых прадпрыемстваў загадаў новы старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Пётар Руднік. Такім чынам, на яго думку, у абласным цэнтры вырашыцца праблема занятасьці на тых вытворчасьцях, якія цярпяць праз эканамічны крызіс:

“На сёньняшні дзень аўтобус ужо запушчаны. А 7:10 ён адыходзіць ад чыгуначнага вакзалу і назад адсюль а 17:20. Да нас езьдзяць як спэцыялісты, што маюць вышэйшую адукацыю, так і асобныя катэгорыі працоўных”, — паведаміў прадстаўнік адміністрацыі заводу. — “Нам вельмі патрэбныя спэцыялісты з досьведам працы на машынах па вырабе паперы. Але, на жаль, іх у нас не рыхтуюць”.

Вось жа, суразмоўца ўскосна патлумачыў, чаму ў Шклове выйшла са строю машына па вырабе паперы. У невялікім райцэнтры проста няма кваліфікаваных кадраў.

СЛОНІМ

Яшчэ адзін працоўны калектыў, праца якога арыентаваная на экспарт, трапіў у крызіс. Палова калектыву Слонімскай фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў з 22 сьнежня й дагэтуль знаходзіцца ў вымушаным адпачынку.

На фабрыцы не працуе швейны цэх, у якім каля ста рабочых — гэта палова ўсяго калектыву фабрыкі.

Дырэктар прадпрыемства Ўладзімер Іванашка: “Усё залежыць ад таго, ці ёсьць замовы. У сьнежні мы павінны былі працаваць з датчанамі па сумесным выпуску швейных вырабаў з барысаўскай фабрыкай, але датчане з-за крызісу разарвалі кантракт. Знайсьці замовы на ўнутраным рынку адразу ня так проста: шукаем, пакутуем…”

Людзі сыходзяць у камэрцыйнае прадпрыемства.
Дырэктар фабрыкі распавядае, што 10 чалавек з цэху перайшлі на працу ў камэрцыйнае швейнае прадпрыемства, якое арандуе ў фабрыкі памяшканьні. Мяркуецца, што ў хуткім часе туды могуць адысьці і іншыя работнікі.

Са слоў спадара Іванашкі, заўтра на фабрыку, магчыма, даставяць сыравіну для працы швеяў.

Летась 7 кастрычніка каля 60 чалавек са швейнага цэху фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў пакінулі працу й прыйшлі да Слонімскага райвыканкаму з патрабаваньнем падвысіць заробак. Іх заробкі складалі тады ад 170 да 200 тысяч рублёў.

Потым адбыўся агульны сход прадпрыемства, на якім раённае начальства паабяцала расфармаваць фабрыку, калі яна ня стане рэнтабэльнай да новага году.

Пытаюся ў спадара Іванашкі — ці зьбіраюцца ўсё ж расфармоўваць прадпрыемства?

Іванашка: “Ну, а куды людзей выкінуць? Расфармуем, а што далей? Дзе ў Слоніме працу знайсьці? Так што трэба працаваць пакуль на тым, што ёсьць…”

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG