Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Стукачоў” шукаюць у інтэрнэце


Будынак КДБ ў Менску

Будынак КДБ ў Менску

Супрацоўнікі КДБ шукаюць інфарматараў у віртуальнай прасторы. Студэнта, які меў у інтэрнэт-кантактах каардынаты моладзевых актывістаў, прымусілі напісаць заяву, што ён згодны супрацоўнічаць з кампэтэнтнымі органамі.

Студэнта І курсу факультэту інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Паўла Ляшковіча выклікалі ў дэканат.

Там яго чакалі людзі ў цывільным, якія патлумачылі, чаму зацікавіліся ягонай асобай. Высьветлілася, што супрацоўнікі КДБ заўважылі Паўла ў віртуальнай прасторы:

“Яны паказалі мне раздрукоўкі, што ў мяне ў кантактах у сябрах знаходзяцца Батуеў з Салігорску ды іншыя актывісты, паказалі, зь якімі суполкамі я маю ліставаньне. Сказалі: “Альбо ты застанесься ва ўнівэрсытэце і будзеш на нас працаваць, альбо такія ідыёты тут на вучобе не патрэбныя”.

Яны далі мне паперу, каб я напісаў расьпіску, што буду на іх працаваць пад псэўданімам “Арцём”.
Яны так са мной размаўлялі, нібыта прадстаўлялі ўнівэрсытэт. Яны далі мне паперу, каб я напісаў расьпіску, што буду на іх працаваць пад псэўданімам “Арцём”. Сказалі, што будуць мяне кантраляваць і дапамагаць матэрыяльна і ў вучобе. Калі я сказаў, што мне не патрэбныя іхныя грошы, то адказалі, што няма такіх людзей у сьвеце“.

Супрацоўнікі КДБ прапанавалі студэнту ўступіць у “Малады фронт”, каб даваць ім інфармацыю пра тое, што адбываецца ў моладзевай арганізацыі.

Павал Ляшковіч паведаміў, што супрацоўнікі КДБ папрасілі яго напісаць заяву на сайце незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”:

“Я ні ў якія арганізацыі не ўваходжу. А вось яны мне сказалі, што я павінен у “Малады фронт” уступіць. Я павінен напісаць заяву пра тое, што хачу да іх далучыцца, зь імі працаваць, удзельнічаць у акцыях. Адзін з тых супрацоўнікаў мне сказаў, што спачатку я электронны варыянт мушу яму даслаць на ягонае “мыла”, а толькі потым, пасьля таго, як ён праверыць усё, даслаць “Маладому фронту”.

Павал расказаў, што быў вельмі зьдзіўлены зьяўленьнем супрацоўнікаў КДБ. Ён ня можа зразумець, чаму менавіта па яго прыйшлі людзі ў цывільным з такой прапановай.

Павал Ляшковіч — адзін зь нямногіх студэнтаў тэхнічнага ВНУ, які размаўляе па-беларуску. Ён прыехаў вучыцца ў Менск з Маладэчна. Пасьля заняткаў шмат часу праводзіць за кампутарам. Часам дасылае свае лісты віртуальным суразмоўцам і атрымлівае іх ад актывістаў моладзевых суполак.

Ён не здагадваўся, што за ягоным прыватным ліставаньнем сачылі супрацоўнікі спэцслужбаў, чыталі ягоныя лісты і правяралі тых асобаў, якія мелі зь ім віртуальныя кантакты. Гэта абурыла хлопца і зьбянтэжыла. Ён паведаміў, што расьпіску аб супрацоўніцтве напісаў, але ніколі ня стане так званым паведамляльнікам, ці, як гэта называецца ў народзе, “стукачом”. Цяпер Павал Ляшковіч упэўнены, што ён не адзіны, да каго прыйшлі супрацоўнікі КДБ з такой прапановай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG