Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму дапамагае Захад – Беларусі або рэжыму А.Лукашэнкі?


Эканамічны крызіс: каму дапамагае Захад – Беларусі або рэжыму Аляксандра Лукашэнкі? Новая халодная вайна: без расейскага газу холадна ўсім. У тым ліку – Расеі. Галоўныя падзеі тыдня вачыма журналістаў і слухачоў “Свабоды”.

Гэтыя ды іншыя тэмы – сёньня у перадачы “Тыдзень з Радыё Свабода” абмяркоўваюць Аляксандар Лукашук, Юры Дракахруст, Ян Максімюк, Ганна Соўсь і Валер Каліноўскі.

Свабода на Белсаце,17 студзеня 2009, Частка 1


Аляксандар Лукашук
Лукашук: На гэтым тыдні кіраўніцтва Міжнароднага валютнага фонду афіцыйна зацьвердзіла выдзяленьне Беларусі крэдыту ў памеры двух з паловай мільярдаў даляраў. Беларускі ўрад атрымлівае 788 мільёнаў даляраў адразу, астатняе – паквартальна на працягу 15 месяцаў. Чаму Беларусі далі крэдыт? І для чаго? Ян, як вы мяркуеце?

Максімюк: Я б пачаў адказ з цытаты з выступу Юха Кэканэн, намесьніка дырэктара эўрапейскага дэпартамэнту МВФ: “Гэты крэдыт накіраваны на тое, каб падтрымаць эканамічную праграму беларускіх уладаў, накіраваную на пераадоленьне фінансавых праблем, перад якімі паўстала Беларусь. Як і многія іншыя краіны ва Ўсходняй Эўропе, Беларусь паўстала перад сур’ёзнымі эканамічнымі праблемамі. Глябальны эканамічны і фінансавы крызіс паменшыў попыт на беларускі экспарт і абмежаваў сродкі, якія атрымлівае краіна. Для Беларусі характэрна, што імпарт перавышаў экспарт цягам пэрыяду хуткага эканамічнага росту, што выклікала адмоўнае зьнешнегандлёвае сальда”.

Спадар Кэканэн назваў антыкрызісную праграму беларускага ўраду “моцнай", а прынятыя ўладамі захады "важнымі і эфэктыўнымі”:
У такім жа духу выказалася і амбасада ЗША ў Менску. Сёньня СМІ паведамляюць, што грошы, якія паступілі ў Нацбанк Беларусі, будуць залічаныя ў склад золатавалютных рэзэрваў і скіраваныя на падтрыманьне курсу беларускага рубля. СМІ таксама паведамляюць пра ўмовы, на якіх крэдыт даваўся, гэта, апроч іншага, лібэралізацыя эканомікі і стрымліваньне ўнутранага попыту. Я перажыў у Польшчы гэтыя самыя лібэралізацыю эканомікі і стрымліваньне ўнутранага попыту падчас рэформаў Лешака Бальцэровіча напачатку 90-х гадоў. Для простых людзей лібэралізацыя эканомікі – гэта адпусканьне цэнаў, якія шалёна ўзрастаюць. А стрымліваньне ўнутранага попыту – таксама простая рэч, бюджэтнікам плацяць менш грошай, дакладней, тэмп росту заробкаў адстае ад тэмпу росту цэнаў. Так што беларусы балюча адчуюць гэты крэдыт.

Лукашук: Мы задалі пытаньне наведвальнікам нашага сайту, чаму Беларусі далі гэты крэдыт. І вось якія адказы атрымалі: палова мяркуе – таму што даюць усім краінам у крызісе, 26% – таму што палепшыліся адносіны з Захадам, і 22 % лічаць, што прычына – тая, што ўрад зрабіў добрую антыкрызісную праграму. Юры, Ваш адказ – чаму і навошта?

Юры Дракахруст
Дракахруст
: Я б прапанаваў іншую прапорцыю. На 15% – таму што крызіс, і ўсе – і дыктатуры, і дэмакратыі ў адным чоўне. На 15% – таму што ўрад усё ж рэагуе на парады Фонду, вось правёў балючую і непапулярную дэвальвацыю. Але на 70% – гэта вынік нармалізацыі адносінаў з Захадам. Злучаныя Штаты, галоўны спонсар Фонду, выразна далі зразумець, што калі б ня іх рашэньне, ня ўбачыла б Беларусь тых грошай. Я нагадаю, у 1998 годзе пасьля расейскага дэфолту эканамічнае становішча ў Беларусі таксама было вельмі кепскім, таксама прасілі крэдыт у МВФ, і атрымалі адмовы. Крызіс крызісам, але стаўленьне да Беларусі мяняецца. Гэта – жэст добрай волі новага, “абамаўскага” Вашынгтону, дэманстрацыя Менску, што новая адміністрацыя ЗША гатовая ўжываць адносна Беларусі ня толькі пугі, але і пернікі. Праўда, ня толькі пернікі, але і іх таксама.

Лукашук: Рэакцыі насельніцтва на паведамленьне пра крэдыт МВФ – розныя, некаторыя людзі, у тым ліку і наведнікі нашага сайту перасьцерагаюцца, што гэтыя грошы разыдуцца па кішэнях беларускага чынавенства, лягуць на замежныя рахункі людзей з атачэньня Лукашэнкі. Наколькі маюць пад сабой падставы такія перасьцярогі?

Ян Максімюк
Максімюк: Калі б гэтыя грошы выдаткоўваліся на нейкія інвэстыцыйныя праекты, у якія ангажуецца ланцужок выканаўцаў і кантрактараў, то боязь, што хтосьці з атачэньня Лукашэнкі возьме сабе гэтыя грошы, была б апраўданая. Але грошы, якія даюцца на падтрымку беларускага рубля, жорстка расьпісаныя – іх можна ўжываць толькі для валютных інтэрвэнцыяў на фінансавым рынку. Так што я б ня браў гэтыя перасьцярогі да галавы.

Лукашук: У беларусаў стала больш вольнага часу – многія прадпрыемствы яшчэ не аднавілі пераднавагодні аб’ем працы, на многіх абвешчаны скарочаны тыдзень, некаторыя проста прыпыненыя. Але зараз у беларусаў зьявіўся новы, надзвычай папулярны занятак – пакупка замежнай валюты: даляраў, эўра, нават юаняў. Працягваецца рэха дэвальвацыі. Чаму гэтае рэха такое доўгае?

Дракахруст: Як кажа гішпанская прымаўка, сон розуму нараджае пачвараў. Па краіне пракатваюцца хвалі чутак аб новай дэвальвацыі, аб магчымым увядзеньні расейскага рубля, аб рыхтаванай дэнамінацыі, пра вагоны новых беларускіх грошай, якія нібыта ўжо прышлі ў Менск з Расеі. Адзін наш карэспандэнт пачуў каля абменьніку шэдэўр. Маўляў, у Амэрыцы хутка новыя даляры ўвядуць – ага, відаць з партрэтам Абамы ў выглядзе Санта-Клаўса.

Людзі разгубленыя, дэвальвацыя была нечаканым, нязвыклым актам. Да таго ж аб'ектыўна рубель слабы, і людзі гэта адчуваюць. Я не прыхільнік тэорыяў змоваў, але не выключаю, што гэтыя чуткі яшчэ і сьвядома распускаюць валютныя спэкулянты, калі атака на рубель атрымае посьпех і ён абваліцца, яны значна выйграюць. Я іх, дарэчы, не асуджаю, праца ў іх такая – яны як ваўкі, санітары лесу, жаруць слабых.

Але вось у мінулай перадачы вы, Аляксандар, пыталіся, наколькі рацыянальна робяць людзі, стоячы ў абменьніках. Нібыта так. Але калі атака сапраўды абваліць рубель, ну скажам яшчэ на 50%, то некалькі дзесяткаў валютных спэкулянтаў сапраўды выйграюць – гэта іх бізнэс. А што звычайны чалавек? Пару-тройку соцень даляраў ён набудзе, часткова свае ашчаджэньні ўратуе. Але на ўсё жыцьцё даляраў не назапасіш. І вось атрымае ён у лютым заробак у рублях. Хіба ён узрасьце на 50%? А калі нават так, то наколькі скокнуць уверх цэны? Вось так і атрымліваецца, што рацыянальныя індывідуальныя паводзіны робяцца ірацыянальнымі ў маштабе грамадзтва.

Лукашук: “Можа, крызіс — гэта выратаваньне для Беларусі?” Такое меркаваньне выказаў у тэлефанаваньні адзін са слухачоў Свабоды. А можа і для ўлады? Усясьветны крызіс як бы паглынуў усе хібы папярэдняй палітыкі. Вось камэнтар нашага слухача Арта: “А наконт крызісу – дык ён, канечне ж, карысны. Прэзыдэнту. Краіна непазьбежна падала ў крызіс. А тут сусьветны падасьпеў. Ну ён і зваліў усё на "буржуяў". Яму ўвесь час шанцуе”. Сапраўды шанцуе, як вы мяркуеце?

Максімюк: Я згодны. Лукашэнку неверагодна шанцуе. І з газавай вайной паміж Расеяй і Ўкраінай, і з усясьветным крызісам. На яго можна сьпісаць і лібэралізацыю, якая напэўна ўдарыць па звычайных беларусах, і іншыя балючыя рэформы. І заўсёды можна сказаць: "Мы ж – як усе. Ня мы вінаватыя ў гэтым крызісе".

Лукашук: Юры, а як вы мяркуеце, ці можна гэтым ўсё патлумачыць, каб пераканаць?

Дракахруст: Я ня згодны ні зь Янам, ні з нашым слухачом. Усё зваліць на “буржуяў” не атрымаецца. Вось дадзеныя сьнежаньскага, яшчэ да дэвальвацыі, апытаньня дасьледчага цэнтру НІСЭПД. Задавалася пытаньне – калі вы лічыце, што ў Беларусі пачаўся эканамічны крызіс, то ў якой ступені гэта вынік палітыкі кіраўніцтва краіны ў апошнія гады, а ў якой – наступства ўсясьветнага фінансавага крызісу?
Адказ “у поўнай ступені ці ў значнай ступені гэта вынік палітыкі ўладаў” далі 39% апытаных, у поўнай ці ў значнай ступені ўсклалі адказнасьць на ўсясьветны крызіс 57%. Большасьць – гатовая прызнаць, што адказныя “буржуі”, кажучы словамі наведвальніка нашага сайту. Але і 39% – гэта нямала. І яшчэ раз нагадаю – гэта вынікі да дэвальвацыі. Так што пра вялікі шанец для ўлады ўзьняць сваю папулярнасьць гаварыць, мне здаецца, не выпадае.

Тут я б задаў больш шырокія рамкі размовы. У свой час Сьвятлана Алексіевіч у адной з маіх перадачаў дала трапнае вызначэньне сучаснай беларускай сыстэмы – “сумесь турмы і дзіцячага садку”. Калі ўсё добра, то ўладзе такая сыстэма можа і зручная, насельніцтва – дзеці, на чале – бацька, які за дзетак думае і вырашае. Але ў “худыя” гады выяўляюцца яе кепскія, у тым ліку і для ўлады, бакі. Дзіця кажа – тата, хачу цацку. Дык, сыночак, грошай у таты няма. Не хачу нічога ведаць – дай.

Дэвальвацыя – зрабілі “бо-бо”, падманулі. Дык нельга было інакш, сальда зьнешняга гандлю тут такое, што жах, не па сродках жывем. Не хачу нічога ведаць, якое сальда, што за зьвер, няма ніякага сальда, ты бацька – дай. Даваў жа раней, дай і цяпер. Цяжка сказаць, наколькі ўлада здолее пераадолець выгадаваны ёй жа самой інфантылізм масавай сьвядомасьці. Але тое, што “за што змагаліся – з тым і сутыкнуліся”, дык гэта пэўна.

Новая халодная вайна: без расейскага газу холадна ўсім. У тым ліку – Расеі

Свабода на Белсаце,10 студзеня 2009, Частка 2


Лукашук: У студыі госьць, наш калега з рускай службы Радыё Свабода Андрэй Шары. Андрэй, ідзе сапраўдная халодная вайна – Эўропа мерзьне. Эўропа вядзе мірныя перамовы і пасылае назіральнікаў на газавы фронт. За што змагаецца Эўропа – зразумела, за цяпло для сваіх жыхароў, за цывілізаваныя формы эканамічных адносінаў, за выкананьне дамоўленасьцяў. А за што змагаецца Расея?

Андрэй Шары
Шары: Большасьць незалежных экспэртаў лічыць, што ёсьць прынамсі тры галоўныя мэты Расеі ў гэтым канфлікце. Першая – гэта пошук статусу новай вялікай дзяржавы. Каб гэты статус зацьвердзіць, каб усім было зразумела, што прынамсі на постсавецкай прасторы Крэмль – галоўная сіла, выкарыстоўваюцца ўсе спосабы ціску – палітычныя, эканамічныя, сілавыя. І канфлікт з Украінай у той жа ступені, у якой і нядаўні канфлікт з Грузіяй, пацьвярджае, што для Крамля зьнешнепалітычным прыярытэтам зьяўляецца дасягненьне менавіта гэтай мэты, а шляхі выбіраюцца ў залежнасьці ад сытуацыі. Другі чыньнік – тое, што размова ідзе ўсё ж аб вялікіх фінансавых сродках, і галоўная задача – атрымаць кантроль хаця б над часткай трубаправоднай сыстэмы. І трэцяя мэта – падтрыманьне вобразу зьнешняга ворага, які перашкаджае кіраўніцтву Расеі забясьпечваць стабільнасьць у сваёй краіне, што можа дапамагчы адцягнуць увагу ад фінансавага крызісу, наступствы якога ўжо праяўляюцца ў многіх расейскіх рэгіёнах.

Лукашук: Старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу называе канфлікт і непрымальным, і неверагодным, і пагражае зваротам у суд, і выразна заяўляе – калі бакі ня выканаюць пагадненьні з Эўразьвязам, іх больш ня будуць лічыць надзейнымі партнэрамі. Эўропа загаварыла пра меры у адказ: Польшча плянуе пабудаваць адну ці дзьве атамныя электрастанцыі да 2020 году, Славакія і Баўгарыя заяўляюць пра аднаўленьне закрытых раней АЭС. Расейскае кіраўніцтва гэта не хвалюе?

Шары: Мне цяжка ўлезьці ў галовы расейскіх галоўных палітыкаў, але мне здаецца, што тут справа – у адсутнасьці стратэгічнага мысьленьня. Вырашаюцца выключна тактычныя задачы. 3 гады таму быў падобны канфлікт, але з боку Эўропы пасьля гэтага не было зроблена колькі-небудзь заўважальных крокаў па дывэрсыфікацыі яе энэргетычнай палітыкі. Я бачыў такую лічбу, што ў эканоміцы Нямеччыны за апошнія 3 гады аб'ёмы альтэрнатыўных паставак энэргіі ўзрасьлі менш чым на 1%. Відавочна, у Крамлі мяркуюць, што зараз пагавораць і на гэтым усё скончыцца. Я не спэцыяліст у эканоміцы, але ад тых дзесяткаў экспэртаў, якія былі ў нашым эфіры, я ведаю, што газавы рынак – вельмі своеасаблівы, пастаўляць звадкаваны газ складана.
Акрамя таго Расея ўсё ж спадзяецца, што палітычная сытуацыя ва Ўкраіне і вынікі гэтага канфлікту будуць такія, што Расея атрымае кантроль хаця б над часткай газатранспартнай сыстэмы Ўкраіны ці гэта прывядзе да такіх палітычных забурэньняў ва Ўкраіне, якія дазволяць Расеі забясьпечыць палітычны кантроль над вырашэньнем гэтага пытаньня.

Ну а для Эўропы "Газпром" – правераны партнэр, 30 гадоў пастаўляў газ, зразумела, што яшчэ пэўны час Заходняя Эўропа будзе сядзець на гэтай газавай ігле, нікуды яна не падзенецца. Іншая справа, што калі эўрапейскія палітыкі ўспрымуць гэты канфлікт дастаткова сур’ёзна. Але для гэтага патрэбныя грошы, сродкі, а ва ўсіх фінансавы крызіс. Вось на што спадзяюцца ў Маскве. Але калі эўрапейскі бок праявіць волю і знойдзе грошы, то стан Крамля будзе не такім ужо зайздросны.

Лукашук: Магчыма, хутка адмовіцца ад Расеі – не у інтарэсах самой Эўропы?

Шары: Была ж палітыка стрымліваньня агрэсара перад Другой Усясьветнай вайной. Таксама з Гітлерам напачатку не зьбіраліся ваяваць. Я не хачу сказаць, што Пуцін і Гітлер – гэта адно і тое ж, зусім не. Я хачу сказаць, што доўга разьбіраліся з тым, што такое пуцінскі рэжым, а можа не разабраліся і дагэтуль. Ёсьць моцныя інтарэсы, ёсьць моцнае лобі, якія прасоўваюць адносіны з Расеяй. Нікому не патрэбная галечная Расея з унутранымі забурэньнямі. Ельцынская Расея 90-х гадоў, куды Захад пастаўляў гуманітарную дапамогу, была не такой ужо чорнай, як гэта тады здавалася, гледзячы з Захаду, але не такой ужо насамрэч і сьветлай. Пуцінскі рэжым здолеў дамагчыся пэўнай стабільнасьці. Незразумела, што будзе далей, але мець справу з неспакойнай ядзернай дзяржавай, якой Расея была напачатку 90-х – гэта адна справа, мець справу з адносна стабільным рэжымам – гэта іншая справа. Тут мы гаворым пра рэальную палітыку, пра тое, што ёсьць прынцыпы дэмакратыі, але калі Эўропа ня будзе атрымліваць газ з Расеі, то яна будзе атрымліваць яго з Катару ці Ірану. Таксама, між іншым, краіны – не паходні дэмакратыі.

Дракахруст: Беларусь усе дні канфлікту спраўна атрымлівала і транспартавала газ, у тым ліку і дадатковыя яго аб’ёмы, якія “Газпром” накіраваў празь Беларусь, каб кампэнсаваць украінскі “корак”. Якімі будуць вынікі канфлікту паміж Масквой і Кіевам для Беларусі? Ці апынецца яна ў ролі трэцяга, які радуецца, або стане патэнцыйным удзельнікам наступнай “спрэчкі славян паміж сабою”?

Шары: Я мяркую, што яшчэ адна мэта расейскай зьнешняй палітыкі ў гэтым канфлікце з Украінай – паказаць, што іх чакае ў тым выпадку, калі яны будуць няпадатлівымі. Пагадненьне аб газавым транзыце паміж Беларусьсю і Расеяй падпісанае, экспэрты ў Маскве і Менску гавораць, што цана гэтага – прызнаньне беларускім парлямэнтам незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асетыі. Беларусь атрымлівае расейскія крэдыты, наколькі я разумею, сытуацыя зь беларускім рублём яшчэ горш, чым з расейскім рублём. Тут размова ідзе пра ступень залежнасьці беларускай эканомікі і Беларусі, як такой, ад Расеі, і пра ступені, у якой Аляксандар Лукашэнка можа разьлічваць на разуменьне з боку заходніх партнэраў. Што ён гатовы прадаць за гэта? Калі прадаць нічога не гатовы, то адзіны партнэр – гэта Расея, а зь ёй трэба разумець, паводле якіх правілаў гуляць. А правілы – вось яны, яны прапанаваныя зараз Віктару Юшчанку і Юліі Цімашэнка, яны ў свой час былі прапанаваныя Міхаілу Саакашвілі. Аляксандар Рыгоравіч – вопытны палітык, ён разумее, пра што ідзе гаворка, і з гэтага ўроку ён зробіць свае высновы.

Галоўныя падзеі тыдня вачыма журналістаў “Свабоды”

Свабода на Белсаце,10 студзеня 2009, Частка 3


Лукашук: Якія навіны, тэмы, асобы і праблемы мінулага тыдня падаліся найбольш важнымі вядучым жывога эфіру Свабоды? Сёньня свае меркаваньні прадставяць Ганна Соўсь і Валер Каліноўскі. Ганна, якія падзеі вылучылі Вы?

Соўсь: Я б назвала спыненьне справы супраць курапацкіх вандалаў і рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду забраць будынак у царквы “Новае жыцьцё”.

Лукашук: Валер, а якія галоўныя падзеі паводле Вас?

Каліноўскі: Апрача газавай вайны паміж Украінай і Расеяй і выдзяленьня Беларусі крэдыту МВФ, якія ўжо абмяркоўваліся ў перадачы, я б выдзяліў заяву Аляксандра Мілінкевіча аб удзеле ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах і працяг выкарыстаньня ваенкаматаў для перасьледу моладзевых актывістаў.

Лукашук: Ганна, першай тэмай Вы назвалі спыненьне суду над курапацкімі вандаламі. Чаму гэта важна?

Ганна Соўсь
Соўсь: Летась у лістападзе, седзячы на гэтым самым месцы, я паказвала фотаздымкі вандалаў, і казала, што спадзяюся на тое, што імёны маладзёнаў, якія ламалі курапацкія крыжы, будуць абнародаваныя і будзе суд, і вандалаў пакараюць. Мінула два месяцы – імёны вандалаў так і ня сталі вядомыя грамадзкасьці, справа спыненая з прычыны недахопу доказаў, хаця былі два сьведкі, якія на свае вочы бачылі, як хлопцы ламалі крыжы. Памятаю, як пасьля арышту вандалаў мне патэлефанаваў адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазьняк і, фактычна, папрасіў, каб я ды іншыя журналісты ня кідалі гэтую тэму, бо калі сьледзтва будзе праходзіць без грамадзкай увагі, справу паціху закрыюць. У эфіры “Свабоды” і на сайце мы пэрыядычна пісалі пра хаду сьледзтва, крыху падтрымлівалі гэтую тэму і іншыя незалежныя мэдыі, але так і адбылося – вялікай увагі да справы вандалаў не было, а пасьля дэвальвацыі рубля на тле крызісу гэта закрыцьцё справы ня стала значнай падзеяй для беларускага грамадзтва. “Лібэралізацыя для вандалаў” – так называўся мой блог. Паколькі не былі названыя імёны вандалаў, я вырашыла назваць імёны канкрэтных супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія ў розныя гады працавалі ў Курапатах, камандавалі разгонам намётавага лягеру, расьсьледавалі падпал намёту ці справу аб свастыцы ў Курапатах, патрулявалі ўрочышча і г.д. На гэтым тыдні 16 студзеня споўнілася 15 гадоў візыту прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана ў Беларусь. Падараваны ім мэмарыяльны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці” – так званая “Лава Клінтана”, была апаганеная 12 разоў. Заводзіліся крымінальныя справы. І вінаватыя таксама не былі знойдзеныя і пакараныя. Насамрэч, так і адбылося, нічога не зьмянілася ў стаўленьні ўладаў да Курапатаў. Як не заўважалі яны гэтага месца, дзе былі расстраляныя некалькі соцень тысяч чалавек, так і не заўважаюць, як не заўважалі фактаў вандалізму і не імкнуліся расьсьледаваць і спыніць, так і робяць. А пра Курапаты, і пра вандалаў не забудуць на Радыё Свабода, не забудуць актывісты, якія патрулявалі Курапаты і многія іншыя.

Лукашук: Валер, ваш герой тыдня – Аляксандар Мілінкевіч. Чаму?

Валер Каліноўскі
Каліноўскі: Ну, па-першае, Мілінкевіч асабіста мне сымпатычны. Я зь ім праехаў усю мінулую кампанію па рэгіёнах, я бачыў, як ён рос, як палітык. Але заява Мілінкевіча цікавая тым, што зь яе фактычна пачынаецца разгортваньне падрыхтоўкі палітычных сілаў Беларусі да новых прэзыдэнцкіх выбараў. Апазыцыйныя палітыкі пачынаюць вызначацца, як ім удзельнічаць у гэтай кампаніі. А. Лукашэнка таксама заявіў, што будзе ўдзельнічаць у выбарах, так што фармат і ўмовы будучых выбараў для многіх зразумелыя. Што да фігуры Мілінкевіча, то пакуль рана казаць, што ён зможа прэтэндаваць на тую ж ролю, якую выконваў у 2006 годзе – адзінага кандыдата ад аб’яднанай апазыцыі. Дарэчы, на форумах Свабоды пад паведамленьнем аб заяве Мілінкевіча было шмат нэгатыўных камэнтараў на ягоны адрас.

Лукашук: Ганна, вашая падзея № 1 – справа царквы "Новае жыцьцё". У чым сутнасьць альбо значнасьць гэтай падзеі?

Соўсь: Чаму справа “Новага жыцьця”? Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіў вернікам пратэстанцкай суполкі “Новае жыцьцё”, якія намагаліся прызнаць іх права на будынак. Вернікі набылі на свае сродкі на ўскрайку Менску былы калгасны кароўнік, адрамантавалі яго і ладзілі там набажэнствы. Барацьба за храм працягвалася ад 2005 году, вернікі прайшлі праз шэраг судовых разьбіраньняў, неаднаразова трымалі галадоўку-пост, але ўсё аказалася марна. Я зьвярну ўвагу на тое, што напрыканцы мінулага году былі зарэгістраваныя шэсьць з сямі грамадаў таварыства сьвядомасьці Крышны праз шэсьць гадоў пасьля прыняцьця сумнавядомага закону "Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях." Здавалася, б лібэралізацыя пачалася ў рэлігійнай сфэры. Аднак у справе з “Новым жыцьцё”, мне падаецца, цяпер адыгрывае ролю найбольш не ідэалягічныя, а эканамічныя чыньнікі. “Зямля на ўскрайку Менску каштуе цэлае вельмі шмат”, – гэта я цытую камэнтар наведніка нашага сайту Дзьмітрыя. І сапраўды, як выглядае, на гэты кавалак зямлі даўно ёсьць прэтэндэнты, якія маюць рычагі ўплыву. У прынцыпе, і выпадак з вандаламі, і з “Новым жыцьцём” пацьвярджаюць справядлівасьць справаздачы праваабарончай арганізацыі “Freedom House” “Свабода ў сьвеце”, паводле якой Беларусь як несвабодная краіна традыцыйна ў “хвасьце” рэйтынгу сярод 193 дзяржаў сьвету. І паводле справаздачы Міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Human Rights Watch” Беларусь ізноў крытыкавалася за парушэньні правоў чалавека. І гэта ўсё ня гледзячы на ўсе заявы ўладаў пра лібэралізацыю.

Лукашук: Справа царквы, пра якую вы, Ганна, распавялі, у чымсьці падобная на вашую, Валер, падзею №2 – наконт выкарыстаньня прызыву ў войска для барацьбы з апазыцыйнымі актывістамі.

Каліноўскі: Дастаўка пад вартай у ваенкаматы лідэра Моладзі БНФ Франака Вячоркі, актывіста “Маладога Фронту” Івана Шылы паказваюць сапраўдны кошт лібэралізацыі ў Беларусі. Далей вызваленьня палітвязьняў пад ціскам Захаду і заяваў яна пакуль не пайшла. Засталіся напагатове ўсе рэпрэсіўныя мэханізмы, і яны могуць запрацаваць па камандзе ў любы час, у прыватнасьці, перад чарговымі выбарамі прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG