Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Палова калектыву Слонімскай фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў з 22 сьнежня й дагэтуль знаходзіцца ў вымушаным адпачынку.


На фабрыцы не працуе швейны цэх, у якім каля ста рабочых — гэта палова ўсяго калектыву фабрыкі. Вось што кажа дырэктар прадпрыемства Ўладзімер Іванашка.

“Усё залежыць ад таго, ці ёсьць заказы. У сьнежні мы павінны былі працаваць з датчанамі па сумесным выпуску швейных вырабаў з барысаўскай фабрыкай, але датчане з-за крызісу разарвалі кантракт. Знайсьці заказы на ўнутраным рынку адразу ня так проста: шукаем, пакутуем...”

Дырэктар фабрыкі распавядае, што 10 чалавек з цэху перайшлі на працу ў камэрцыйнае швейнае прадпрыемства, якое арандуе ў фабрыкі памяшканьні. Плянуецца, што ў хуткім часе туды могуць адысьці і іншыя работнікі.

Са слоў спадара Іванашкі, заўтра на фабрыку, магчыма, даставяць сыравіну для працы швеяў.

Нагадаю, што летась 7 кастрычніка каля 60 чалавек са швейнага цэху фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў пакінулі працу й прыйшлі да Слонімскага райвыканкаму з патрабаваньнем падвысіць заробак. Іх заробкі складалі тады ад 170 да 200 тысяч рублёў.

Потым адбыўся агульны сход прадпрыемства, на якім раённае начальства паабяцала расфармаваць фабрыку, калі яна ня стане рэнтабэльнай да новага году.

Пытаюся ў спадара Іванашкі — ці зьбіраюцца ўсё ж расфармоўваць прадпрыемства.

“Ну, а куды людзей выкінуць? Расфармуем, а што далей? Дзе ў Слоніме працу знайсьці? Так што трэба працаваць пакуль на тым, што ёсьць...”

XS
SM
MD
LG