Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новых прадпрыемстваў няма, а старыя – зачыненыя”


Слухачы абмяркоўваюць расейска-ўкраінскі газавы канфлікт, падвышэньне коштаў на тавары і паслугі, а таксама іншыя тэмы.


Прэм’ер-міністры Расеі і Ўкраіны Ўладзімер Пуцін і Юлія Цімашэнка правялі перамовы пра аднаўленьне паставак расейскага газу праз тэрыторыю Ўкраіны. На тэму расейска-ўкраінскага газавага канфлікту наступнае выказваньне:

Спадарыня: “Многія расейскія палітыкі прэзыдэнта Ўкраіны лічаць слабым, але не рашаюцца назваць яго разумным чалавекам, таму што баяцца Пуціна, з рукі якога харчуюцца, пра што сьведчыць іх камплекцыя. Аднак слабы Юшчанка на пачатку 2009 году так падцёр нос Пуціну і ўтаймаваў Цімашэнку, што заслугоўвае глыбокае павагі ў адчайнай барацьбе за незалежнасьць Украіны”.

Наступныя выказваньні — на тэму падвышэньня коштаў і эканамічнага крызісу:

Спадар: “Немагчыма падлічыць, колькі разоў за часы так званага цуду ўзьнімаліся цэны. І галоўны цудатворца кожны раз абяцаў разабрацца і прыпыніць цэнавую скачку. Але ж не, ніводнага разу цэны не панізіліся, а толькі расьлі і расьлі. Нават у навагоднім віншаваньні Лукашэнка гаварыў пра правільны эканамічны напрамак, які ўжо ўсім набіў аскому — стабільнасьць, а на наступны дзень грымнуў абвалам — 20 адсоткаў як карова языком”.

Каваленка Васіль Мікалаевіч: “Я хацеў бы, каб вы ў сваіх рэпартажах адлюстравалі стан у малых гарадах, такіх, напрыклад, як горад Іванава Берасьцейскай вобласьці, дзе няма прадпрыемстваў, а тыя, якія былі, зачыненыя. А людзі засталіся бяз працы”.

Ларыса, Менск: “Я як просты пакупнік магу падзяліцца сваімі думкамі наконт таго, чаму прадпрымальнікі адмовіліся прад’яўляць свае прэтэнзіі ўраду. А таму, што на сусьветным крызісе і на дэвальвацыі можна сыграць на сваю карысьць. Цэны на заляжалы тавар павышаны — і не на 20 адсоткаў. На Ракаўскім рынку на гарбату этыкетку зьнялі 800 рублёў, цяпер 1200. Вось зараз кампэтэнтныя органы, а ў нас іх дастаткова, павінны заняцца праверкай, чым абгрунтавана падвышэньне цэн”.

Выказваньне камэнтуе адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў:

“Ёсьць у нас несумленныя прадпрымальнікі, якія гатовыя на крызісе зарабіць вось гэтую “ліхую” капейчыну. Што тычыцца кантролю коштаў, то ў любым супэрмаркеце сокі каштавалі 2500, а зараз 5000 — кошты завышаныя ўдвая. Але іх ніхто не кантралюе, бо яны плацяць адпаведна — мы ведаем каму”.

Далей выказваньні на іншыя тэмы:

Спадар: “Яшчэ адзін позірк у будучыню. Калісьці скончыцца ў Беларусі лес, папілуюць, застануцца адны пянькі; калісьці скончыцца гэты калій праз 10—20 год, тады што мы будзем рабіць? Вось Рыгоравіч абвясьціў 2009 год годам Зямлі. Год зямлі павінен быць кожны год”.

Спадар: “Трэба ўсім сумленным людзям сьведчыць праўду. Франак Вячорка становіцца сам магутным дубам, які і адродзіць Беларусь”.

Мікола: “13 студзеня Літва адзначыла чарговы дзень абаронцаў свабоды. Я як шараговы грамадзянін Беларусі, Мікола Канаховіч, шчыра віншую нашых суседзяў, братоў па крыві — летувісаў. Па-добраму зайздрошчу вольнаму народу. У той жа час няхай вечны праклён ляжа на крывавага ката літоўскага народу Ўладзімера Ўсхопчыка і яго род. Слава вольнаму ліцьвінскаму народу і вечная ганьба цемрашалам-акупантам”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG