Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раённую вэртыкаль таксама “затрэсла”


У двух раёнах Менскай вобласьці заведзеныя крымінальныя справы супраць мясцовых вэртыкальшчыкаў, якія, магчыма, былі зьвязаныя з былым пракурорам вобласьці Міхаіла Сьнегіром, арыштаваных за карупцыю.


У Стоўбцах пракуратура завяла справу на былога намесьніка старшыні райвыканкаму Ігара Комара. Вэртыкальшчыка абвінавачваюць ў злоўжываньнях службовым становішчам з нанясеньнем стратаў дзяржаве 88 мільёнаў рублёў. Пад пагрозай судовага перасьледу апынуўся і былы начальнік Комара, экс-старшыня райвыканкаму, які мог быць замешаны ў злачынстве. Ранейшыя праверкі пракуратуры ня выявілі ў ягоных дзеяньнях парушэньняў, але пасьля таго, як з пасады пракурора вобласьці зьнялі Міхаіла Сьнегіра, ўзьніклі падазрэньні, ці не былі гэтыя праверкі згорнутыя наўмысна.

Падобная гісторыя і ў Смалявіцкім раёне. Там напярэдадні Новага году арыштавалі намесьніка старшыні райвыканкаму, паведамілі крыніцы ў інтэрнэце. Сьцвярджалася, што раней на чыноўніка таксама завадзілі справу за злоўжываньні, але ў абласной пракуратуры вырашылі, што начальнік перад законам чысты. Ці сапраўды зараз перадумалі?

Мой зварот ў прэсавую службу пракуратуры краіны хуткага выніку, як хацелася, ня даў. Кіраўнік прэсавай службы Генадзь Вярцінскі сказаў, што бачыў у інтэрнэце такія зьвесткі, але, каб іх спраўдзіць, патрэбен час і параіў напісаць пісьмовы запыт. Пакуль лёс паперы вырашаецца, я патэлефанаваў былому супрацоўніку КДБ Валеру Костку, які цяпер жыве ў Смалявіцкім раёне. Зьвесткі пацьвердзіліся. Намесьнік старшыні райвыканкаму сапраўды арыштаваны, вядзецца сьледзтва.

“Гэта Цурыкаў Васіль Ціханавіч. Былы намесьнік па будаўніцтве. Фармальна выстаўленае абвінавачаньне ў злоўжываньні службовым становішчам, але, мяркую, там ланцужок будзе немаленькі. Могуць знайсьці і хабарніцтва і што заўгодна”.

Паводле Валера Косткі, шмат хто з мясцовых вэртыкальшчыкаў клапаціліся пра свае прыбыткі за кошт дзяржавы, а іх дзейнасьць пакрывалі другія несумленныя начальнікі. Былы супрацоўнік КДБ Костка мяркуе, што карупцыя ў раёне пусьціла глыбокія карані.

“Шмат чаго “пакрылі”. Тут адзін калгас увогуле раскралі, а канцоў не знайсьці. Былы намесьнік дырэктара СПК стаў галоўным па падатках, браў хабары, дык толькі дзякуючы менскай гарадзкой міліцыя яго выкрылі”.

Чаму з карупцыяй сярод раённых чыноўнікаў змагаюцца толькі сьледчыя, прысланыя з Менску, у той час як за імі мусіць прыглядаць мясцовая міліцыя і пракуратура? Былы судзьдзя, цяпер праваабаронца Гары Паганяйла кажа, што ва ўладнай сыстэме Беларусі адсутнічаюць выпрацаваныя ва ўсім сьвеце ўмовы для недапушчэньня карупцыі.

“У нас выканаўчы апарат зьліўся са сьледчымі і пракурорамі ў адным карупцыйным экстазе. У такіх умовах змагацца з карупцыяй можна толькі дэмакратычнымі захадамі, праз кантроль грамадзтва. Не павінна быць закрытых тэм, закрытых устаноў, “сьвяшчэнных кароў”. Усё мусіць быць празрыста”.






Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG