Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску прайшоў сойм Партыі БНФ. Галоўнае пытаньне — сытуацыя ў краіне. З дакладам на гэтую тэму выступіў старшыня партыі Лявон Баршчэўскі.

Лявон Баршчэўскі лічыць: крызіс вымушае ўлады нешта зьмяняць:

Лявон Баршчэўскі
“Рэжым тым часам яшчэ больш выразна паказаў так званую навізну свайго курсу — далейшыя крокі ў бок кітаізацыі. Гэта значыць — вымушаны рух у бок лібэралізацыі па асобных сэгмэнтах эканомікі і працяг цынічнага таптаньня падставовых свабодаў і годнасьці людзей. Дэвальвацыя беларускага рубля праводзілася, як заўсёды, у рэжыме спэцапэрацыі. Так што абурыліся нават некаторыя адэпты рэжыму, якія прывыклі верыць бэтэшнай ды саўбелаўскай хлусьні”.

Сябры сойму з Магілёва, Баранавічаў, Кобрына, Слоніма, якія абмяркоўвалі спавешчаньне свайго лідэра, пацьвярджалі: людзі ў рэгіёнах — разгубленыя. Яны не чакалі дэвальвацыі беларускага рубля, яны клянуць — хто кіраўнікоў краіны, хто Захад, які, нібыта, прымусіў абясцэніць рубель. Таму актывісты пыталіся: што нам цяпер казаць людзям, як тлумачыць сытуацыю?

Пакуль жа кожны адказвае на балючае пытаньне, як можа. Прыкладам, спадар Лазяк з Бранавіцкага раёну распавёў:

“Я ім кажу: ня трэбы было сварыцца з Амэрыкай, Эўрапейскім Зьвязам. А мы прывязаліся і гандлявалі з Расеяй, Кітаем, Азіяй. Цяпер у іх — ляп, і ў нас — ляп: нічога прадаць ня можам. А раней нашы лядоўні, тэлевізары стаялі ў вялікіх крамах Сафіі, Будапэшту, Прагі, Браціславы… Ды і нашу, баранавіцкую, пасьцельную бялізну ў Эўропе прадавалі. А цяпер — няма. Іх месца занялі іншыя.

На гэта людзі рэагуюць, кажуць, што так — сварыцца, ваяваць непатрэбна, трэба з усімі мірна жыць“.

Сябры сойму прынялі спэцыяльны дакумэнт пра сытуацыю ў краіне. Крыху пазьней на яго аснове будзе зроблены запыт да ўраду з канкрэтнымі пытаньнямі.

Аляксандар Мілінкевіч
На паседжаньне прыйшоў і лідэр Руху “За Свабоду” Аляксадар Мілінкевіч. Ён адказаў на тузін пытаньняў. Спадар Мілінкевіч пацьвердзіў, што зьбіраецца ўдзельнічаць у новых прэзыдэнцкіх выбарах.

Было бачна, што партыйных актывістаў моцна турбуе стаўленьне лідэра Руху да магчымай дапамогі ўладам у выйсьці з крызісу:

“Ёсьць дзьве цьвёрдыя пазыцыі. Адна — чым горш, тым лепш. Я — катэгарычны яе праціўнік, лічу, што гэта зьнішчэньне Беларусі.

Другая пазыцыя — гэта спрыяньне пазытыўным працэсам. Вымушаным працэсам. Ніхто ж ня кажа, што ўлада раптам стала дэмакратычнай. Яна вымушана нешта рабіць. І гэта трэба скарыстаць“.

Чуткі, якія распаўсюджваліся напярэдадні сойму пра тое, што ён можа разгледзець значныя зьмены ў кіраўніцтве партыі, сёньня не пацьвердзіліся.У парадку дня, праўда, быў другі пункт — арганізацыйныя пытаньні. Але, як высьветлілася, гэта была справаздача намесьніка старшыні партыі Аляксея Янукевіча пра ягоную працу.

Лявон Баршчэўскі нагадаў, што Партыя БНФ мела намер вылучаць свайго кандыдата ў прэзыдэнты. “Я б вельмі хацеў удзельнічаць на роўных зь іншымі ў гэтым працэсе”. Баршчэўскі сказаў, што калі пачнуцца партыйныя сходы па вылучэньні патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, ён прыпыніць кіраўніцтва партыяй і перадасьць свае паўнамоцтвы выканаўцу абавязкаў старшыні партыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG