Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясёлыя прыгоды для сучасных дзетак


“Прыгоды капітана Танакі” — так называецца кніжка, якая выйшла ў Менску ў выдавецтве І. Логвінава. Яе склалі выбраныя творы, што друкаваліся цягам апошніх трох гадоў на дзіцячай старонцы тыднёвіка “Наша Ніва”. Аўтар тэкстаў і мастацкіх выяваў — журналіст тыднёвіка Алесь Кудрыцкі.

“Усё пачалося як заўсёды — ад самотнай і сумнай хвілінкі”, — жартуе Алесь Кудрыцкі ў адказ на пытаньне пра ідэю кніжкі.

“Памятаю, калісьці проста быў такі дзень, калі мне не было чаго рабіць, і я вырашыў трохі падзяцініцца і вылепіў з плястыліну чырвонага сьлімачка. Імя яму прыдумалася неяк само сабой, прыйшло аднекуль з глыбіняў маёй фантазіі”.

Так зьявіўся капітан Танака. А ў хуткім часе — і ягоная каманда. І пачаліся водныя, паветраныя, балотныя, бульбяныя, футбольныя ды кухонныя прыгоды плястылінавых сьлімачкоў. Потым да іх далучыліся іншыя вясёлыя істоты.

Аўтар спачатку забаўляўся зь імі ў інтэрнэце ў сваім “Жывым дзёньніку”. Але празь нейкі час падумаў, што варта было б зрабіць з гэтага дзіцячую старонку ў газэце “Наша Ніва”. І не памыліўся.

“Выявілася, што вельмі дзеці ўпадабалі гэтую старонку. Так што можна сказаць, што мы цэлую новую ўзроставую групу для сябе адкрылі з дапамогай гэтай газэткі дзеткам у дарослай газэце”.

Сваіх плястылінавых герояў Алесь Кудрыцкі фатаграфуе і піша ад іхнага імя вершаваныя і празаічныя маналёгі. Так нарадзілася кніга “Прыгоды капітана Танакі”. Яна выгадна адрозьніваецца ад іншых кніжак для дзяцей сучасным урбанізаваным сьветам, у якім жывуць героі, а таксама тым, што прапануе кожнаму чытачу самому паспрабаваць іх вылепіць з плястыліну. Дарэчы, на будучых прэзэнтацыях аўтар абяцае ладзіць майстар-клясы свайго мастацтва. Так што прыходзіць на іх варта будзе з плястылінам.

На апошняй старонцы кнігі напісана: “Да новых сустрэчаў!” Яны будуць, — абяцае спадар Кудрыцкі.

“У мяне матэрыялаў ёсьць яшчэ на дзьве кніжкі. Так што можна будзе выдаваць яшчэ кнігі, калі гэтая будзе запатрабаваная. “Капітана Танаку” будзе працягваць друкаваць і “Наша Ніва”. А на маім сайце www.tanaka.by можна пабачыць і мультфільмы пра капітана Танаку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG