Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе мяняцца пэнсійная сыстэма?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”, эфір 16 студзеня

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч абвергла інфармацыю пра зьмены пэнсійнай сыстэмы. Ці будуць атрымліваць пэнсіі тыя пэнсіянэры, якія працуюць? Ці трэба павышаць пэнсійны ўзрост? Калі паўстане неабходнасьць пэнсійнай рэформы?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Ці будуць атрымліваць пэнсіі пэнсіянэры, якія працуюць?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Сусьветны эканамічны крызіс, які прыйшоў у Беларусь, высьвеціў шмат праблем у беларускай эканоміцы і сацыяльнай сфэры. Адна зь іх — гэта пэнсійная сыстэма. МВФ, выдаўшы Беларусі крэдыт, паставіў пытаньне пра неабходнасьць скарачэньня дзяржаўных выдаткаў.

Магчыма, у зьвязку якраз з гэтай сытуацыяй міністар працы і сацыяльнай абароны Патупчык заявіў, што стаіць пытаньне аб пэнсіянэрах, якія працуюць. Ці то іх плянуюць пазбавіць пэнсій, пакуль яны працуюць, ці то скараціць памер пэнсійных выплатаў. Як вы пракамэнтуеце гэта?”

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба: “Вядома, крызіс актуалізаваў пытаньне скарачэньня дзяржаўных выдаткаў. У нас 25% пэнсіянэраў працягваюць працаваць. Цяпер адбываецца скарачэньне працоўных месцаў. Таму, зразумела, найперш звальняюць пэнсіянэраў.
Каля 15% пэнсіянэраў знаходзяцца за рысай галечы. Калі іх яшчэ пазбавіць пэнсій, то сытуацыя пагоршыцца
Гэта па-першае. Па-другое, калі шукаць, на чым зэканоміць, то імкнуцца скараціць пэнсіі тых пэнсіянэраў, якія працуюць”.

Аляксандр Чубрык: “Напрыканцы 2007 году мы рабілі сацыялягічнае дасьледаваньне. Дык вось, большасьць беларусаў, ня толькі саміх пэнсіянэраў, выказаліся за тое, каб пэнсіянэры, якія працуюць, атрымлівалі і пэнсіі, і заробкі.

Шмат для каго з пэнсіянэраў гэта праблема выжываньня. Каля 15% пэнсіянэраў знаходзяцца за рысай галечы. Калі іх яшчэ пазбавіць пэнсій, то сытуацыя пагоршыцца”.

Ці трэба павышаць пэнсійны ўзрост?

Карбалевіч: “Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч абвергла інфармацыю пра павышэньне ўзросту выхаду на пэнсію. Але, тым ня менш, такая праблема стаіць перад Беларусьсю. Як яе вырашаць?”

Жаліба: “Гэтае пытаньне ўзьнімалася ўжо даўно. У большасьці краін Захаду ўзрост выхаду на пэнсію жанчын і мужчын — каля 65 гадоў. Але там вышэйшы ўзровень жыцьця і таму большая працягласьць жыцьця: у жанчын — за 70 гадоў, у мужчын — пад 80 гадоў. Людзі захоўваюць здароўе ў сталым узросьце, таму і могуць працаваць больш гадоў.

У Беларусі ж мужчыны дажываюць у сярэднім да 62 гадоў, а жанчыны жывуць на 9 гадоў больш. Шмат мужчын да сваёй пэнсіі не дажываюць. Таму, перш чым павышаць пэнсійны ўзрост, трэба павялічваць узровень жыцьця.

Дарэчы, частка людзей, якая захавала здароўе, будзе ня супраць павышэньня пэнсійнага ўзросту. Але іншая частка, якая чакае пэнсіі, будзе супраць такога рашэньня”.

Добрая магчымасьць для рэформы

Аляксандар Чубрык
Чубрык: “У Беларусі самы нізкі ў сьвеце пэнсійны ўзрост для жанчын (55 гадоў) і ня вельмі высокі для мужчын. Але гэта стварае добрыя перадумовы для правядзеньня пэнсійнай рэформы. Калі мы адначасова з рэформай падвысім і пэнсійны век, то гэта дадасьць грошай, каб кампэнсаваць той дэфіцыт, які адразу ўзьнікне ў пэнсійным фондзе.

Найпрасьцейшы варыянт — пераход на двухузроўневую сыстэму пэнсій.
Найпрасьцейшы варыянт — пераход на двухузроўневую сыстэму пэнсій. Першы ўзровень — гэта тая разьмеркавальная сыстэма, якая існуе цяпер. Яна грунтуецца на тым, што з тых адлічэньняў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, якія робяць грамадзяне, працуючы, пэнсію атрымліваюць цяперашнія пэнсіянэры.

Другі ўзровень — гэта назапашвальная сыстэма. Гэта частка грошай, якая адлічваецца з заробкаў, назапашваецца, інвэстуецца. І потым, калі чалавек выйдзе на пэнсію, на дадатак да той пэнсіі, якую будзе плаціць дзяржава, ён будзе атрымліваць яшчэ і пэнсію з гэтага фонду.

Падвысіць пэнсійны падатак немагчыма, бо ён і так адзін з самых вялікіх у сьвеце. Але частку грошай можна атрымаць ад павелічэньня пэнсійнага веку. Калі павысім пэнсійны ўзрост на пяць гадоў для мужчын і жанчын, то атрымаем адтэрміноўку пэнсійнага фонду на 10 гадоў.

Але калі ўрад пойдзе на падвышэньне пэнсійнага веку без правядзеньня рэформы, то гэта значыць, што добрая магчымасьць для рэформы будзе страчаная. А калі пазьней перад дзяржавай паўстане неабходнасьць рэформы, то грошай для гэтага ня будзе, іх давядзецца недзе шукаць. І тады рэформа будзе больш балючай, чым цяпер”.

Пэнсійная рэформа патрэбная

Карбалевіч: “Праблема забесьпячэньня добрымі пэнсіямі людзей сталага веку — гэта праблема ня толькі беларуская. Яна існуе ва ўсіх разьвітых і сярэднеразьвітых краінах. Адзін з спосабаў яе вырашэньня — гэта пэнсійная рэформа. Шмат краін Заходняй Эўропы імкнуцца вырашыць гэтую праблему, прыцягваючы працоўную сілу з-за мяжы — гастарбайтэраў. У чым выхад для Беларусі?”

Жаліба: “Беларусі ў спадчыну ад СССР засталася разьмеркавальная пэнсійная сыстэма. 1% з заробку адлічвае кожны грамадзянін, які працуе, 35% на кожнага працаўніка адлічаюць наймальнікі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Зь яго і атрымліваюць пэнсіі цяперашнія пэнсіянэры.

На Захадзе існуе як дзяржаўная разьмеркавальная сыстэма, так і прыватныя пэнсійныя фонды, ашчадныя рахункі. У іх ідуць адлічэньні з заробку працаўніка. Калі ў чалавека высокі заробак, то ў яго будзе і высокая пэнсія. Таму так часта мы бачым людзей сталага веку, якія на сваю пэнсію вандруюць па сьвеце.

У Беларусі існуе неабходнасьць праводзіць рэформу пэнсійнай сыстэмы ў бок назапашвальнай сыстэмы. Кожны працаўнік павінен мець індывідуальны пэнсійны рахунак. Для такой рэформы патрэбныя грошы.

Сапраўды, краіны Заходняй Эўропы выкарыстоўваюць гастарбайтэраў. Цяпер гэтыя краіны сутыкнуліся зь вялікімі праблемамі інтэграцыі імігрантаў у свае грамадзтвы.

Для Беларусі праблема гастарбайтэраў не актуальная. Мы не такая прыцягальная краіна, каб сюды ехалі зарабляць грошы з-за мяжы. У нас іншая праблема. Зьяжджаюць за мяжу найбольш працаздольныя, маладыя беларусы туды, дзе большыя заробкі — напрыклад, у Расею”.

Без рэформы пэнсійная сыстэма разваліцца

Чубрык: “У сваім цяперашнім выглядзе беларуская пэнсійная сыстэма можа праіснаваць без дэфіцыту максымум пяць гадоў — зь дзьвюх прычын. Першая прычына — дэмаграфічная. На аднаго пэнсіянэра ў нас прыпадае 1,4 працаўніка. Другая прычына: значная колькасьць занятых працуюць у ценевым сэктары і ня робяць адлічэньняў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
У цяперашнім выглядзе беларуская пэнсійная сыстэма можа праіснаваць без дэфіцыту максымум пяць гадоў


Таму патрэбны пераход на двухузроўневую сыстэму, пра якую я ўжо казаў. Магчымы яшчэ і трэці ўзровень — адлічэньні ў яшчэ адзін фонд. Паводле нашага дасьледаваньня, каля трэці беларусаў гатовыя ашчаджаць грошы ў гэтых фондах. Прычым палова зь іх ужо робяць гэта і цяпер.

Калі рэформу не праводзіць, то праз 10—20 гадоў пэнсійная сыстэма разваліцца. Калі пэнсійны век будзе павялічаны, то каляпс будзе адцягнуты. Гэта азначае, што памер пэнсіі будзе зьмяншацца ў параўнаньні з заробкам”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG