Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс дабраўся да лесу


Уласьнік прыватнага прадпрыемства Сяргей Малей: “Мы працавалі зь Літвой, Бэльгіяй, Галяндыяй. Падпісвалі з кампаньёнамі кантракт, рэгістравалі яго на біржы і працавалі. А цяпер паўсюдна цэны мяняюць. Па-другое, спажывецкі попыт на Захадзе падае. Раней яны бралі, як той казаў, ня гледзячы, 300 вялікіх грузавікоў лесу, а цяпер у студзені набываюць толькі 7 грузавікоў”.

Па словах Сяргея Малея, эканамічна слабейшыя камэрцыйныя фірмы змушаныя прыпыняць працу. Суразмоўца ня ўтойвае, што магчымы крах і ягонага прадпрыемства.

Пілаваць лесаматэрыялы на склад — гэта забойства
“Таму што няма заказаў. Пілаваць на склад — гэта забойства. Напілуеш паводле аднаго памеру, а гэты памер можа выявіцца незапатрабаваным. Губляеш вялікія грошы. Кожны дзень, словам, трэба неяк круціцца, каб працаваць. Вось мы за паўмесяца напрацавалі прадукцыі на сем грузавікоў і адправілі. Цяпер мусім пілаваць на склад”.

У дырэктара дзяржаўнага Ганцавіцкага лясгасу Аляксандра Мухі таксама няма падстаў для аптымізму. Ён тлумачыць:

“Попыт на драўніну ўпаў ня толькі ў Эўропе, але і ва ўсім сьвеце. На жаль, усясьветны фінансавы крызіс уцягвае ў сябе розныя сфэры вытворчасьці. Мы — не выключэньне. Экспартуем звычайна дробнатаварную драўніну. А паколькі попыт на паперу зьнізіўся, то менш патрабуецца і сыравіны”.

На сёньня ў Ганцавіцкім раёне церпяць ад фінансавага крызісу больш за паўтысячы працаўнікоў лясной гаспадаркі як камэрцыйных, так і дзяржаўных прадпрыемстваў.
XS
SM
MD
LG