Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Плянавая эканоміка больш ня ў плянах


Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб новым прынцыпе рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня, а ў адміністрацыі прэзыдэнта і ўрадзе прыняты плян лібэралізацыі эканомікі Беларусі.

Ад 1 лютага ў Беларусі будзе дзейнічаць заяўны прынцып рэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня, за выключэньнем банкаў. Адпаведны ўказ 16 студзеня падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Як паведамляюць у прэсавай службе Лукашэнкі, для дзяржаўнай рэгістрацыі юрыдычнай асобы дастаткова будзе мінімальнага пакету дакумэнтаў, а рэгістрацыя павінна завяршацца ў дзень падачы заяўкі.

Сёньня ж стала вядома, што ва ўрадзе і адміністрацыі Лукашэнкі прыняты плян лібэралізацыі эканомікі. Паводле намесьніка міністра эканомікі Андрэя Тура, сярод навацыяў, якія прадугледжаныя плянам, таксама — спрашчэньне сэртыфікацыі тавараў, зьняцьцё некаторых адміністрацыйных бар’ераў ды іншыя захады. У прыватнасьці, плянуецца скасаваць абмежаваньні на імпарт рыбы.

Намесьнік міністра эканомікі заявіў, што “ўжо ў першым квартале году павінны зьявіцца станоўчыя вынікі рэалізацыі гэтага пляну”.

Як да прапанаванага ўрадам пляну лібэралізацыі ставяцца вядомыя ў Беларусі эканамісты?

Леанід Злотнікаў
Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў, хоць з агаворкамі, але вітае мэты, заяўленыя ў пляне лібэралізацыі.
Як надзяваць хамут — дык стала лягчэй, а як цягнуць гэты воз прадпрымальніцтва, дык ня бачна, што стане лягчэй.


“Мяркую, станоўчыя моманты ёсьць. Калі сапраўды заяўны прынцып, калі меней сэртыфікатаў, ліцэнзій — гэта добрыя мерапрыемствы. Іншая рэч, ці настолькі іх шмат, каб перавесьці ў новую якасьць нашу эканоміку? Зрабіць яе сапраўды рынкавай? Цяжка адказаць. Бо гэта ўсё могуць сапсаваць іншыя захады. Вось, з аднаго боку, намесьнік міністра эканомікі заяўляе пра лібэралізацыю, а ў той жа час намесьнік кіраўніка дэпартамэнту па цэнах кажа, што жорстка будуць пакараныя тыя, хто завысіў кошты. Як гэта можна сумясьціць зь лібэралізацыяй? Такімі дзеяньнямі яны паказваюць, што могуць казаць адно, а рабіць другое”.

Леанід Злотнікаў зьвярнуў увагу на тое, што ў суседніх зь Беларусьсю краінах не рэгулююць кошты, як у Беларусі. Між тым, кошты там меншыя. Гэта адбываецца таму, што ўрады ў суседніх дзяржавах клапоціцца толькі пра тое, каб на рынку не было манапалістаў, ды падтрымліваюць устойлівасьць грошай. Калі б у Беларусі пачалі рабіць захады ў гэтым кірунку, Леанід Злотнікаў паверыў бы ў рэальную лібэралізацыю, а пакуль ён робіць наступную выснову:

“Такім чынам, як надзяваць хамут — дык стала лягчэй, а як цягнуць гэты воз прадпрымальніцтва, дык ня бачна, што стане лягчэй”.

Яраслаў Раманчук
Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса, эканаміста Яраслава Раманчука ўказ Аляксандра Лукашэнкі аб заяўным прынцыпе рэгістрацыі па сваёй сутнасьці нават больш лібэральны, чым плян лібэралізацыі, прыняты ўрадам:

“Гэта такі парадокс, які захоўваецца сёньня. Мяркую, альбо ўрад стане больш лібэральным, альбо тыя людзі, якія сёньня на чале ўраду, сыдуць, каб саступіць месца іншым людзям, якія будуць рэалізоўваць больш лібэральную праграму. Крокі ў гэтым кірунку ёсьць, яны ня хуткія, але добра ўжо тое, што парадыгма плянавай савецкай эканомікі ўжо больш не разглядаецца як пэрспэктыўная для нашай краіны”.
XS
SM
MD
LG