Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 студзеня 43-ці прэзыдэнт Злучаных Штатаў Амэрыкі Джордж Буш зьвярнуўся да амэрыканцаў з разьвітальнай прамовай. 20 студзеня ягоную пасаду зойме Барак Абама, які ў выніку выбараў у лістападзе стаў першым чарнаскурым прэзыдэнтам ЗША.


Джордж Буш сказаў, што цягам васьмі гадоў у Белым доме ён заўсёды стараўся абараняць амэрыканскія інтарэсы найлепш як мог, і што часам гэта вымушала яго прымаць „цяжкія рашэньні”. Да гэткіх рашэньняў ён залічыў уступленьне ЗША ў вайну з Аўганістанам і Іракам ды некаторыя ягоны распараджэньні пра барацьбу з тэрарызмам, якія потым падпалі пад вострую крытыку як унутры краіны, так і па-за яе межамі. Гэта, несумненна, тычыцца і абыходжаньня зь вязьнямі, якіх Амэрыка падазравала ў супрацоўніцтве зь ісламскімі тэрарыстамі.

Калі зьявіліся выклікі нашаму дабрабыту, мы зрэагавалі на іх. Стоячы перад пагрозай фінансавага краху, мы прынялі рашучыя меры, каб забясьпечыць нашу эканоміку
Буш моцна падкрэсьліў, што ягоная палітыка прадухіліла іншыя тэрарыстычныя атакі супраць Амэрыкі пасьля 11 верасьня 2001 году, калі пад развалінамі Сусьветнага гандлёвага цэнтру і ў чатырох авіяляйнэрах загінулі каля 3000 чалавек:

„Спрэчкі вакол шмат якіх з гэтых рашэньняў — апраўданыя. Але нельга доўга спрачацца аб выніках: Амэрыка пражыла больш за сем гадоў без далейшай тэрарыстычнай атакі на нашую зямлю”.

Што да сытуацыі ва Аўганістане і Іраку, дзе супрацьстаяньню паміж праамэрыканскімі ўрадамі і ісламскімі фундамэнталістамі не відаць канца, Буш падкрэсьліў уступленьне абедзьвюх краінаў на дэмакратычны шлях разьвіцьця:

„Аўганістан з краіны, у якой талібы далі прытулак Аль-Кайдзе і каменявалі жанчын на вуліцах, ператварыўся ў маладую дэмакратыю, якая змагаецца з тэрарызмам і заахвочвае дзяўчат хадзіць у школу. Ірак ператварыўся з брутальнай дыктатуры і закаранелага ворага Амэрыкі ў арабскую дэмакратыю ў сэрцы Блізкага ўсходу і ў сябра Злучаных Штатаў”.

Аўганістан з краіны, у якой талібы далі прытулак Аль-Кайдзе і закідвалі камянямі жанчын на вуліцах, ператварыўся ў маладую дэмакратыю, якая змагаецца з тэрарызмам і заахвочвае дзяўчат хадзіць у школу
У 2001 годзе, калі Буш уступаў на прэзыдэнцкую пасаду, ЗША перажылі найгоршую тэрарыстычную атаку ў сваёй гісторыі. Цяпер, калі ён сыходзіць, краіна перажывае бадай ці не найгоршы эканамічна-фінансавы крызіс у сваёй гісторыі. Дзяржаўны доўг ЗША дасягнуў пры Бушы астранамічнай вышыні 10 трыліёнаў даляраў (інакш кажучы, блізка 40 000 даляраў на кожнага статыстычнага амэрыканца). Аднак Буш у разьвітальнай прамове стараўся бараніць сваю эканамічную палітыку:

„Калі зьявіліся выклікі нашаму дабрабыту, мы зрэагавалі на іх. Стоячы перад пагрозай фінансавага краху, мы прынялі рашучыя меры, каб забясьпечыць нашу эканоміку. Гэта вельмі цяжкі час для сем’яў, якія шмат працуюць, але страты былі б значна горшыя, калі б мы не зрабілі нічога”.

Пасьля тэрарыстычнай атакі на Сусьветны гандлёвы цэнтар у 2001 годзе рэйтынг папулярнасьці Буша сярод амэрыканцаў дасягаў 90 адсоткаў. Наступныя сем гадоў прэзыдэнцтва Буша добра ацэньваюць 34 адсоткі амэрыканцаў — гэта найгоршы рэйтынг амэрыканскага прэзыдэнта з 1974 году, калі ў выніку скандалу „Уотэргейт” вымушаны быў адмовіцца ад пасады прэзыдэнт Рычард Ніксан.

XS
SM
MD
LG