Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэйчанка — аўтсайдэр у Віцебску


Уладзімер Андрэйчанка
Уладзімер Андрэйчанка

Конкурс “Чалавек году ў Віцебску-2008” зладзіла рэдакцыя сайту “Народныя Навіны Віцебска”, прапанаваўшы ўсім ахвотным узяць удзел у інтэрактыўным галасаваньні за адну зь сямі вызначаных асобаў.


У лік намінантаў на званьне “Чалавек году ў Віцебску-2008” былі ўключаныя тыя, хто ня толькі сам адзначыўся чымсьці ў мінулым годзе, але й нейкім чынам надаў вядомасьці гораду. Паводле рэдактара Сяргея Серабро, усе сямёра вылучэнцаў былі героямі публікацый на сайце “Народныя Навіны Віцебска”, прычым інфармацыя пра іх насіла калі станоўчы, а калі й скандальны характар:

“Мы зрабілі вось такую апытанку ў рэжыме on-line. Лідэрам паводле галасаваньня пакуль стала Вольга Хіжынкова — “Міс Беларусь-2008”, якая нядаўна брала ўдзел у конкурс прыгажосьці “Міс сьвету”. За ёй ідуць вядомы віцебскі фатограф і журналіст Уладзімер Базан і лідэр прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч. Сьледам ідзе, як ні дзіўна, Віктар Бут — гэта міжнародны гандляр зброяй, які калісьці служыў у Віцебску ў транспартнай авіяцыі. Ён абагнаў па папулярнасьці і чэмпіёна-баксёра Сяргея Ляховіча, ураджэнца Віцебску, і Радзівона Баса — культурнага дзеяча, які ўзначальвае холдынг “Цэнтар культуры “Віцебск”. І аўтсайдэрам апынуўся былы старшыня абласнога выканаўчага камітэту Ўладзімер Андрэйчанка”.

Сяргей Серабро распавёў, што за былога губэрнатара Ўладзімера Андрэйчанку, які пасьля мінулых выбараў трапіў у парлямэнт і быў абраны старшынём Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прагаласавалі ўсяго два чалавекі. Увогуле ж удзел у галасаваньні, якое працягваецца ўжо два дні, узялі ўдзел некалькі дзясяткаў жыхароў гораду.

Галасаваньне на сайце “Народныя Навіны Віцебску” будзе працягвацца да канца месяца. Але, вядома, ня ўсе жыхары Віцебску карыстаюцца інтэрнэтам. Таму меркаваньні пра тое, каго можна было б лічыць вартым званьня “Чалавек году ў Віцебску-2008”, было цікава пачуць і ад звычайных віцебскіх мінакоў.

Карэспандэнтка: “Каго б вы назвалі “Чалавекам году” для Віцебску?”

Спадарыня: “Барыса Хамайду. Ня думаючы, скажу гэта адразу. Бо гэты чалавек жыве ня нейкімі там матэрыяльнымі інтарэсамі, а высокай ідэяй. І я ганаруся, што я зь ім знаёмая”.

Спадарыня: “А, я ведаю пра гэты конкурс. І ўжо прагаласавала за Парсюкевіча. Гэта сапраўды чалавек году!”

Спадар: “Баюся, што няма такой асобы ў Віцебску, якую маглі б назваць усе ці большасьць “чалавекам году”. Тым ня менш, бясспрэчна, ёсьць людзі, якія асацыіруюцца і зь мінулым годам, і зь Віцебскам. Да прыкладу, колішні прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Аляксандар Казулін, які сядзеў у Віцебску. Ён не віцяблянін, але ягонае імя і прозьвішча асацыіравалася пэўны час з нашым горадам”.

Віцебскія мінакі казалі таксама, што “чалавекам году ў Віцебску” гатовыя прызнаць ня толькі пэўную асобу, але й нейкі зборны вобраз. Да прыкладу, называлі легендарнага й няўлоўнага Мірона, або ўсіх разам удзельнікаў мінулых выбараў — і незалежных кандыдатаў у дэпутаты парлямэнту, і іхных прыхільнікаў — адным словам, канстатавалі, што “чалавекам году ў Віцебску-2008” можна лічыць неабыякавую да палітыкі і грамадзкага жыцьця асобу. Шмат хто падтрымаў кандыдатуру прыгажуні Вольгі Хіжынковай, якая прадстаўляла Беларусь на конкурсе “Міс сьвету”. Былога губэрнатара і цяперашняга старшыню Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанку ніхто зь віцебскіх мінакоў не згадаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG