Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Загад пра “лібэралізацыю” на месцы не дайшоў


Аляксандар Старыкевіч

Аляксандар Старыкевіч

Гаспадарчы Суд Менскай вобласьці прысудзіў штаф памерам 48 мільёнаў рублёў выдаўцу газэты “Борисовские новости”, нядаўна Вышэйшы гаспадарчы Суд пазбавіў храму вернікаў царквы “Новае жыцьцё”. Ці можна на фоне такіх дзеяньняў казаць, што ў Беларусі ідзе заяўленая уладамі палітычная лібэралізацыі? Чаму разам з крокамі па аслабленьні палітычнага ціску робяцца і відавочна рэпрэсіўныя захады? На гэтыя пытаньні адказвае галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў:
“З аднаго боку, улады пускаюць Нашу Ніву і Народную волю ў кіёскі, зь іншага – перасьледуюць “Борисовские новости”, рэгіструюць рух “За свабоду і разам з тым пазбаўляюць храму царкву “Новае жыцьцё”, за якую, дарэчы, заступаліся і міжнародныя арганізацыі. Як можна патлумачыць гэтыя крокі? Ці правая рука ня ведае, што робіць левая, ці тут нейкая асэнсаваная стратэгія?”

Старыкевіч: “Пакуль што, разважаючы пра “лібэралізацыю”, трэба мець на ўвазе вось што – ці зьмяніліся людзі, якія зьмяніліся ва ўладзе? Не, засталіся тыя самыя. Ці зьмяніліся іхнія погляды на жыцьцё, каштоўнасьці? Не, падставаў так лічыць таксама няма.

Адкуль тады можа ўзяцца сапраўдная лібэралізацыя? Можа быць гандаль, можа быць крышку адкручваньне гаек. Але сьвядомасьць засталася тая самая – ад першай асобы, і ніжэй па ўсёй вэртыкалі. Проста дзесьці “шчыруюць” болей, як, прыкладам, у Барысаве, а дзесьці меней. Таму і ўзьнікае такая сытуацыя, калі з аднаго боку, дзеяньні ідуць нібыта накіраваныя сапраўды на паслабленьні, а ў іншых месцах і пытаньнях усё атрымліваецца наадварот”.

Цыганкоў: “Але калі не зьмяніліся, то зьмяніліся абставіны.. І гісторыя дае нам процьму прыкладаў, калі пад ціскам абставінаў палітыкі вымушаныя былі паводзіць сябе кардынальна па-іншаму..”

Старыкевіч: “Так, дык яны і паводзяць сябе па-новаму. Памятаем, што Лукашэнка калісьці называў МВФ “жульлё”, а цяпер прыслухоўваецца да рэкамэндацыяў, бярэ крэдыты. Так што натуральна, што сытуацыя мяняе некаторыя падыходы.

Але ж гэта рэчы на ўзроўню гандлю, які зьяўляецца прэрагатывай найвышэйшага кіраўніцтва краіны. А мясцовыя ўлады ў тым самым Барысаве не абавязаныя абсалютна выконваць нейкую “лібэралізацыю”. Да іх яна не дайшла. Сыгналу, зразумелага для іх, яны зьверху не атрымалі. Бо яго папросту не было. Тое, што кажа Лукашэнка.. ён заўсёды кажа супярэчлівыя рэчы, і ад яго можна адначасова пачуць, што дэмакратыя – гэта вельмі дрэнна, і што сапраўдная дэмакратыя толькі ў нас. Таму паколькі не было з цэнтру ніякіх захадаў, якія б далі зразумець, што крана становіцца на іншыя рэйкі, то мясцовыя ўлады паводзяць сябе так, як паводзяць”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG