Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Суквецьці” – польская дыяспара ў Беларусі


У межах агульнанацыянальнай кампаніі “Будзьма!” у Горадні і Ваўкавыску прайшла прэзэнтацыя дакумэнтальна-публіцыстычнага фільму “Палякі”, зьнятага незалежнай тэлестудыяй “Брэндстар” пра польскую дыяспару ў Беларусі. Праз тыдзень фільм пакажуць у Менску, потым у Паставах, Глыбокім, іншых гарадах.

Адзін з аўтараў фільму “Палякі”, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч распавёў, што гэта ўжо другі фільм з праекту “Суквецьце”, прысьвечаны нацыянальным меншасьцям. Першы фільм з “Суквецьця” быў пра габрэяў і называўся “Шэсьць вякоў на беларускай зямлі”. Ён стаў ляўрэатам міжнароднага конкурсу на лепшае асьвятленьне міжкультурнага і міжнацыянальнага дыялёгу ў СМІ. Пра сваю новую працу распавядае кіраўнік праекту і аўтар сцэнару Антон Астаповіч:

“Другі фільм мы вырашылі прысьвяціць палякам, бо таксама этнічная дыяспара вельмі цікавая, зь вельмі цікавымі каранямі, паходжаньнем. І, па-другое, сучаснае іх жыцьцё і дзейнасьць у Беларусі таксама неадназначная, таму што ў 2005 годзе адбыўся раскол Саюзу палякаў. Хацелася агучыць і гэту праблему – як раскол адбіўся на іх дзейнасьці? І гэтая праблема паднятая не на карысьць афіцыйнага Зьвязу палякаў”.

Антон Астаповіч выказаў шкадаваньне, што фільм давялося рабіць на расейскай мове, бо інвэстары гэтага цыклю пажадалі, каб усе стужкі рабіліся па-расейску:

“У нас былі праблемы са здымкамі. Некаторыя ўдзельнікі прагаворвалі свае сінхроны па-польску, па-беларуску, потым па-руску, каб выйсьці на больш-менш прыстойны ўзровень расейскай мовы. Ну а ў акцэнце польскім таксама ёсьць своеасаблівая жывасьць”.

Стваральнікі фільму дамовіліся, што стужку пакажуць на незалежным канале “Белсат”. Ёсьць спадзяваньне, што і афіцыйныя каналы яго пакажуць, паведаміў Антон Астаповіч:

“Мы асабліва не чакалі, што фільм будзе зарэгістраваны, але ж ён атрымаў дзяржаўнае пракатнае пасьведчаньне. Паказвалі фільм пэўным кіраўнічым колам першага нацыянальнага тэлеканалу, і было абяцана, што калі будзе зроблены яшчэ трэці фільм, як цыкл пра нацыянальныя меншасьці, у нас бяруць і габрэйскі фільм, і польскі фільм. А трэцюю стужку мы будзем здымаць пра татараў”.

Віктар Вайчук, віцэ-прэзыдэнт ваўкавыскага клюбу “Радзіны польскай” выказаў такое меркаваньне пра стужку:

“Фільм даволі нядрэнны атрымаўся. Але вострыя праблемы ўсе згладжаныя. Цудоўна пададзеная гістарычная даведка пра Польшчу, можна было б яшчэ крыху дадаць, з майго пункту гледжаньня, бо я гісторыяй цікаўлюся. Але на 26 хвілін – цудоўна!”

Намесьнік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Юзэф Пажэцкі кажа:

“Магчыма, стваральнікі глядзелі больш праз прызму самой сытуацыі. На некаторых важных нюансах сканцэнтравалі ўвагу, некаторыя былі зусім ўпушчаныя. Але вельмі добра, што такі фільм быў зьняты і паўстаў”.

Плянуецца зьняць таксама фільмы пра дыяспары літоўцаў, украінцаў, цыганоў, расейцаў, татараў.

XS
SM
MD
LG