Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забродзьдзе: лекі супраць скамяненьня сучасных сэрцаў…


Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 13 студзеня.

Пра мэмарыяльны комплекс у Забродзьдзі на Вілейшчыне, дзе ўшанаваная памяць ахвяраў першай сусьветнай вайны, мне колькі месяцаў таму расказалі мае смаргонскія сябры. І пра яго стваральніка — сябра Саюзу мастакоў СССР і Беларусі спадара Цітовіча. Барыс Барысавіч — удзельнік міжнародных выставаў, мае сотні працаў у жанрах станковай, кніжнай графікі. Ілюстраваў Купалу, Мележа, Цётку, Казько, Карамазава. Быў галоўным мастаком і адным з аўтараў славутага музэя-сядзібы пад адкрытым небам у Дудутках. Зараз робіць росьпісы ў храме Сьвяціцеля Ціхана ў Вілейцы. 33 гады таму пачаў дасьледаваць гісторыю, зьбіраць знаходкі ды ўсталёўваць капліцы на месцах былых баёў, што доўжыліся тут тры гады. Зь першых хвілін суразмоўца ўлавіў, аднак, у маіх вачах адценьне нейкай паблажлівасьці — “ну паказвай, маўляў, чарговыя экспанаты”. І — сказаў жорсткія словы, што прымусілі мяне не распытваць, нават — напружана ўсё ўбіраць у сябе. Слухаць і чуць…

Цітовіч: “На сёньняшні дзень я лічу, што гэта больш важная справа для мяне, чым чыста мастацкая творчасьць. Ёсьць камяні ў нырках, а ў нас акамяненьне сэрцаў. Тое, што мы сёньня нічога ня робім, каб рэанімаваць памяць — наша віна сучасная. Многія кажуць — „а, маскоўская вайна, не датычыць нас!“ Але ў Другой арміі было дзьве трэці беларусаў! Гэта нашы родзічы — 600 тысяч прызвана. Магільнікаў шмат — у мяне ёсьць карта 20 корпуса, дзе пазначаны. Усе былі з імёнамі і вайсковымі званьнямі. Пры бальшавіках усё пайшло ў заняпад, многія зруйнаваліся. У Рускасельлі быў зроблены кар’ер, дзе рэшткі вайскоўцаў, амуніцыі. Ля вёскі Муляры яны раскапаныя „чорнымі капальнікамі“, дзе немцы і шмат было нярускіх. І ў Менску, на Старажоўскім рынку, дзе быў магільнік, гадамі прадавалі сьвіней, сабак, катоў — гэта ўжо грэх, за які трэба будзе адказаць перад Усявышнім. У Забродзьдзі 99 магіл тых, што памерлі ў 1-м шпіталі 29-й пяхотнай дывізіі ад ран і эпідэміі тыфусу. Камень з сэрца можна прыбраць толькі пакаяньнем. Забродзьдзе — маё пакаяньне, пэўна ж…”

Хата-лецішча спадара Цітовіча — на ўскраіне Забродзьдзя, непадалёк ад мэмарыялу. Таму па дарозе перазнаёміўся з большасьцю з 14 жыхароў, што засталіся тут. Вёсачка за некалькі кілямэтраў ад шашы. Дарогу да яе паказала былы заатэхнік, 58-гадовая спадарыня Баражэвіч з бліжэйшых Бараўцаў. Сумуе па працы на зямлі. Але…

Баражэвіч: “Што дрэнна — калгасы не дапамагаюць сельгастэхнікай. Сена нідзе ня ўзяць кароў трымаць. Гавораць людзі — „навошта бульбу саджаць, калі купім і ня трэба бегаць, каб хтосьці заараў, бо апрацаваць — 80 тысяч“. Пэнсія — 300. Летам, хто здаровы, ходзім у грыбы-ягады — заробім яшчэ…”

Спадарыня Вольга паінфармавала, што бадай усе Бараўцы поіць малаком 53-гадовы спадар Шупляк — забродзкі гаспадар, які трымае 17 кароў. Штодзень на досьвітку развозіць па хатах сырадой. Уладзімір Міхайлавіч якраз адпачываў пасьля ранішняй дойкі. Сказаў, што статусу фэрмэра не займеў з-за вядомага ўказу пра немагчымасьць наймаць рабочых. Хоць узяў 4 га зямлі. А вяскоўцаў, што кідаюць штодзённую працу, асуджаць ня трэба.


Шупляк: “У Бараўцах статку няма ў людзей, бо большасьць пэнсіянэраў. Карова — вялікая праца, я займаюся толькі каровамі. Тут была балаціна вялікая — улада не перашкаджала. Таму сажалку выкапаў — усё сьцягнула. Ад хлява паша, абнесеная электрапастухом. Калі летам засуха, „пастуха“ перанёс, ужо яны кормяцца. Уначы ня трэба нікуды ганяць — пастаяць пад ёлкай. У 4 падымаюся, пачынаю дойку, у 6 вязу малако на рэалізацыю. Цяпер меней, а летам — да 200 літраў…”

З гадамі ён усё часьцей узгадвае паэтычны радок — “мне краёў чужых ня трэба, як ні варажы…”

Шупляк: “Я раніцай выходжу, асалода — цішыня. Усе сьпяць, а я ўжо працую. Увесну ніхто ня чуе, а тут жаўрукі пяюць. Чытаю паэзію — Цютчаў, Пушкін, беларускую:

“Сама ласкава сьвецяць зоры і самы цёплы подых начэй.
Усе дарогі вядуць дадому, і ад гэтага жыць лягчэй…”


Нарадзіўся тут, тут і застаўся. З гадамі адчуваю большую адчужанасьць ад гораду. Імчымся ў Эміраты, Турцыю, а што сусед цікава і зьмястоўна жыве побач, ня ведаем. Ня ходзім у свае музэі — сындром натоўпу…“

Спадар Шупляк і ягоная стрыечная сястра Ала распавядаюць, што на 9 траўня тут без усялякіх запрашэньняў зьбіраюцца да паўтысячы чалавек. Гэта — пасьля палісаду Перамогі, які запачаткавалі, у тым ліку і ў памяць Другой сусьветнай, Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч. Апошнім разам, акрамя вілейцаў, прыехалі з Маладэчна, Смаргоні, Менску, Масквы, Ізраілю.

Знаёмяць з суседзямі Цітовіча — 87-гадовым вэтэранам Другой сусьветнай спадаром Аляксандрам Каўцюгом і яго жонкай, спадарыняй Клаўдзіяй. Тыя яшчэ больш інтрыгуюць мяне, пачаўшы без пытаньня:



Спадарства: “Каб не было Барыса, мёртвая была б вёска. Усё — заслуга Цітовіча. Ні тэлефону, ні ТВ, ні газу не было. Едзе ў горад — „мо вам купіць чаго?“ Мой тата памёр, сьвёкар — ён ужо на пахаваньні з партрэтам. Дзякуючы Барысу Барысавічу, квітнее наша Забродзьдзе…”

Спадарства ўспамінае гісторыю вёскі.

Сп. Клаўдзія: “Да калгаса кожны меў каня, карову. Той жыў багата, хто меў 2-3 га. Былі тут паляўнічыя, рыбаловы, кавалі. У Забродзьдзе дзяўчаты замуж імкнуліся, як цяпер за мяжу. (Сьмяецца.) Ніводнага злодзея не было! Пакінь рэч на плоце — згніе, ніхто ня возьме…”

Сп. Аляксандар: “Калгас у 48-м годзе арганізаваўся — „Новае жыцьцё“. 20 гадоў адбу́хаў брыгадзірам. Пэнсія — каб не ваенная, атрымліваў бы тысяч 200. Тады народу было многа — на сена выходзіла ў мяне жанчын 60. У Забродзьдзі было 14 гаспадарак. Тады яшчэ пустыя палачкі ставілі — не атрымлівалі нічога. Потым за год атрымаем мяхі 2-3 зерня і ўсё…”

* * *


У Забродзьдзе я прыехаў з праваабаронцам Алесем Дзергачовым ды студэнтам-філёзафам Алесем Ількевічам з Смаргоні. Ля хаты Цітовіча пазнаёміліся толькі з экзатычным бязрогім казлом Трышкам. Сам жа гаспадар пад’ехаў на “джыпе”, калі мы ўжо пабадзяліся па бярозава-хваёвым гаі, што на тэрыторыі мэмарыялу. Пад кожным дрэвам — шыльдачка з прозьвішчам. Разам сышліся ля надпісаў, прысьвечаных Васілю Быкаву і Алесю Адамовічу. Ззаду неўпрыкмет зьявіўся спадар Барыс — сівавалосы чалавек з блішчастымі вачыма і добрай усьмешкай. Пачаў аповед.

Цітовіч: “У 84 годзе, восеньню, прыяжджаў Быкаў, пасадзіў гэтае дрэва, і Алесь Міхайлавіч Адамовіч. За 10 дзён, як ён памёр, бабры зрэзалі яго дрэўца і сплавілі па рэчцы. Я прыходжу — толькі пянёчак. Мы мусілі таблічку пад бярозку-самасейку паставіць. „Быкаўскае“ дрэўка ўзялося нармальна, мы яго палівалі. Калі на яго ўсякія напады былі, на дрэўцы зьявілася вось гэтая рана — дрэва „заплакала“, пачало хварэць. Абраблялі растворамі і, бачыце, пайшла кара, бо на макушачцы ўсё добра — усё ў сусьвет. Пасьля пасадзілі дрэвы ў гонар вяскоўцаў, якія загінулі. У Другую сусьветную шасьцёра загінулі, тры вярнуліся інвалідамі. У Першую сусьветную тры чалавекі загінулі. У вёсцы 14 хат усяго. Хата, што я купіў — удзельніка Першай сусьветнай Капцюга Васіля Іванавіча, а яго сын Сашка загінуў у траўні 45 году. Магілка ў Польшчы, а ягонае дрэўца тут ёсьць. Такім чынам войны перапляліся. Быкаў, Адамовіч з акадэмікам Паплаўскім цэлы дзень тут былі. Дзякуючы гэтаму дню ёсьць Палісад Перамогі…”

60-гадовы Цітовіч разам з жонкай Валянцінай Пятроўнай — рэжысэрам дзіцячага тэатру — ды сынам Данілам, цяпер скульптарам, пераехалі на сталае жыцьцё ў Забродзьдзе 35 гадоў таму. Напачатку ўспрымалі новае жытло як лецішча. Аж пакуль Барыс Барысавіч не зрабіў першыя знаходкі.

Цітовіч: “У лесе знайшоў невялічкі магільны пагорак — відаць было, што нейкае вайсковае пахаваньне, бруствэр. Распытаў у жыхароў, што было пры лязарэце. І — улез у гэтую тэму. Дайшло, што гэта вялікая трагедыя, і больш трагічна, што забытая. Запусьценьне і безыменства на пагостах з прыходам бальшавікоў. Вайскоўцы тыя потым сталі ўдзельнікамі белага руху — „ворагі“. Але ж гэта былі нашы родзічы. Уявіце праблему ўцекачоў! Але трэба сказаць, што імпэратарская армія іх ня кідала. Пад Смаргоньню спачатку эвакуацыя на вельмі спрыяльных умовах, апісвалі маёмасьць сялян, а потым яе вярталі. І потым вайсковыя справы ішлі. У нас паперы-дазволы вайсковага камандаваньня на шлюб знойдзеныя паміж вайскоўцамі і ўдовамі, маладзіцамі — правяралі, каб не было дваяжонцаў. Каб дзеці-сіроты былі законнымі, не заставаліся без пансіёну. У 2-ю сусьветную мэдальёны, якія знаходзіліся, у ваенкаматах зьнішчалі. „Няма чалавека — няма праблемы“. Ня рыпайся, калі прапаў бязь весткі, што табе нешта належыць. Замоўчвалася…”

Забродзьдзе і навакольныя мясьціны былі ў самым цэнтры трохгадовага процістаяньня імпэратарскай ды кайзэраўскай армій. 810 дзён у 1915-м трымала абарону Смаргонь. Тады ж цар Мікалай даслаў вітальную тэлеграму ў Вялейку, дзе таксама ўдалося спыніць немцаў. У 1916-м тут жа адбыўся Сьвянцянскі прарыў, калі конныя дывізіі вырваліся на Барысаўскі тракт. Мы пераходзім з суразмоўцам у нядаўна пабудаваную драўляную капліцу Барыса і Глеба, кананізаваных праваслаўнай царквой як ахоўнікаў вайскоўцаў. Узьвялі яе мэтадам “народнай будоўлі”, а асьвяціў мітрапаліт Філарэт. Барыс Барысавіч называе паплечнікаў і пералічвае, што зроблена на месцах былых баёў.



Цітовіч: “Старшыня сельсавету, „наш хлопец“ Анатоль Ксенафонтавіч, старшыня СВК „Нарачанскі“ Кучко Генадзь з тэхнікай дапамог, Вілейскі выканкам — грошы далі, будматэрыялы. У нас 7 помнікаў, капліца і званіца. Бараўцы — каплічка на ўспамін душ палеглых стаяла, але Саветы зьнесьлі — мы паставілі новую. У вёсцы Жарсьцьвянка, дзе стаяў вялізны вайсковы лягер „Камарышкі“, 12 брацкіх магіл, 6-мэтровы крыж з валуном і абразом Спаса. Помнік рабілі з дапамогай курсантаў вайсковай Акадэміі бундэсвэра і нашай беларускай — яны ладзілі вэляпрабег па лініях франтоў першай і другой сусьветных войнаў. Капліца тут у нас на месцы дысьлякацыі лязарэта. Побач пакаянны Камень Сораму, які ўсталяваў нямецкі скульптар Піт Наўман. Бацька Піта быў эсэсаўцам, ваяваў супраць нас. А ён сам пацыфіст, з бацькам быў у канфлікце. На камені напісаў просьбу дараваць немцам за два паходы на гэтыя землі…”

Толькі нядаўна Цітовіч, паводле нясьпешнай бюракратычнай традыцыі, атрымаў пасаду навуковага супрацоўніка Вялейскага краязнаўчага музэю. Але афіцыйнага статусу мэмарыял ня мае — гэта толькі “прыродаахоўчая тэрыторыя”. Пра блуканьні па бюракратычных калідорах спадар Барыс гаворыць коратка, твар яго моршчыцца.

Цітовіч: “Вылучылі праект музэя-мэмарыялу Першай сусьветнай вайны. Мадэль такая — па лініі фронту сетка турыстычных маршрутаў: Смаргоншчына, Вілейшчына, Мядзельшчына, Пастаўшчына. Аддзел культуры ня хоча займацца — лішнія клопаты. Калі напісалі ў Міністэрства культуры, адказ быў такі — „трэба будынак, які адпавядае ўмовам захоўваньня экспанатаў“. Размова ж ідзе пра жывы музэй! Тут у нас рэшткі трагедыі, у Расеі архівы, якія могуць пацьвердзіць падзеі. Ёсьць маршрут, і ня трэба ніякіх збудаваньняў! У вёсках паралельна этнаграфічныя, ляндшафтныя рэчы. Быў у нас сэмінар дырэктараў краязнаўчых музэяў вобласьці, усе ўголас сказалі, што „ў вас гатовы мэмарыяльны музэй“. 95 гадоў ад пачатку першай сусьветнай, і 100-годзьдзе хутка.”



Мы доўга маўчалі на зваротным шляху. Потым мае спадарожнікі Алесь Дзергачоў і Алесь Ількевіч загаварылі разам.

Дзергачоў: “Барыс Барысавіч — носьбіт інтэграцыі Беларусі не ў Расею, а ў Сусьвет…”

Ількевіч: “Для мяне ён вольны, творчы чалавек, інтэлігент у поўным сэнсе слова. Для яго зьнешнія абставіны ня граюць ролі. Ён застанецца сабой у любых зь іх. Калі людзі імкнуцца да публічных праяў сваёй творчасьці, да яго сьвет прыйшоў сам. Паўтары тысячы, што прыяжджаюць у глухую вёску штосэзон, шмат пра што сьведчаць. Чалавек, які пагарджае спажывецкімі ідэаламі і ў 25 гадоў з-за гэтага выехаў зь Менску і стварыў тое, што стварыў — усё само за сабе гаворыць…”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG