Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады абяцаюць правесьці масавыя праверкі гандлю, каб высьветліць прычыны рэзкага росту цэнаў на імпартныя тавары. Ці даюць плён адміністратыўныя мэтады змаганьня з ростам цэнаў? Чаму ў Беларусі цэны растуць нават тады, калі ў сьвеце падаюць? Як павядуць сябе цэны ў час эканамічнага крызісу — што будзе даражэць, а што патаньнее? На гэтыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказваюць эканаміст Леанід Злотнікаў і выкладчык Беларускага нацыянальна-тэхнічнага ўнівэрсытэту Аляксандар Кавалёў.


Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў:
“Намесьнік міністра эканомікі Ўладзімер Адашкевіч паведаміў, што ўлады маюць намер правесьці масавыя праверкі ў гандлю, каб высьветліць прычыны рэзкага росту цэнаў на імпартныя тавары. Некаторыя харчовыя прадукты падаражэлі на 40—50 працэнтаў: напрыклад, рыба, мандарыны, кава. Ці ўдасца ўладам адміністратыўнымі мэтадамі вярнуць цэны назад? Наколькі такія мэтады адпавядаюць абвешчанай палітыцы лібэралізацыі эканомікі?”

“У выніку “кантролю” за цэнамі ў Беларусі цэны заўжды большыя, чым у суседзяў”

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў: “І ў іншых краінах улады працуюць дзеля таго, каб цэны не падвышаліся. Але там гэта робіцца мэтадамі грашова-крэдытнай палітыкі і разьвіцьця канкурэнцыі — гэта самае галоўнае. У Беларусі такімі мэтадамі ня дзейнічаюць — у Беларусі шмат чыноўнікаў, якія правяраюць, кантралююць і караюць. У выніку ў Беларусі цэны заўжды большыя, чым у суседзяў. Такім чынам, беларускія мэтады самыя неэфэктыўныя — але ўлады працягваюць імі карыстацца. Ніяк улады не зразумеюць, што трэба рабіць тое, што робяць іншыя краіны”.

Цыганкоў: “Які балянс павінен быць паміж адміністратыўнымі і рынкавымі спосабамі барацьбы з ростам цэнаў?”

Аляксандар Кавалёў
Аляксандар Кавалёў: “Ніякія адміністратыўныя захады ніколі не прыводзілі да зьніжэньня цэнаў, акрамя вядомых гісторыяў з часоў францускай рэвалюцыі, калі да парушальніка “стасавалі” гільятыну. Цэны будуць на тым узроўні, які спажыўцы гатовыя плаціць. Калі б была канкурэнцыя, то кошты б зьніжаліся. У Беларусі канкурэнцыі недастаткова.

Але варта разумець, што цэны на імпартныя прадукты харчаваньня залежаць ад курсу нацыянальнай валюты. І калі прайшла дэвальвацыя, то кошты на імпартныя тавары, безумоўна, будуць расьці”.

“Барацьба зь імпартам заўсёды прыводзіць да зьніжэньня ўзроўню жыцьця”

Цыганкоў: “Вы кажаце пра рынкавыя спосабы ўплыву на цэны. Але ў заходніх краінах, дзе ёсьць і канкурэнцыя, і добрае антыманапольнае заканадаўства, летась, калі ва ўсім сьвеце здарыўся харчовы крызіс, цэны таксама вырасьлі. Значыць, і рынкавыя мэтады не заўсёды дапамагаюць?”

Ніякія адміністратыўныя захады ніколі не прыводзілі да зьніжэньня цэнаў, акрамя вядомых гісторыяў з часоў францускай рэвалюцыі, калі да парушальніка “стасавалі” гільятыну
Злотнікаў:
“Напрыканцы 2007 году цэны на харчаваньне, сапраўды, у сьвеце значна павысіліся. Але ў другой палове 2008 году яны істотна зьнізіліся шмат у якіх краінах, акрамя Беларусі.

Чаму ў Беларусі цэны не зьніжаюцца нават тады, калі яны зьніжаюцца ў іншых краінах? Бо ў Беларусі ўрад вырашае свае праблемы часткова за кошт насельніцтва. Гэта і інфляцыя, і барацьба зь імпартам. Але барацьба зь імпартам заўсёды прыводзіць да зьніжэньня ўзроўню жыцьця ў тых краінах, дзе зь ім змагаюцца. Такімі крокамі ўрад падтрымлівае неэфэктыўную эканоміку”.

Цыганкоў: “Наколькі рэальным выглядае афіцыйны прагноз інфляцыі на гэты год, паводле якога яна павінна скласьці 9—11 працэнтаў? Што мае шанцы патаньнець? Павінны ж падчас крызісу нейкія тавары таньнець...”

“Прагназую 25—28 працэнтаў гадавой інфляцыі”

Кавалёў: “Аніякіх 10 працэнтаў ня будзе. З-за дэвальвацыі будуць даражэць ня толькі імпартныя, але і беларускія тавары. Я б прагназаваў 25—28 працэнтаў.

Што да розных таварных групаў, то, безумоўна, будуць тавары, якія будуць таньнець. Калі, напрыклад, у Японіі пачалася рэцэсія, то за некалькі гадоў кошт нерухомасьці ўпаў на 45 працэнтаў. Тыя крокі, якія пачалі рабіць беларускія банкі — падняцьце крэдытнай стаўкі на жыльлёвае будаўніцтва — будуць абмяжоўваць кошты на жыльлё. Арганізацыі, якія будавалі жыльлё за кошт уласных сродкаў, будуць пагаджацца на меншыя прыбыткі і прадаваць жыльлё таньней.

Заробкі намінальна могуць нават расьці, але цэны будуць абганяць гэтыя заробкі. Таму рэальна пакупніцкая здольнасьць насельніцтва можа падаць нават у адносінах да тэлевізара ды іншай тэхнікі, якая таньнее ва ўсіх краінах.
Па-другое, у тэрмінах адносных цэнаў (намінальныя цэны і тут будуць расьці) павінны таньнець і тавары доўгатэрміновага карыстаньня — тыя ж лядоўні, тэлевізары. Бо калі ва ўмовах крызісу ў людзей ня будзе хапаць грошай, то больш будуць выдаткоўваць на харчаваньне. Попыт на вялікія тавары ўпадзе, таму і цэны на іх у сярэдзіне году павінны ўпасьці”.

Злотнікаў: “Пераносіць досьвед іншых краінаў на Беларусь нельга, бо тут асаблівыя ўмовы. У іншых краінах падчас крызісу цэны падаюць амаль на ўсё, і гэта нармальная зьява. Але ў нас урад зноў будзе вырашаць праблемы за кошт інфляцыі — гэта значыць за кошт насельніцтва.

Трэба адрозьніваць даходы насельніцтва рэальныя і намінальныя. Заробкі намінальна могуць нават расьці, але цэны будуць абганяць гэтыя заробкі. Таму рэальна пакупніцкая здольнасьць насельніцтва можа падаць нават у адносінах да тэлевізара ды іншай тэхнікі, якая таньнее ва ўсіх краінах. І калі ў людзей зьнізіцца пакупная здольнасьць, то таньнейшымі для іх гэтыя тавары ня стануць”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG